Рэжым Лукашэнкі зноў ратуе стратныя прадпрыемствы за кошт падаткаплатнікаў


Дзяржава зноў ратуе эканамічных тапельцаў. Паводле пастановы Савету міністраў, павялічыцца дзяржаўная доля ў шэрагу праблемных прадпрыемстваў. На тую суму, на якую яны летась атрымлівалі дапамогу з бюджэту. Пры неабходнасці для гэтага надрукуюць дадатковыя акцыі, якія і перададуць дзяржаве. Здавалася б, нічога асаблівага. Але гэтай схемай улады, імаверна, прыкрываюць марнаванне грошай падаткаплатнікаў, то бок простых беларусаў. Пра якія сумы ідзе гаворка? І чаму рэжым Лукашэнкі штучна падтрымлівае існаванне хранічна стратных прадпрыемстваў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Павялічваецца доля дзяржавы ў шэрагу праблемных прадпрыемстваў, якім летась выдавалі грошы з бюджэту, так бы мовіць, для падтрымання штаноў. Для гэтага прадугледжваецца дадатковы выпуск акцыяў. Так пастанавіў Савет міністраў. Навошта спатрэбілася такая камбінацыя?

«Выпуск гэтых акцыяў і набыццё іх дзяржавай – спосаб спісаць запазычанасць кампаніяў, якая ў іх утварылася», – мяркуе Анастасія Лузгіна, старэйшы навуковы працаўнік «BEROC».

Сачыце за рукамі: прадпрыемствы цягам мінулага года атрымлівалі грошы з бюджэту ў розных аб’ёмах. Паводле логікі, іх потым трэба вяртаць. Але пазыка вяртаецца не жывымі грашыма, а акцыямі гэтых заводаў, збольшага праблемных. Адпаведна, дзяржава наўрад ці атрымае шмат карысці з гэтых папераў. Бо калі самі прадпрыемствы працуюць у мінус, то і дывідэндаў паводле акцыяў выплаціць не могуць.

«Вельмі падобна, што гэта адсоткі па тых крэдытах, што былі прадастаўленыя прадпрыемствам раней. Чыноўнікі разумеюць, што гэта назаўжды. Што ніхто не верне ніякіх грошай. Таму выбралі менавіта такі працэс: павелічэнне дзяржаўнай долі ў гэтых прадпрыемствах», – разважае бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Шэраг гэтых прадпрыемстваў належыць да дрэваапрацоўчай і цэментавай галінаў. Тых самых, у развіццё якіх дзяржава раней улівала мільярды долараў. Але цэментавая галіна прасела, бо пакуль яе мадэрнізавалі, змянілася сітуацыя на рынку і беларускі цэмент ужо не такі запатрабаваны. А дрэваапрацоўка трапіла пад заходнія санкцыі. У выніку прадпрыемствы ратуюць коштам бюджэту. То бок падаткаплатнікаў: больш паспяховага бізнесу і простых беларусаў.

Паказальная гісторыя Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату. На яго базе будавалі завод беленай цэлюлозы за кітайскі крэдыт на 800 мільёнаў долараў. Пазыку часткова пагасіла беларускае Міністэрства фінансаў, то бок зноў бюджэт. У 2021 годзе светлагорскі камбінат пасля гадоў працы ў мінус паказаў прыбытак. Але цяпер ён зноў сядзіць на бюджэтным падтрыманні. І разлічваецца за яго сваімі акцыямі.

«Я вам не Дзед Мароз!» – абураўся Лукашэнка на дырэктараў заводаў падчас адной з эканамічных нарадаў.

Але стратныя прадпрыемствы, падобна, па-ранейшаму цягнуць грошы з бюджэту. Хаця з пункту гледжання рынкавай эканомікі такіх актываў варта пазбаўляцца. Аднак беларускі дзяржсектар жыве паводле іншых законаў, кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

«З пункту гледжання беларускай дзяржавы, гэта збольшага сацыяльная нагрузка. Гэта больш падтрыманне працоўных месцаў, якія існуюць на гэтых прадпрыемствах. Падтрыманне той сацыяльнай базы, на якую абапіраецца ўлада Беларусі», – мяркуе Аляксандр Кныровіч.

Прасцей кажучы, з гледзішча рэжыму, калі людзі ходзяць на гэтыя заводы і атрымліваюць хай невялікую, але стабільную зарплату, гэта ў пэўнай меры зніжае градус іх незадаволенасці і гатовасці да масавых пратэстаў. Таму шэраг стратных прадпрыемстваў і трымаюць на гэткім штучным дыханні. Хай сабе і коштам больш паспяховых падаткаплатнікаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»