Маці Пратасевіча: малю, выратуйце майго сына!


Генеральная пракуратура гэтак званай Луганскай народнай рэспублікі распачала крымінальную справу супраць Рамана Пратасевіча за ўдзел у баях на Данбасе на баку Кіева. Увесь свет сочыць і не перастае гаварыць пра журналіста пасля нядзельнага інцыдэнту з вымушанай пасадкай самалёту RYANAIR.

Бацькі Рамана Пратасевіча разам з рэдактарам NEXTA Сцяпанам Пуцілам арганізавалі прэс-канферэнцыю, каб прасіць падтрымання і дапамогі.

Бацькі Рамана Пратасевіча дагэтуль не ведаюць, дзе ўтрымліваюць іхнага сына.

«Ён быў рупарам, які вяшчаў, што адбываецца, а не заклікаў да гвалту і масавых беспарадкаў. За праўду ён цяпер за кратамі!» – кажа Раманава маці Наталля і дадае:

«Я хачу да вас звярнуцца як мама. Я хачу, каб вы пачулі крык маёй душы цяпер, убачылі слёзы, убачылі, як мне складана ўспрымаць гэтую абсурдную сітуацыю. Я хачу, каб вы данеслі гэтую інфармацыю да шматлікіх людзей, да ўраду краінаў ЕЗ, да прэзідэнтаў. Я малю, я заклікаю вас дапамагчы, я крычу: выратуйце Рамана!»

Бацькі і блізкія Рамана баяцца, што ягонае здароўе і жыццё ў небяспецы. Заяўляе аб ананімных пагрозах і рэдактар NEXTA Сцяпан Пуціла. «Цяпер колькасць пагрозаў нам пераўзыходзіць жнівеньскія», – адзначае ён і непакоіцца за Рому:

«На жаль, вельмі верагодна, што на дадзены момант Раман зазнае катаванні: на відэа бачныя сляды збівання, шнары, грым, доўгае адзенне, каб схаваць сінякі. Беларускае КДБ, не сакрэт, выкарыстоўвае забароненыя метады ўздзеяння на затрыманых, каб здабыць інфармацыю».

Разам з Раманам Пратасевічам у нядзелю з самалёта RYANAIR знялі ды затрымалі ягоную сяброўку, грамадзянку Расеі, Сафію Сапегу.

Паводле адваката дзяўчыны, заўтра ў судзе разгледзяць скаргу на яе затрыманне. Бацька ж Пратасевіча адказаў на закіды пра нібыта ўдзел ягонага сына ў баях на Данбасе на баку ўкраінскага добраахвотніцкага батальёну «Азоў»:

«А вы не ваюеце?! У гарачых кропках! Бо вашая зброя – гэта выключна слова. Мой сын з гадоў пятнаццаці хацеў быць ваенным журналістам, заўсёды быць у цэнтры гарачых кропак! На жаль, апошнім часам, вельмі шмат спекуляцыяў, з мэтай ачарнення нашага сына і выкарыстання ў сваіх мэтах».

Паводле следчых з прарасейскай непрызнанай Луганскай народнай рэспублікі, Пратасевіч не проста ўдзельнічаў у баях на Данбасе. Ён меўся быць на пасадзе намесніка камандзіра другой ударна-штурмавой роты. У сваю чаргу былое кіраўніцтва «Азову» звяртае ўвагу на тое, што ў ім не было штурмавых ротаў і падкрэслівае, што Пратасевіч быў на Данбасе выключна як журналіст.

«Трымайся, сынок, мы цябе любім, і мы цябе вызвалім!», – заяўляе Раманава маці.

Каця Малей, «Белсат».