«Беларуськалій» – кандыдат у санкцыйны спіс


Мільярдныя страты і банкруцтва Беларусі. Такія наступствы могуць чакаць нашую краіну, калі Лукашэнка не зменіць цяперашнюю палітыку. Пра гэта размаўлялі міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу. Падчас адмысловай сустрэчы ў Лісабоне яны абмеркавалі два асноўныя напрамкі для новых санкцый – экспарт калійных угнаенняў і транзіт газу з Расеі.

Чакаюць ці баяцца рашучых крокаў Еўразвязу простыя жыхары Беларусі ды тыя, хто мусіў уцячы з радзімы?

У адную з Віленскіх кватэраў палітычныя ўцекачы з Беларусі могуць прыйсці па адзенне і прадметы гігіены ад арганізацыі «Dapamoga». Сюды зазірнула Іна Трусава:

«Мы шмат пакінулі ў Менску: дом, адзенне, грошы, працу. Мая дачка прыехала сюды дзесяць дзён таму».

Апазіцыянерка Іна Трусава ў Літве ўдзельнічае ў акцыях салідарнасці і дамагаецца санкцыяў супраць злачыннага беларускага рэжыму. У Еўразвязе Літва наймацней уздымала гэтае пытанне. Канчаткова пераканаў Еўропу манеўр з самалётам Ryanair.

Жузэп Бурэл, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах, заявіў:

«Захоп самалёту з затрыманнем двух пасажыраў з’яўляецца чымсьці цалкам непрымальным, і мы сапраўды пачынаем абмяркоўваць рэалізацыю фінансавых, сектаральных і эканамічных санкцыяў».

Міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу у Лісабоне правялі нефармальную сустрэчу перад прынЯццем чацвёртага пакету санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Перад стартам – кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Люксембургу Жан Асэльборн заявіў, што магчымае абмежаванне экспарту калійных угнаенняў з Беларусі ў Еўразвяз. Раней – са спасылкаю на ананімную крыніцу, пра гэта напісаў часопіс «Bloomberg». Было б балюча – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Па сутнасці гэта азначае мільярдныя страты Беларусі. І калі нас выкінуць са знешніх рынкаў, страты будуць значна больш балючыя, чым можна сабе ўявіць. Той кашмарны сцэнар, які прадугледжвалі менавіта сектаральныя санкцыі, яшчэ нафтапрадукты і газ, гэта прывядзе да банкруцтва краіны з велізарнымі наступствамі для нас».

Паводле Яраслава Раманчука, пры мяккім сцэнары страты будуць каля 2 % ВУП – да $ 1,5 млрд. Пры жорсткім санкцыйным сцэнары – страты да 15 % ВУП.

«Сёння гэта ідэальная сітуацыя для тых расейскіх мільярдэраў і гульцоў, якія маюць намер набыць беларускія прадпрыемствы. Бо калі акцыі «Беларуськалію» прадаюцца праз Нью-ёркскую фондавую біржу, гэта попыт. Але калі адзіным пакупніком зʼяўляецца «Уралкалій» – ён можа сказаць, што ацэньвае прадпрыемства ў мільярд», – канстатаваў.

Тое самае з нафтаваю інфраструктурай, «Беларусбанкам», «БелПоштаю», «Беларускай Чыгункай» і гэтак далей…

Нямецкі МЗС разважае магчымасць пайсці яшчэ далей. Не выключаюць забарону выпуску Беларусі еўра аблігацыяў і нават увядзенне санкцыяў за транзіт газу праз нашую краіну.

Калі вярнуцца да калійных угнаенняў, менавіта Расейскі «Уралкалій» можа замяніць беларускага канкурэнта на ягоных транзітных рэйках. Літва ў Еўрапарламенце нагадвае пра гэта і ў кантэксце нафтапрадуктаў, і ўгнаенняў.

Офіс жа Святланы Ціханоўскай акцэнтуе, што да выпадку з самалётам – са снежня 2020 года абʼяднаная Еўропа не рабіла комплексных крокаў супраць рэжыму.

«Не было ні новага пакету санкцыяў, ні ўсеабдымнага пакету дапамогі, ні канферэнцыяў, абмеркаванняў сітуацыі па Беларусі. Менавіта гэта дазволіла Лукашэнку так сябе паводзіць», – тлумачыць Святлана.

Аляксандр Лукашэнка ж у гэты дзень сустракаўся з выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым. Прапанаваў краінам садружнасці быць бліжэй… у святле апошніх падзей:

«Я не хачу, каб зразумелі тут некаторыя тут зразумелі, што я краіны СНД спрабую падцягнуць да праблем у Беларусі, звязаных і з апошнімі інцыдэнтамі, і гэтак далей… Не. Не ў гэтым справа. Нам трэба думаць пра будучыню больш сурʼёзна».

Думаць трэба прынамсі аднаму ўдзельніку садружнасці… Пасля Лебедзева ён правёў нараду з Віктарам Шэйманам, які кіруе ягонымі справамі. Абмяркоўвалі між іншага супрацу з краінамі Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Заўтра ж, 28-га траўня ў Сочы Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным. Гэта будзе ўжо трэцяя бяседа двух кіраўнікоў сёлета.

Юлія Цяльпук, «Белсат»