Гітанас Наўседа перамог на выбарах


Гітанаса Наўседу пераабралі прэзідэнтам Літвы ў другім туры выбараў: «Я шчаслівы, што літоўскі народ паверыў у мяне, асабліва з улікам таго, што цяперашні тэрмін быў няпростым, звязаным з мноствам выклікаў як вонкавага, так і ўнутранага характару».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Наўседа перамог сваю суперніцу, прэм’ер-міністарку Інгрыду Шыманіце, з разгромным лікам. Згодна з інфармацыяй Выбаркаму, за дзейнага прэзідэнта прагаласавалі каля 75 адсоткаў выбарнікаў з ліку тых, хто прыйшоў на ўчасткі. Зрэшты, яўка была не надта высокаю – крыху менш за палову ад агульнай колькасці выбарнікаў.

«Я чакаю не зменаў, а стабільнасці. Спадзяюся, мы будзем ісці ў тым жа кірунку. Абое кандыдатаў у другім туры нядрэнныя, дзякуй богу», – казала адна з выбарніцаў у дзень галасавання.

«Мой кандыдат не прайшоў у другі тур, таму я прагаласавала супраць [аднаго з кандыдатаў]. Не скажу каго», – дзялілася меркаваннем іншая.

Наўседа амаль не разыходзіцца з Шыманіце ў асноўных замежнапалітычных пытаннях – напрыклад, у падтрыманні Украіны. Аднак падыход палітыкаў да беларускай тэмы супрацьлеглы. Летась Наўседа назваў Беларусь адною з губерняў Расеі, а да таго ж паслядоўна выступае за ўніфікацыю санкцыяў у дачыненні расейцаў і беларусаў.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адказвае на пытанні журналістаў пасля галасавання на выбарчым участку ў раёне Новая Вільня. У Літве 12 траўня праходзіць першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Вільня, Літва. 12 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Ва ўмовах вайны вельмі цяжка прыдумаць нацыянальную палітыку, якая дапаможа абараніць краіну і ў той жа самы час не будзе неяк парушаць правоў чалавека», – разважае дэпутат Сейму Літвы Томас Тамілінас.

Праўда, парламент Літвы пакуль блакуе ініцыятывы Наўседы.

«Літва ўвогуле парламенцкая рэспубліка. Прэзідэнт носіць больш сімвалічны характар, – кажа старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Аляксандр Адамковіч. – Унутраную палітыку вырашае парламент».

Зрэшты, увосень у Літве адбудуцца выбары ў парламент, па выніках якіх кансерватары могуць страціць большасць у ім.

«Сацыялагічныя апытанні паказваюць, і выбары прэзідэнта гэта паказалі. Таму я думаю, што расклад палітычных сілаў будзе іншы, але я не думаю, што будуць вялікія змяненні ў адносінах да беларусаў, хаця, спадзяюся, будуць больш мяккія адносіны», – разважае Аляксандр Адамковіч.

Паводле інфармацыі на люты гэтага года, від на жыхарства ў Літве маюць 63 тысячы беларусаў. Блізу 45 тысячаў з іх пераехалі ў гэтую краіну пасля 2020 года. Сярод гэтых людзей як палітычныя ўцекачы, так і эканамічныя мігранты.

«У мяне вялікая просьба да беларусаў, якія прыехалі ў Літву і жывуць там год, два, пяць: пачніце размаўляць па-літоўску нарэшце. Калі я з вамі па-беларуску размаўляю, а вы са мной не можаце па-літоўску двух словаў звязаць, гэта штосьці дрэннае. Гэта вельмі дрэннае стаўленне і вельмі расейскае стаўленне да сітуацыі», – упэўнены Томас Тамілінас.

Сярод іншых палітыкаў з перамогаю на выбарах Гітанаса Наўседу павіншавала Святлана Ціханоўская. «Мы – больш чым суседзі, мы – сябры і саюзнікі», – зазначыла лідарка дэмакратычнай Беларусі.

Ян Федаровіч, «Белсат»