Універсітэцкі парк у Берасці знішчаюць?


Спілаваць нельга пакінуць. У парку Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэту ў межах месячніка добраўпарадкавання правялі абрэзку дрэваў. Спілавалі моцныя галіны з зялёным лісцем. Некаторыя дрэвы знішчылі цалкам.

Камлі – замест кронаў з зялёным лісцем. І свежыя спілы – на месцы магутных галінаў. Гэтак цяпер – пасля праведзенага днямі абразання – выглядаюць дрэвы ў берасцейскім парку, на тэрыторыі тэхнічнага ўніверсітэту.

«Стаўленне да прыроды – да дрэваў нават, простых дрэваў, якія трэба падразаць, іх даглядаць, – а іх абсякаюць, пад корань…», – абураецца грамадскі актывіст Валянцін Лазарэнкаў.

Універсітэцкі парк заклалі ў 1961 годзе. Цяпер гэта адна з найпрыгажэйшых зялёных зонаў абласнога цэнтру і адно з улюбёных месцаў адпачынку берасцейцаў. Тут можна і дакрануцца да дрэваў, якім больш за паўстагоддзя, і паназіраць за вавёркамі ды рознымі відамі птушак.Жыхары Берасця кажуць:

«Шкада дрэваў, мне заўсёды вельмі шкада дрэваў. Я сумняваюся, што іх дасадзяць. Вельмі хацелася б. Усё ж такі гэта не прыватны інстытут – гэта зямля дзяржаўная. Хацелася б, каб людзі маглі спакойна тут прагуляцца ўвечары».

«Тут увогуле вельмі небяспечна пад дрэвамі хадзіць падчас моцнага ветру, таму што калі своечасова сухіх галінаў не спілоўваць – яны ўсе такімі агромністымі галінамі абвальваюцца. Напэўна, гэтак трэба было».

«Гэта ўсё трэба забяліць, зарабіць – бо цяпер пойдуць жучкі ўсялякія. Гэта на дрэва ўплывае, наколькі я ведаю».

Абрэзванне зрабілі няправільна – кажа прадстаўніца кампаніі «Гарадскі ляснічы» Алена Штык-Бажко. Гэткая працэдура амаладжэння выкліча ў дрэва хваробу.

«Зрэз такі, зруб такі – дыяметр вялізны, і дрэва проста захварэе, пачне гнісці знутры. І праз тры гады яго вырубяць з-за аварыйнасці. Плюс да ўсяго вельмі шмат дрэваў без бачнай праблемнасці было высечана», – зазначае Алена Штык-Бажко.

Прарэктар у адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту Мікалай Амелька абрэзку і высяканне называе ўпарадкаваннем на тэрыторыі парку. І запэўнівае, што там былі аварыйныя дрэвы.

«Абрэзванне дрэваў – гэта не толькі абрэзка галінак, дрэва можа ўвогуле пад слупок абразацца. У горадзе шмат дзе так абразаецца, і гэта не шкодзіць. У першую чаргу гэта бяспека людзей, калі ідзе гаворка пра вялізныя дрэвы», – кажа Амелька.

Працы на тэрыторыі парку праводзіліся ў межах абвешчанага берасцейскімі ўладамі месячніку добраўпарадкавання гораду.

«Далі каманду “суботнік“, і ўсё, а далей – хто на што здатны. Ідэалогія – галоўнае. Знішчыць, ні з кім не абмяркоўваць гэтага пытання. Калі б у горадзе былі б улады, якія б з грамадзянамі думалі пра гэтае асяроддзе, яны б нешта запытвалі, прапаноўвалі ды тады рабілі. А так…», – уздыхае Валянцін Лазарэнкаў.

Паводле нормаў, у горадзе зялёныя насаджэнні маюць займаць не менш за 40 адсоткаў тэрыторыі. У Берасці гэты паказнік цяпер на 5 адсоткаў вышэйшы. Аднак эколагі бʼюць трывогу – надзвычай шмат дрэваў высякаюць.

«І гэта праблема, бо тыя дрэвы, якія новыя саджаюць на месца вырубленых, – гэта маленькія пруцікі, і тыя буйнамеры, пра якія гаварылася, што абавязаныя садзіць буйнамеры, – яны чамусьці так і не з’яўляюцца», – гаворыць Алена Штык-Бажко.

У кампаніі абароны зялёных зонаў «Гарадскі ляснічы» нагадваюць: калі вы бачыце, што высякаюць дрэва і вы з гэтым не згодныя, абавязкова пакіньце на сайце гарвыканкаму электронны зварот. Яго мусяць разгледзець і патлумачыць вам, чаму гэтае дрэва высеклі.

Анастасія Русецкая, Белсат