Новыя змены ў крымінальны кодэкс пагоршаць умовы ўтрымання зняволеных


Эксперымент ад Прававой ініцыятывы і Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі. Арганізатары запрасілі ахвочых правесці шэсць гадзінаў у камеры ў будынку былой турмы савецкага КДБ у Вільні. Акцыя прымеркаваная да Тыдня супраць катаванняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цяпер у будынку былога КДБ – музей, аднак антураж захаваўся ў першапачатковым выглядзе і нагадвае беларускія месцы зняволення.

«У турмах створаныя бесчалавечныя ўмовы. Выкарыстоўваецца гвалт як фізічны, так і псіхалагічны. Мы хочам з дапамогай гэтага эксперыменту прыцягнуць увагу да таго, што адбываецца ў Беларусі», – кажа арганізатарка акцыі Таццяна.

Адзін з удзельнікаў эксперыменту, былы палітвязень Ілля Міронаў, падзяліўся сваімі ўражаннямі:

«Магу сказаць, што камера ізалятару часовага ўтрымання Гомля, куды змяшчаюць людзей за адміністратыўныя правапарушэнні, нашмат горшая. Гэта проста версія-лайт».

Між тым, сёлета з дванаццатага ліпеня ў Беларусі пачнуць дзеяць змены ў Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксах. Галоўным новаўвядзеннем праваабаронцы называюць павелічэнне на пяць дзён аднаразовага максімальнага тэрміну пакарання штрафным ізалятарам. То бок з дзесяці да пятнаццаці содняў.

«Гэта, відавочна, захады, які будуць выкарыстоўвацца супраць палітычных вязняў. Гэта чарговая магчымасць ціску на людзей і чарговая магчымасць іх ізаляваць. Галоўнае, што, з пункту гледжання рэжыму Лукашэнкі, гэта ўсё будзе законна», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Паводле праваабаронцаў, асабліва цяжка прыйдзецца палітзняволеным, якія спрабуюць у экстрэмальных умовах лукашэнкаўскіх турмаў адстойваць уласныя гонар і годнасць. Менавіта яны найчасцей трапляюць у ШІЗА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Папраўчая калонія №5. Івацэвічы, Беларусь.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

«У гэтых карцарах, калі казаць пра зімні перыяд, вельмі-вельмі халодна. Я таксама, хоць быў і летам, проста дрыжаў ад холаду. Бо сподняе забіраюць. Там выдаюць са шклаваты такую піжаму, штаны – і ўсё. Проста немагчыма спаць, у тым ліку таму, што лютуе холад», – дадае былы палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка.

«10-15 содняў яны застаюцца на голым жалезе. Іх чатыры разы за ноч будзяць, яны мусяць падысці да дзвярэй, сказаць свае імя і прозвішча. Гэтак катуюць, святло гарыць круглыя содні», – дадае Ілля Міронаў.

З прынятай жа ў беларускіх рэаліях практыкі адным тэрмінам у карцары часта не абыходзіцца.

«Фактычна чалавек можа там 15 содняў прабыць, ці нават некалькі содняў на агульным рэжыме, і потым ізноў трапіць у ШІЗА. Ізноў на 15 содняў. Пры гэтым ён цудоўна разумее, што гэта за ўмовы ўтрымання, і такім чынам некаторых людзей будуць спрабаваць зламаць», – упэўнены Уладзімір Жыгар.

Прынамсі на паперы плануюцца і станоўчыя змены ў заканадаўства. Гэтак, зняволеныя змогуць атрымліваць дзве рэчавыя пасылкі замест адной на год. Дазволяць замяніць кароткачасовае спатканне на відэазванок працягласцю шэсцьдзесят хвілінаў.

«Як кажуць, “гладко было на бумаге да попали мы в овраги”. Я адседзеў увесь тэрмін са статусам злоснага парушальніка, які не стаў на шлях выпраўлення. Штучна мяне такім зрабілі, накідаўшы сем адразу спагнанняў. Я адседзеў без аніводнага спаткання з сям’ёй, без адзінага відэатэлефанавання. Нават харчовых перадачаў пазбаўлялі», – сведчыць Леанід Судаленка.

Змены закрануць таксама і асуджаных на так званую хімію. Для іх максімальны тэрмін аднаразовай дысцыплінарнай ізаляцыі таксама павялічваюць на пяць содняў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»