У беларускіх райцэнтрах з кранаў цячэ брудная вада


Права на пітную ваду – неад’емнае паводле беларускага заканадаўства. Аднак у краіне, дзе не да законаў, нават на такія базавыя для жыцця рэчы могуць разлічваць не ўсе. Гэтак, жыхары некалькіх райцэнтраў зноў скардзяцца на бруд, што цячэ ў іх з кранаў замест вады. Чаму чыноўнікі бяздзейнічаюць і як у такой сітуацыі адстаяць свае правы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Заканчваецца пяты месяц Года якасці, а брудная вада ў дамах беларусаў дасюль застаецца нормаю. Рэкардсменам у гэтым пытанні зʼяўляецца Гомельшчына. Гэтак, у Хойніках на вуліцы Жукава ўжо два месяцы з кранаў цячэ ржавая вадкасць. Мясцовыя жыхары скардзяцца ў тэлеграм-каналах.

«Чаму не робяць пераразліку вады? Чаму мы плацім за такую ваду? Як у ёй мыцца? Як у ёй дзіця мыць? Я стамілася ўжо тэлефанаваць у “115”!!! Гэта не кажучы ўжо пра тое, што пасля іржы застаюцца сляды!!!» – скардзіцца мясцовая жыхарка.

Горшаю сітуацыя падаецца ў Брагіне, дзе вада цёмна-рудога, фактычна чорнага колеру. А ў Ельску мясцовыя жыхары ў адказ на бяздзейнасць камунальных службаў правялі ў сацыяльных сетках флэш-моб, паказаўшы ваду ў сваім жытле. Яна таксама аказалася няякаснаю.

«Значна пагоршылася зваротная сувязь з людзьмі і, акрамя гэтага, бюджэтныя сродкі выдаткоўваюцца не зусім так, як да 2020 года. Мы бачым, што ўсё больш пераразмяркоўваецца на карысць сілавога блоку, на ідэалагічныя мерапрыемствы. І ўсё менш сродкаў на такія побытавыя праблемы, якія патрабуюць рашэння тут і цяпер», – мяркуе эксперт у мясцовым кіраванні Зміцер Кухлей.

У Рагачове кіраўніца мясцовага ЖКГ на скаргі грамадзянаў на брудную ваду заклікала іх «не паддавацца на правакацыі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: wirestock / Freepik

«Вынік ад іх нулявы. Ведаеце, да чаго яны прыводзяць? Да таго, што людзі, задзеяныя ў практычным рашэнні праблемы, будуць браць удзел у чарговых нарадах у гэтым пытанні і падрыхтоўцы пісьмовай інфармацыі. Вельмі просім, дайце людзям папрацаваць і выканаць тое, што намецілі!» – заявіла намесніца кіраўніка аддзелу ЖКГ Рагачоўскага райвыканкаму Святлана Казакевіч.

Праблемы з вадой у райцэнтры назіраюцца са студзеня. Адказ чыноўніцы ж з’явіўся толькі ў траўні, пасля таго як адзін з мясцовых жыхароў абвінаваціў камунальнікаў у нядбайнасці і прыстрашыў тым, што звернецца па дапамогу ў вобласць.

«Дзяржава ўжо не ў стане рэагаваць на ўсе гэтыя праблемы, якія паступаюць ад людзей… І таму яны спрабуюць запалохаць, каб менш было зваротаў, і звяртаюць увагу на тое, што гэта нібыта правакацыя. Насамрэч брудная вада – гэта правакацыя чыноўнікаў, якія дагэтуль не могуць вырашыць такую простую праблему, якая звычайна вырашаецца цягам некалькіх содняў», – мяркуе эксперт у мясцовым кіраванні Зміцер Кухлей.

Але што рабіць грамадзянам, калі чыноўнікі на месцах не развязваюць іхных праблемаў? Паводле праваабаронцы, неабходна звярнуцца ў пракуратуру, Камітэт дзяржаўнага кантролю ці ў суд. Пры гэтым адной толькі вашай заявы пра няякасныя паслугі «Водаканалу» гэтым інстанцыям не хопіць.

«Неабходна заручыцца доказамі, якая гэта цячэ вада. Зняць відэа, здаць гэтую ваду на правядзенне аналізу, каб паглядзець, колькі ў ёй прымесяў – дапушчальна ці не. І можна смела ісці ў суд – адстойваць свае правы», – кажа праваабаронца Павел Левінаў.

У гэты ж час, паводле эксперта, «Водаканал» абавязаны падвозіць пацярпелым чыстую пітную ваду. Альбо зрабіць пераразлік камунальных аплатаў і зняць налічэнне за той перыяд, пакуль вада была няякаснаю.

Наста Печанькова, «Белсат»