Антырэкорд занятасці: куды знікаюць тысячы працаўнікоў?


У калгасе добра жыць: адзін робіць, сем ляжыць. Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў звесткі пра занятасць беларусаў у эканоміцы, з якіх вынікае новы гістарычны антырэкорд: працуюць толькі 4 мільёны 200 тысяч грамадзянаў. Яшчэ 5 мільёнаў беларусаў не занятыя ў гаспадарцы. І працаўнікоў менее з кожным месяцам. Што гэта азначае для астатніх?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Беларусі ўсё менш і менш працаўнікоў. Дакладней, занятых у гаспадарцы грамадзянаў. Гэта тыя, хто працуе на поўную стаўку ці часткова. Гэта людзі ў дэкрэтным адпачынку. І яны знікаюць з радараў дзяржаўнай статыстычнай службы па некалькі тысячаў за месяц. Але куды ж яны дзяваюцца?

Апошнія звесткі аб колькасці занятых у сераду апублікаваў Белстат – Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі:

«Узровень занятасці насельніцтва Беларусі (доля занятага насельніцтва ў колькасць насельніцтва ва ўзросце 15−74 гады) у ІІ квартале 2022 г. склаў 67,8 %, узровень беспрацоўя – 3,7 % ад колькасці працоўнай сілы. У чэрвені ў эканоміцы Беларусі было занята 4 206 800 чалавек».

Гэтая лічба 4 206 800 – гістарычна нізкі паказнік для Беларусі. Пры гэтым колькасць занятых няўхільна зніжаецца не першы год. Толькі ў лютым быў статыстычны прырост.

«Калі мы пачалі нашую незалежнасць з 10,2 млн насельніцтва Беларусі, і сярод іх 5,2 было занятых у гаспадарцы, то па сутнасці мы за гэтыя 30 гадоў страцілі мільён насельніцтва, так і мільён занятых у эканоміцы», – тлумачыць прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч.

Але гэта не проста статыстыка. Гэта колькасць зробленых тавараў і паслугаў, гэта колькасць грошай у пенсійным фондзе Беларусі. Чым менш працаўнікоў, тым горш і бюджэтнікам.

«Дзяржава мае менш падатковых адлічэнняў, з’яўляюцца складанасці з сацыяльнай абаронай, чалавек губляе частку свайго права на пенсійнае забеспячэнне», – пералічвае эфект эканаміст Леў Марголін.

Як падлічылі журналісты, толькі за апошні месяц у Беларусі зніклі 5800 працаўнікоў, улічаных Белстатам.

Справа не ва ўвядзенні новых тэхналогіяў ці рабатызацыі, тлумачыць эканаміст Леў Марголін. Перадусім гэта скарачэнне працоўных месцаў – да 70 тысячаў за год.

«Гэта адбываецца тады, калі прадпрыемства не можа рэалізаваць сваю прадукцыю ў поўным абʼёме, і вымушана скарачаць вытворчасць. Адпаведна, скарачаць і працоўныя месцы», – тлумачыць эканаміст.

Як тлумачыць адмысловец, тыя, каго скарацілі, калі не знаходзяць афіцыйную працу, працуюць неафіцыйна. Або жывуць са свайго агароду. Або едуць на заробкі. Раней ехалі ў Расею, цяпер у Еўразвяз.

Прасцей за ўсё рэлакавацца айцішнікам – ноўтбук у торбу і паехаў, працаваць можна дыстанцыйна.

«Калі мы паглядзім на колькасць занятых у ІТ-сектары, то гэтую лічбу ацэньвалі ў 125 тысяч чалавек. Пры гэтым выехалі прыкладна 25 тысячаў», – прыгадвае Аляксандр Кныровіч.

Кваліфікаваных спецыялістаў заўжды запрашалі паводле адмысловых візавых праграмаў.

«Быў такі адток, ён заўсёды быў», – тлумачыць былы галоўны санітарны доктар Менску Іван Вайтовіч.

Але ўсё моцна змянілася пасля 2020 года, тлумачыць Іван Вайтовіч. Ён разам з сямʼёй быў вымушаны зʼехаць з Беларусі. Цяпер у Варшаве займаецца бізнесам, грамадскімі ініцыятывамі, а таксама дапамагае суайчыннікам адаптавацца да жыцця пасля рэпрэсіяў. У тым ліку сябрам-медыкам.

«Мы ведаем, што ў Польшчы таксама існуе адток кадравы ў іншыя краіны, у Нямеччыну і інш. Таму ў нас ёсць магчымасць у беларусаў прыйсці сюды, ёсць вакансіі», – кажа Іван Вайтовіч.

Медыкі-адмыслоўцы высокай кваліфікацыі ў Польшчы могуць разлічаць на высокі заробак, тлумачыць Іван Вайтовіч. Таксама ёсць сябры, якія памянялі скальпель на ровар. Беларускія лекары ў Польшчы працуюць курʼерамі ці таксістамі, пакуль вучаць мову і пацвярджаюць медычную кваліфікацыю.

«Калі ён працуе не як лекар, а чымсьці іншым, але я з ім кантактую, бачу, што стала значна лягчэй. У Беларусі было цяжка, але не таму, што зарплата нізкая, а таму, што быў цяжар, які ціснуў, пагроза пераследу», – тлумачыць Іван Вайтовіч.

У Беларусі масавыя рэпрэсіі супраць медыкаў не спыніліся, яны працягваюцца і цяпер, тлумачыць Іван Вайтовіч. Кажа, мы нават не пра ўсе арышты ведаем. У выніку лекары едуць за мяжу ці сядзяць у турме. А грамадзяне месяцамі чакаюць складаную аперацыю. Цяжка трапіць на прыём не толькі да спецыяліста, а нават да тэрапеўта ў паліклініцы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»