Дзеці і падлеткі пад катком рэпрэсіяў


Самазабойства пасля допытаў. На месцы гібелі маладзёна, якога сілавікі давялі да самагубства, паўстаў народны мемарыял. Але ўлады ўшанаваць памяць Дзмітрыя Стахоўскага не дазваляюць. Сілавікі сцвярджаюць, што следчыя дзеянні з падлеткам адбываліся выключна паводле нормаў заканадаўства.

Менск, вуліца Кірылы Тураўскага. На месца гібелі 18-гадовага Дзмітрыя Стахоўскага людзі прынеслі кветкі, знічкі і лампадкі. Але ўжо вядома, што міліцыянты запатрабавалі ад кансьержкі дому прыбраць народны мемарыял, іначай яе звольняць, а кветкі павыкідаюць працаўнікі «Рэмаўтадару».

Дзмітрый Стахоўскі – удзельнік жнівеньскіх акцыяў пратэсту супраць міліцэйскага садызму. Ён быў сіратой, жыў у інтэрнаце. І менавіта працаўнікі інтэрнату паведамілі ў міліцыю, што юнак удзельнічаў у пратэстах, пасля чаго супраць хлопца і завялі крымінальную справу.

Перад смерцю Дзмітрый пакінуў пост у сацыяльнай сетцы, дзе вінаваціць Следчы камітэт і кажа пра жудасны ціск з боку следчых.

Хлопец публікаваў мала сваіх фатаграфіяў. Але ёсць відэа, дзе падобны знешне малады чалавек прадставіўся Дзмітрыем Стахоўскім. Так супала, што гэта рэпартаж пра пажар адыёзнага прапагандыста СТВ Грыгорыя Азаронка.

Пасля грамадскага рэзанансу Следчы камітэт пачаў высвятляць абставіны смерці хлопца – падзення з вышыні.

Упраўленне следчага камітэту: «Юнак быў падазраваным у крымінальнай справе, распачатай паводле факту масавых беспарадкаў у сталіцы летась. Усе следчыя дзеянні з ягоным удзелам праводзіліся выключна з захаваннем нормаў дзейнага заканадаўства і ў прысутнасці абаронцы…

Згодна з вынікамі экспертных даследаванняў, канцэнтрацыя алкаголю ў крыві маладога чалавека склала 2,4 праміле».

Гэтаксама раней і сілавыя структуры, і асабіста Лукашэнка заяўлялі пра алкаголь у крыві менчука Рамана Бандарэнкі, які загінуў ад траўмы галавы ў міліцэйскім пастарунку пасля збіцця і выкрадання на плошчы Пераменаў. Калі журналістка Тут.Бай Кацярына Барысевіч апублікавала звесткі ад лекара Арцёма Сарокіна, што ў крыві Бандарэнкі было нуль праміле, абодвух пасадзілі ў турму за нібыта разгалошванне медычнай таямніцы.

Дзеці і падлеткі вельмі цяжка перажываюць тое, што цяпер робяць сілавікі, кажа псіхолаг Наталля Скібская:

«Яны разумеюць, што іншы чалавек можа зрабіць з іншым чалавекам нешта страшнае. І яны вельмі пужаюцца. Бо гэта значыць, што і са мной могуць такое зрабіць. І свет навокал становіцца небяспечным, непрыязным для дзіцяці».

Але ў Беларусі ўжо ёсць як мінімум 6 непаўнагадовых палітвязняў. Мікіта Залатароў, Віталь Прохараў, Сяргей Гацкевіч, Дзяніс Чазей і Давід Збаранскі. Больш дакладнай статыстыкі няма, засакрэчаная.

«Рэжым не глядзіць на асобаў, на ўзрост, стан здароўя. І пад каток рэпрэсіяў трапляюць і дзеці. Таксама і бацькі – ім пагражаюць, што дзяржава можа забраць дзяцей», – кажа дырэктар Гарадзенскага дзіцячага шпіталю Вольга Вялічка.

Сёння ў Сейме Літвы прайшла тэматычная прэс-канферэнцыя з мэтай прыцягнуць увагу свету да беларускіх непаўнагадовых палітвязняў. Выступоўцы ўзгадалі гісторыю шаснаццацігадовага Мікіты Залатарова, хворага на эпілепсію, якога за кратамі катавалі электрашокерамі. Ды раскрытыкавалі міжнародныя арганізацыі кшталту ЮНІСЭФ, якія практычна ігнаруюць стан правоў дзяцей у палітычных справах у Беларусі.

«Ёсць канкрэтныя міжнародныя інстытуты. Той самы ЮНІСЭФ, які мусіць клапаціцца аб правах дзяцей. І яны прадстаўленыя і ў Беларусі, і ў Жэневе. Ёсць офіс у Нью-Ёрку. Не трэба вынаходзіць ровар, трэба толькі прымусіць працаваць адпаведныя арганізацыі», – тлумачыць Віціс Юрконіс, дырэктар віленскага офісу «Freedom House».

А што рабіць нам, беларусам? Псіхолаг Наталля Скібская кажа, што жыццёва неабходна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў дзяцей і падлеткаў. Прынамсі быць побач і тлумачыць, што цяпер адбываюцца няправільныя і ненармальныя рэчы, і што гэта абавязкова скончыцца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».