Віктар Бабарыка трапіў у больніцу


Збіты да непазнавальнасці. Былы банкір і канкурэнт Лукашэнкі на апошніх прэзідэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка трапіў з калоніі ў больніцу. Паводле шматлікіх сведчанняў, палітвязень мае сляды збіцця. МУС, пад адказнасцю якога ўтрымліваецца палітвязень, ніяк не каментуе сітуацыі. Што вядома на гэты момант пра стан і месцазнаходжанне Віктара Бабарыкі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцтва, палітвязень Віктар Бабарыка ў сярэднецяжкім стане трапіў у хірургічнае аддзяленне. У ноч на 25-га красавіка з наваполацкай папраўчай калоніі яго даставілі ў наваполацкую цэнтральную гарадскую больніцу, першым пра гэта паведаміў «Рабочы рух».

«Ён прыбыў вельмі збіты, то бок былі вялікія цялесныя пашкоджанні, што ў прынцыпе персанал не адразу пазнаў, хто гэта. Ці то гэта ад таго, што ён так моцна схуднелы і збіты, ці то проста так моцна збіты, нам ужо не ўдакладнялі», – пракаментаваў прадстаўнік «Рабочага руху» Аляксандр Сакалоў.

Розныя крыніцы паведамляюць пра розныя дыягназы, у тым ліку пнеўматоракс і зламаныя рэбры. Агульнае ўва ўсіх звестках тое, што Віктар Бабарыка выглядае збітым. У Цэнтральнай гарадской больніцы Наваполацку ніяк не каментуюць сітуацыі:

«Я не валодаю дадзенай інфармацыяй, таму званіце ў прыёмную галоўнага лекара, магчыма, яны маюць інфармацыю. Начмеда няма і няма каго запрасіць да тэлефона».

«На гэты момант Віктар Бабарыка ўсё яшчэ ў больніцы, было зробленае абследаванне, яму адводзяць вадкасць з лёгкіх, стан пацыента сярэдняй цяжкасці», – увечары паведаміла каманда палітыка.

У калоніях мала магчымасцяў надання хірургічнай дапамогі, таму ў сур’ёзных выпадках зняволеных адпраўляюць на лячэнне ў цывільны шпіталь.

«Яны аказваюць дапамогу, фіксуюць усе пашкоджанні і павінны паведамляць у органы МУС, але паколькі яго даставілі з пенітэнцыярнай установы, то яны ўжо павінны быць у самой калоніі зафіксаваныя – траўмы, якія ў вязня ёсць», – тлумачыць лекар і праваабаронца Васіль Завадскі.

Збіццё вязняў, прычым не толькі палітычных, – звычайная справа для наваполацкай папраўчай калоніі нумар 1, сцвярджае былы палітвязень Аляксандр Кабанаў. Менавіта ў гэтай калоніі падчас утрымання ў ШІЗА яго самога паставілі на расцяжку, а гвалт учынілі ў адносінах сукамерніка.

«А насупраць ля суседняй сцяны стаяў чалавек, ну, я ведаю яго, так, і начальнік лагеру і зампарар яго збівалі, не ведаю як, не ведаю чым, я толькі чуў ягоныя крыкі, што ён ад болю крычыць, і пры гэтым начальнік лагеру смяяўся і казаў, што “не крычы на супрацоўніка адміністрацыі”», – узгадвае былы палітвязень Аляксандр Кабанаў.

Папраўчая калонія нумар 1 месціцца па адрасе вуліца Тэхнічная, 8 у Наваполацку. Да нядаўняга часу начальнікам калоніі быў Андрэй Пальчык, але ў сакавіку яго знялі з пасады, і цяпер абавязкі кіраўніка калоніі часова выконвае Вячаслаў Журко.

«Гэтая калонія, дзе такі лозунг у яе: зэк павінен пакутаваць. Па максімуме. Там лічаць, што гэта адзінае правільнае, што зэк – не чалавек, ён павінен пакутаваць. Таму гэта ўсё пайшло ад палкоўніка Пальчыка, гэта сапраўдны садыст. Ён дурэе рэальна, у яго ў вачах шчасце, калі некаму балюча», – сведчыць Аляксандр Кабанаў.

Былы палітвязень кажа, што адміністрацыя калоніі максімальна абмяжоўвала стасункі Бабарыкі з іншымі палітвязнямі і працаўнікамі калоніі. Маўляў, акрамя ШІЗА прыкметаю ціску на Бабарыку была адпраўка яго на самы цяжкі від працы – на вуглі.

«Зняволены Віктар Бабарыка – публічная фігура, але ён зараз такі ж самы зняволены, як і ўсе, і мне здаецца, было б цалкам цывілізавана, калі б МУС размясціў нейкі афіцыйны прэс-рэліз пра тое, што здарылася», – мяркуе лекар і праваабаронца Васіль Завадскі.

Сваю заяву наконт сітуацыі з Віктарам Бабарыкам зрабіла і абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская:

«Мы патрабуем публічна прадэманстраваць, у якім ён стане. Мы патрабуем допуску адвакатаў і сваякоў да яго. Любыя іншыя дзеянні будуць трактавацца як наўмыснае прычыненне шкоды жыццю і здароўю».

Прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Беларусі на выбарах 2020 года, Віктар Бабарыка атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да Бабарыкі абмежавалі доступ адвакатаў і карэспандэнцыі, яго як парушальніка змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.

  1. «Сітуацыя з Віктарам Бабарыкам – гэта не адзіны выпадак. Беларускія палітвязні падвяргаюцца сістэмнаму ціску, псіхалагічнаму і фізічнаму, іх утрымліваюць у невыносных умовах. І мы павінныя звяртаць увагу міжнароднай супольнасці на гэта кожны дзень», – выступіў з заявай галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Абʼяднаны пераходны кабінет расцаніў інцыдэнт з Віктарам Бабарыкам як працяг катаванняў палітвязняў у турмах і заклікаў міжнародную супольнасць узмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»