«Стварэнне культу асобы Лукашэнкі выйшла на новы ўзровень»


Гэта не Паўночная Карэя – гэта Беларусь. Усебеларускі народны сход прадэманстраваў: стварэнне культу асобы Лукашэнкі выходзіць на новы ўзровень.

«Простыя ісціны, якія вось жывуць у нас – і прэзідэнт гэта ўсё адчувае, і прэзідэнт гэта ўсё кажа»,

«Мяне вельмі кранула гаворка Аляксандра Рыгоравіча. Як звычайна – да мурашак па скуры», «Вельмі моцны выступ прэзідэнта і ад некаторых сказаных імі слоў, якія былі сказаны прамы ў кропку, эмоцыі зашкальвалі», – дзяліліся эмоцыямі дэлегаты з‘езда.

«Былі такія хвалебныя выступы ў ягоны адрас, якіх не гучала за ўсе 30 гадоў ягонага кіравання. На гэтай падставе можна рабіць розныя высновы, што нейкая новая піяраўская плынь з‘яўляецца ў дзяржаўных медыях, у дзяржаўных установах», – кажа Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік радыё «Свабода».

Стварэнне культу асобы характэрнае для аўтакратыяў і дыктатураў. Звычайна, так званым правадырам прыпісваюць разнастайныя ўменні і нават звышздольнасці.

«Калі гэты ўплыў адбываецца ўвесь час, то, вядома, самаацэнка дыктатара пачынае расці, або пачынае станавіцца неадэкватнай, як мы кажам у псіхалогіі. І той жа дыктатар – ён пачынае верыць», – тлумачыць Ала Марціновіч, псіхолаг.

Сам жа Лукашэнка кампліментаў нібыта не любіць. Гэта ён падкрэсліў падчас усё таго ж УНС: «Вы павінны ў гэта паверыць, таму што ніводнага помніка, транспарантаў і здраўніц у мой гонар вы не бачылі».

Помнікаў Лукашэнку сапраўды яшчэ не ставілі, затое ягоных партрэтаў намалявалі шмат. На большасці з іх ён выглядае па-геройску.

«Гістарычна ў нас есць арыентацыя на самую моцную асобу. Таму ствараецца культ не толькі, скажам так, звышасобы, а і культ проста моцнай асобы. Мацнейшай за ўсіх астатніх людзей», – адзначае Ала Марціновіч, псіхолаг.

Таму прыхільнікі Лукашэнкі нахвальваюць ягоную фізічную моц і падцягнутасць – маўляў, нават у сталым узросце ён можа даць фору маладым.

У выніку, як культурніцкія дзеячы, так і простыя чыноўнікі маюць ад кампліментаў свае бенефіты, адзначае Арцём Брухан, былы чыноўнік Берасцейскага аблвыканкаму:

«Зразумела, ім гэта ў пэўнай ступені выгадна: чым лепш ты яго нахваліш, тым больш, так бы мовіць, ён на цябе ўвагі зверне».

Пасля хвалебнага флэш-мобу ўгору пайшла кар’ера палкоўніка Андрэя Крываносава. Запал энергіі і рашучасці вынес яго ў палітыку – летась ваенкам з Нароўлі атрымаў пасаду сенатара. Асабістую праграму на тэлебачанні далі і рупару лукашэнкаўскай прапаганды Грыгорыю Азаронку.

Цягам апошніх гадоў не адзіны Лукашэнка намагаўся пабудаваць культ асобы. Ягоны сябра з дыктатарскага цэху, былы прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, нават назваў сталіцу дзяржавы сваім імем. Гэтая назва пратрымалася акурат да змены рэжыму.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»