«Абстрэлы энергетычнай інфраструктуры ідуць увесь час». Украіна ў чаканні дапамогі


Злучаныя Штаты рыхтуюць найвялікшую з моманту пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання партыю ваеннай дапамогі для Украіны. Яе вартасць – больш за 6 мільярдаў долараў. Гэта другая партыя зброі, якую амерыканцы накіруюць Украіне пасля падпісання закону аб выдзяленні ёй больш за 60 мільярдаў.

Трыццаць чатыры ракеты атакавалі ўкраінскія гарады. Дваццаць адную – збілі. У ноч на суботу расейцы атакавалі Украіну, скарыстаўшы розныя тыпы ўзбраення: кіраваныя авіяцыйныя і крылатыя ракеты паветранага і наземнага базавання, аэрабалістыку і зенітныя ракеты сістэмы С-300. Асноўнаю мішэнню зноў сталі аб’екты энергетычнай інфраструктуры. Пашкоджаныя чатыры цеплавыя электрастанцыі ў Днепрапятроўскай, Львоўскай ды Івана-Франкоўскай вобласцях.

«Абстрэлы энергетычнай інфраструктуры ідуць увесь час. Нават летам. Да, цяпер ад гэтага ніхто не замерзне, але наступствы для эканомікі і прамысловасці будуць моцнымі. Да таго ж зіма, калі гэтая інфраструктура спатрэбіцца больш, не так уж і далёка. Ну і расейцы ж любяць распавядаць, што гэта быццам бы «ўдары помсты», – кажа вайсковы аналітык з Ізраілю Дэвід Шарп.

У Харкаве дзве ракеты С-300, выпушчаныя з тэрыторыі Белгародскай вобласці, трапілі ў псіхіятрычную больніцу. Адная з ракетаў трапіла ў зямлю пры харчовым блоку лякарні, яшчэ адная прызямлілася за некалькі метраў ад будынку аднаго з аддзяленняў, дзе былі шэсцьдзесят пацыентаў і пяць медычных працаўнікоў.

«Павылятала шкло пасля прылёту ракетаў. Спужаліся. Было страшна і за пацыентаў, і за сябе. Бʼюць па цывільных абʼектах!», – кажа медсястра Вікторыя Бяляева.

У выніку ўдару пацярпела жанчына. Агулам у момант атакі на тэрыторыі лякарні былі больш за тысячу асобаў – пацыентаў і персаналу.

«Вы бачылі, якія былі траплянні – паміж карпусамі. Гэта сапраўднае шчасце. Бо калі б прыляцела ў корпусы – колькасць ахвяраў была б велізарнаю», – кажа мэр Харкава Ігар Тэрэхаў.

Гукі выбухаў не давалі спаць і жыхарам расейскага Краснадарскага краю. Рэгіён зазнаў атаку беспілотных лятальных апаратаў. У расейскім Мінабароны паведамілі пра паспяховы перахоп ці збіццё ўсіх шасцідзесяці шасці дронаў. Што праўда, заявам ведамства супярэчаць гэтыя відэа.

Са звестак расейскага МНС, у выніку атакі беспілотнікаў пацярпеў нафтаперапрацоўчы завод у Славянску-на-Кубані. Была пашкоджаная рэктыфікацыйная калона, пачаўся пажар. Працу прадпрыемства спынілі. Сямнаццаць беспілотнікаў атакавалі і нафтаперапрацоўчае прадпрыемства каля паселішча Ільінскае.

А на гэтых кадрах – вынікі атакі дронаў па вайсковым аэрадроме пры станіцы Кушчоўскай. Там, паводле звестак расейскага тэлеграм-каналу «Астра», ударам беспілотнікаў пашкоджаныя самалёты і склад, у якім захоўваліся модулі кіравання і карэкцыі авіябомбаў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»