Атака на недзяржаўныя арганізацыі. Ліквідацыя Беларускай асацыяцыі журналістаў


Улады працягваюць знішчаць грамадскія аб’яднанні. Сёння Вярхоўны Суд ліквідаваў Беларускую асацыяцыю журналістаў. Ліквідацыю Таварыства Беларускай Мовы адклалі на нявызначаны тэрмін. Агулам, паводле ацэнак экспертаў, ліквідавалі некалькі соцень грамадскіх арганізацыяў і фондаў. Аднак падводзіць вынікі кампаніі яшчэ рана.

Адно з двух аб’яднанняў журналістаў закрываецца. Вярхоўны Суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Улады знішчаюць грамадскую супольнасць, улады знішчаюць медыі. Улады распраўляюцца з тымі арганізацыямі, з тымі структурамі, якія многія гады прыносілі карысць Беларусі», – падкрэслівае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

БАЖ паўстала 26 гадоў таму як абʼяднанне журналістаў недзяржаўных медыяў і альтэрнатыва прадзяржаўнаму Саюзу журналістаў. Асацыяцыя займалася навучаннем, падтрыманнем і суправаджэннем журналістаў, блогераў і медыяпраектаў. Пасля леташніх выбараў БАЖ актыўна ўдзельнічала ў абароне незалежных журналістаў, якія трапілі пад жорсткія рэпрэсіі ўладаў. Пад прэсінг трапіла і сама арганізацыя. У яе офісе сілавікі правялі два ператрусы з выманнем абсталявання і дакументаў. Пасля другога ператрусу офіс апячаталі. Асацыяцыя не змагла перадаць УСІХ неабходных папераў для справаздачы ў Мінюст. Гэта і стала фармальнаю нагодаю для пазову аб ліквідацыі.

«Уся беларускай журналістыка, канечне, губляе, але яна губляе цэлы год ад рэпрэсіяў, ад ціску. Таму гэта яшчэ адзін крок на шляху пагаршэння сітуацыі», – перакананы Барыс Гарэцкі.

У выпадку ліквідацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны не спыніць сваёй дзейнасці, запэўніваюць у арганізацыі. Больш за 30 гадоў таварыства займалася адраджэннем і папулярызацыяй беларускай мовы і культуры. 14 ліпеня ў яго офісе прайшоў ператрус, а Мінюст запатрабаваў ліквідацыі. Сёння Вярхоўны Суд адклаў разгляд пазову на нявызначаны тэрмін.

«Тое, што сёння ўлада спрабуе забараніць нашую арганізацыю, ліквідаваць яе, дае нам падставы дзейнічаць па справядлівасці, не азіраючыся на незаконныя патрабаванні. 236 Мы будзем шукаць усе магчымасці, каб працягваць сваю дзейнасць легальна», – старшыня ТБМ Алена Анісім.

Атаку на грамадскія арганізацыі ўлады пачалі ў ліпені пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі аб выкрытых спячых тэрарыстычных ячэйках. Неўзабаве сілавікі заявілі пра пачатак шырокамаштабнай аперацыі. У адзін дзень у офісах і кватэрах актывістаў больш чым паўсотні НДА прайшлі ператрусы. Затым пачалася ліквідацыя.

«У Беларусі на момант пачатку працэсу ліквідацыі было больш за 3000 грамадскіх аб’яднанняў. Больш за 250 фондаў і некалькі сотняў некамерцыйных арганізацыяў, зарэгістраваных у форме ўстановаў. Можна казаць, што недзе 10 % зарэгістраваных арганізацыяў ліквідацыя альбо часовае прыпыненне дзейнасці зараз закранае», – адзначае палітолаг Юры Чавусаў.

На гэты момант суды і органы ўлады разглядаюць справы аб ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і шэрагу праваабарончых арганізацыяў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»