Расея экстрадуе беларускіх палітвязняў


Удзел у масавых закалотах, гвалт у дачыненні супрацоўнікаў праваахоўных органаў і непадпарадкаванне сілавікам – паводле такіх артыкулаў праходзяць беларусы пад вартай у Расеі. Усе справы звязаныя з леташнімі пратэстамі ў жніўні. Усіх, хто паводле іх праходзіць, затрымалі ў пачатку года на патрабаванне беларускага боку. Двое зняволеных цяпер у маскоўскім СІЗА.

Першы кандыдат на выдачу ўладам – антыфашыст Андрэй Казіміраў з Берасця. Паводле праваабаронцаў, да лета мінулага года ён шчыльна займаўся палітыкай. Андрэю ўсяго 21 год, яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. За гэта на радзіме ён можа атрымаць да 8-мі гадоў зняволення. Праз некалькі дзён яго чакае апеляцыйны суд у Маскве і, калі скаргі не задаволяць, неадкладная экстрадыцыя.

«Канечне ж, маецца на ўвазе, што нельга чалавека экстрадаваць без судовага рашэння, але, як мы ведаем, у выпадку з Аляксеем Кудзіным гэта ні для каго не сталася перашкодай. І ў той жа дзень яго ўвезлі машынамі ФСВП», – кажа кіраўнік праекту дапамогі беларускім уцекачам «Гражданское содействие» Дзіна Мусіна.

Яшчэ адзін кандыдат на экстрадыцыю – кікбаксёр Яўген Шабалюк. У наступным месяцы канчаецца ягоны тэрмін утрымання ў СІЗА. Гісторыя Яўгена падобная да гісторыі Аляксея Кудзіна: абодва прафесійныя байцы, абодвух вінавацяць у супраціве сілавікам, абодвух затрымалі ў Маскве. Шабалюку пагражае да 5-ці гадоў калоніі. Суд першай інстанцыі адбудзецца 11-га жніўня, абскарджваць рашэнне Генеральнай пракуратуры аб экстрадыцыі спартовец будзе год. Верагоднасць таго, што ён паўторыць лёс Кудзіна, вялікая, кажуць праваабаронцы.

«Альбо яго будуць трымаць да вызвалення, альбо яго таксама, як Кудзіна, адвязуць. І пакуль што мы схіляемся да таго, што яго будуць адвозіць, калі, вядома, нашыя адвакацкія захады, якія мы ажыццяўляем, нейкім чынам не дапамогуць гэта спыніць», – апавядае кіраўнік прававых праграм Маскоўскай Хельсінскай групы Раман Кісялёў.

Закрыць экстрадыцыйныя справы ў Расеі ўдаецца нячаста – краіна даволі рэдка адмаўляецца перадаваць грамадзянаў Беларусі. Але ёсць прыклады, калі Правіла 39 рэгламенту ЕСПЧ спрацоўвае і людзей пакідаюць у Расеі. Гэтак адбылося з адміністратарам тэлеграм-чату «Лида для жизни» Мікалаем Давідчыкам. У канцы красавіка Генпракуратура адмовілася выдаваць яго ўладам Беларусі. Давідчыка выпусцілі і прызначылі штраф – каля 70-ці долараў.

«Так ці інакш прававыя дзеянні маюць толк. Проста мы ў Расеі, і трэба мець на ўвазе, што яны маюць лімітаваны толк», – дадае Раман Кісялёў.

Нават калі экстрадыцыя непазбежная, праваабаронцы дапамагаюць максімальна адцягнуць гэты момант. Паводле Дзіны Мусінай, якая дапамагае беларускім уцекачам, у расейскіх СІЗА жыццё значна лепшае – да іх ня ставяцца жорстка і яны могуць пісаць лісты.

«Таму, канечне ж, нават калі яны гатовыя да адбывання пакарання ў Беларусі, яны хочуць максімальна правесці свой час у Расеі. Бо яны дакладна разумеюць, што ў Беларусі ў турме іх будуць катаваць», – кажа кіраўнік праекту дапамогі беларускім уцекачам «Гражданское содействие» Дзіна Мусіна.

Аксана Гандзюк, Надзея Бельская belsat.eu