Як Расея правакуе харчовы крызіс


Ва Украіне застаюцца мільёны тон збожжа, якія ўсё яшчэ могуць палегчыць харчовы крызіс і перадухіліць голад у краінах Азіі ды Афрыкі. Праз заблакаваныя расейскімі сіламі марскія парты свет страціў доступ да аднаго з найбуйнейшых экспарцёраў збожжа. У той жа час журналісты знаходзяць усё новыя доказы таго, што на акупаваных тэрыторыях расейцы крадуць украінскае збожжа, якое пасля прадаюць як расейскае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Не менш за 400 тысяч тон збожжа Расея вывезла з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Такія лічбы называе ўкраінскае Міністэрства аграрнай палітыкі і харчавання. І дадае: дакладна сказаць, што з астатнім збожжам, а гэта каля мільёна тон, можна будзе толькі пасля дэакупацыі.

«У акупаванай Расеяй Украіне крамлёўская армія канфіскуе збожжавыя запасы і абсталяванне – некаторым гэта нагадала цёмнае мінулае, часы канфіскацыі ўраджаю Саветамі і спусташальнага голаду 1930-х гадоў. Сёння расейская артылерыя абстрэльвае збожжавыя склады ва Украіне – наўмысна», – кажа старшыня Еўрапейскай Камісіі Урзуля Фон Дэр Ляен.

Журналісты BBC звязаліся з больш чым двумастамі фермерамі з акупаванай Расеяй тэрыторыі. Толькі некалькі пагадзіліся размаўляць. Адзін з іх сведчыць, што расейцы скралі ягонае збожжа, а акрамя гэтага разбурылі памяшканні і знішчылі абсталяванне. На двух скрадзеных зернявозах былі пастаўленыя GPS-трэкеры. Яны паказалі, што тэхніка спачатку апынулася ў Крыме, а потым і ў Расеі.

Расейцы знішчылі склад са збожжам ў Днепрапятроўскай вобласці. Скрыншот з відэа: Україна 24 / Telegram

Украінскія эксперты сцвярджаюць, што скрадзенае зерне змешваецца з расейскім і экспартуецца з расейскімі сертыфікатамі. Адным з пакупнікоў называецца Турцыя, хаця сама Турцыя гэта адмаўляе. Тым часам збожжавыя сховішчы свабоднай Украіны ўжо не ўмяшчаюць прызначаны для продажу ўраджай.

«Мы разумеем, што праблема, але я думаю, ёсць жа дзяржавы ў свеце, чаму яны нічога не бачаць, нічога не разумеюць, – выказваецца ўкраінскі фермер Уладзімір Стрыга. – Трэба ж, каб дапамагалі нам трохі, а як мы самі… Ёсць сусветныя дзяржавы, ёсць Еўразвяз, ёсць Злучаныя Штаты Амерыкі, трэба, каб яны дапамаглі нам. Ёсць Турцыя, якая кажа, што дапаможа, а ці дапаможа, ну мы думаем, што так, але хто яго ведае…»

Чарнаморскія парты, праз якія збожжавыя культуры з Украіны адпраўляліся за мяжу, з 24-га лютага заблакаваныя расейскімі сіламі. А праз тое, што Украіна ёсць адным з найбуйнейшых пастаўляльнікаў збожжа ў свеце, эксперты прагназуюць абвастрэнне голаду, сацыяльныя хваляванні і ўсплёск інфляцыі.

Паводле прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, свет чакае жорсткі харчовы крызіс і голад: «Голад у многіх краінах Азіі і Афрыкі. Услед за дэфіцытам харчоў немінуча прыйдзе палітычны хаос, што можа прывесці да падзення многіх урадаў і краху многіх палітыкаў».

Са сваімі замежнымі партнёрамі Украіна пачала пільна шукаць спосабы вывазу збожжа праз заходнія межы – з Польшчай, Славаччынай, Вугоршчынай, Румыніяй і Малдовай. Аднак часу на альтэрнатыўныя варыянты няшмат: недахоп харчоў у свеце павялічваецца. Наступствы вайны ва Украіне ўжо адчулі і без таго ўразлівыя пласты насельніцтва ў рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Напрыклад, у Ліване, дзе 80 адсоткаў насельніцтва жывуць за мяжою беднасці. Праз падаражэнне жыхары рэгіёну не змогуць дазволіць сабе харчавацца так, як раней.

«Мы баімся росту цэнаў, асабліва на муку, – каментуе кіраўнік сеткі пякарняў у Газе Валід Эль-эфрангі. – Гэта будзе вялізны крызіс, асабліва для ўладальнікаў пякарняў. Мы нясём страты, і ніхто іх нам не кампенсуе, пры гэтым мы не можам падняць цану на хлеб, бо людзі ў Газе сутыкнуліся з блакадаю і цяжкімі абставінамі».

Адказнасць за сусветны харчовы крызіс краіны «Вялікай сямёркі» «афіцыйна» ўсклалі на Расею. Расея свой удзел, вядома ж, адмаўляе. Шматлікія заклікі разблакаваць парты – ігнаруе.