Ці вытрымае Еўропа без расейскага газу?


Польшча і Балгарыя абвінавацілі Расею ў шантажы. Напярэдадні Расея паведаміла аб прыпыненні паставак газу ў гэтыя краіны ў сувязі з адмовай плаціць за блакітнае паліва ў рублях. Старшыня Еўракамісіі заявіла: гэты крок паказвае ненадзейнасць Расеі як пастаўшчыка энерганосьбітаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Няма газу без рубля. Менавіта адмоваю Польшчы і Балгарыі плаціць за расейскае паліва рублямі Крэмль тлумачыць перакрыццё паставак газу ў гэтыя краіны.

На думку Варшавы, гэта адказ на санкцыі, якія напярэдадні Польшча ўвяла ў дачыненні 50 расейскіх кампаніяў, сярод якіх – «Газпром».

«Імаверна, Расея такім чынам паспрабуе пакараць Польшчу. Як я неаднаразова падкрэсліваў, мы загадзя былі гатовыя дыверсіфікаваць пастаўкі газу, і яшчэ да запуску балтыйскага газаправоду мы зможам абараніць нашую эканоміку», – заявіў прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Прыпыненнем паставак газу Расея парушыла Ямальскі кантракт. Згодна з дакументам, Варшава купляла ў Расеі 9 мільярдаў кубаметраў паліва за год. Альтэрнатывай расейскім маюць стаць пастаўкі з ЗША, краінаў Персідскай затокі ды з Нарвегіі па газаправодзе «Балтыйская труба». Паводле аналітыка Мар’юша Маршалкоўскага, гэты газаправод дазволіць пастаўляць 10 мільярдаў кубаметраў газу за год. Гэта палова таго, што спажывае Польшча».

Справіцца з новымі акалічнасцямі мусіць і Балгарыя.

«Я быў тым прэзідэнтам Балгарыі, які падпісаў стратэгічныя пагадненні з Азербайджанам пра тое, што траціна газу пойдзе з Азербайджану. Я даў старт будаўніцтву газавых інтэрканектараў, якія дапамогуць Балгарыі атрымоўваць газ з альтэрнатыўных крыніцаў. Але Балгарыя яшчэ мусіць прайсці шлях для дасягнення поўнай незалежнасці ад паставак расейскага газу і нафты», – зазначае былы прэзідэнт Балгарыі Росэн Плеўнэліеў.

Калі Расея наважыцца на поўнае спыненне экспарту газу ў Еўропу, найбольш адчувальным гэта будзе для Нямеччыны ды Аўстрыі. Але нават Вена і Берлін не збіраюцца гуляць паводле правілаў Крамля. Канцлер Аўстрыі Карл Нэгамэр назваў «фэйкам» паведамленне ТАСС пра згоду Вены плаціць за расейскі газ у рублях. А Берлін рыхтуецца зніжаць спажыванне энергарэсурсаў з Расеі.

«Еўразвяз можа цалкам існаваць без расейскага газу. Эканоміка не абваліцца. Мы як Еўразвяз за год імпартуем з Расеі каля ста пяцідзесяці мільярдаў кубаметраў газу. Згодна з праведзенымі аналізамі ўжо сёлета мы можам адмовіцца ад 100 мільярдаў кубаметраў газу. Застаюцца гэтыя 50 мільярдаў. Але гэта не настолькі істотныя лічбы, каб паўплываць на эканоміку», – сцвярджае Мацей Заневіч з Польскага інстытуту міжнародных справаў.

Еўразвяз ужо распачаў скарачэнне імпарту расейскага газу на дзве траціны. На чарзе – адмова ад расейскай нафты. Адмовіцца ад яе да канца года плануе і Вялікая Брытанія, а Злучаныя Штаты ўжо абвесцілі поўную забарону на імпарт расейскай нафты, газу і вугалю.

Святлана Аўчарова, «Белсат»