Другі тур прэзідэнцкіх выбараў у Турцыі – ужо заўтра


Ужо заўтра Турцыю чакае другі тур прэзідэнцкіх выбараў. У каго болей шанцаў стаць наступным кіраўніком дзяржавы: у дзейнага прэзідэнта Рэджэпа Эрдагана або ў кандыдата ад апазіцыі Кемаля Кылычдараглу? Распавядзе Аліна Скрабунова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзейны прэзідэнт Рэджэп Эрдаган або кандыдат ад аб’яднанай апазіцыі Кемаль Кылычдараглу? Вялікая інтрыга, хто пераможа ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Турцыі, які адбудзецца ўжо неўзабаве, 28 траўня.

Былы прэмʼер-міністр Турцыі Рэджэп Эрдаган займае пасаду прэзідэнта амаль 10 гадоў. Ягоная Партыя справядлівасці і развіцця мае большасць у парламенце.

«Спадар Кемаль, што вы збіраецеся рабіць на пасадзе прэзідэнта? Ці ёсць хаця б нешта, што вы б змаглі зрабіць без падтрымання парламенту? Няма. Дзе канцэнтруецца заканадаўчая ўлада? У парламенце. А нас там 323 дэпутаты. Як вы плануеце прымаць законапраекты?», – звяртаўся да свайго суперніка прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган.

Апанент Эрдагана, фінансіст і лідар Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу прапаноўвае эканамічныя рэформы і прыцягненне замежных інвестыцыяў. Пры ім будучыню Турэччыны бачаць у еўрапейскай сямʼі.

«Сёння Турцыя мае шэраг эканамічных праблемаў. Мы ўсё гэта разумеем. Мы зменім аўтарытарны ўрад дэмакратычнымі сродкамі», – казаў сваім выбарнікам кандыдат на прэзідэнцтва Турцыі Кемаль Кылычдараглу.

У першым туры галасавання 14 траўня ні адзін з кандыдатаў не набраў абсалютнай большасці галасоў: адрыў паміж дзейным прэзідэнтам і лідарам апазіцыі склаў менш за 5 адсоткаў. За Эрдагана выступіў Сінан Аган, кандыдат на прэзідэнцтва, які заняў 3 месца ў першым туры. Змаганне лідараў гонкі працягнулася.

«У Кылычдараглу атрымалася абʼяднаць нямала самых розных людзей, прадстаўнікоў розных палітычных партыяў, ісламістаў, кемалістаў, лібералаў, якія выступаюць у тым ліку за змену ўладу. І вось жаданне пераменаў выражаецца ў тым ліку ў галасах, якія людзі аддаюць Кылычдараглу», – тлумачыць усходазнаўца, аўтар тэлеграм-каналу «Suleymanov» Руслан Сулейманаў.

Чаму ж Эрдаган стаў губляць палітычныя балы? Падтрыманне сярод грамадзянаў зменшылася з прычыны высокай інфляцыі ў Турцыі, а таксама пасля сёлетніх землятрусаў, якія забралі жыцці каля 50 тысячаў чалавек. Туркі наракаюць, што да катастрофы прывяла карупцыя на ўсіх узроўнях.

Напярэдадні выбараў грамадзяне Турцыі выказваюць наступныя меркаванні:

«Я веру, што пераможа Кемаль. Спадзяюся, што ў 2ім туры вынікі будуць на нашу карысць».

«Будучыня за Эрдаганам. Я чакаю ўзмацнення эканомікі, узроўню жыцця і бяспекі. Бо зараз прыязджае шмат эмігрантаў, я хачу, каб гэтую плынь спынілі».

«Я не збіраюся галасаваць, бо мне няма розніцы. Я не сачу за палітыкай».

Уласна Эрдаган выбудаваў вельмі шчыльныя эканамічныя і палітычныя зносіны з Расеяй. Ці мог бы Пуцін умяшацца ў хаду прэзідэнцкай кампаніі?

«Магчымасці ў Расеі, вядома, ёсць, але ў выпадку з выбарамі ў Турцыі, мне здаецца, няма неабходнасці [умешвацца], бо, хутчэй за ўсё, кіроўная партыя Эрдагана застанецца пры ўладзе», – лічыць старэйшы навуковы супрацоўнік кафедры ўсходнееўрапейскай гісторыі Бонскага ўніверсітэту (Нямеччына) Заур Гасымаў.

Выбары ў Турцыі, магчыма, – адзін з апошніх дэмакратычных інстытутаў, які яшчэ не перайшоў пад поўны кантроль Эрдагана, як гэта сталася з судамі ды Цэнтрабанкам, лічыць усходазнаўца Руслан Сулейманаў.

«Выбары яшчэ маюць значэнне, што пацвердзілі муніцыпальныя выбары 2019 года, калі ў чатырох найбуйнейшых гарадах Турцыі, у тым ліку ў Стамбуле, у тым ліку ў Анкары, перамаглі прадстаўнікі апазіцыі, і Эрдаган і яго партыя не змаглі нічога гэтаму супрацьпаставіць. Таму агулам 2-і тур, я думаю, будзе праходзіць дэмакратычна», – мяркуе ўсходазнаўца, аўтар тэлеграм-каналу «Suleymanov» Руслан Сулейманаў.

Пры перамозе Эрдагана значных зменаў не адбудзецца, лічыць Руслан Сулейманаў. Захаваецца курс на канфрантацыю з Захадам і роля Турцыі як галоўнага пасярэдніка паміж Расеяй і Украінай. Пры гэтым, паводле аналітыкаў, у другім туры апазіцыйны кандыдат мае ўсе шанцы перамагчы дзейнага прэзідэнта.

Аліна Скрабунова, Белсат