Дармаеды будуць аплочваць «жыроўку» па поўнай


У другой палове года ўлады маюць намер падняць ільготныя тарыфы на ацяпленне, а з траўня за газ і ацяпленне так званыя дармаеды будуць плаціць паводле поўнага тарыфу. Як гэта адаб’ецца на гаманцах беларусаў і хто лічыцца дармаедам?

Беларусы, якія маюць уласнае жытло і трапілі ў базу дармаедаў, з першага траўня будуць плаціць за газ і ацяпленне паводле гэтак званых поўных тарыфаў. Дасюль з іх спаганялі па поўнай стаўцы толькі за гарачую ваду. Новаўвядзенне ўлады планавалі яшчэ летась, але перанеслі на сімвалічную дату – Дзень працы. «Гэта не будзе эканамічна абгрунтаваная велічыня, бо гэта ідэалагічная палітыка», – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Жыроўкі» для такіх сем’яў недзе ў два разы будуць больш цяжкія, чым для звычайных беларусаў. Так што калі за звычайную двухпакаёвую кватэру 60 метраў трэба будзе заплаціць 150 рублёў, не здзіўляйцеся».

Партрэт сярэднестатыстычнага беспрацоўнага беларуса выглядае так: гэта або зусім малады мужчына, або мужчына перадпенсійнага ўзросту, які жыве ў малым горадзе. Прычым трэба размяжоўваць статус «беспрацоўны» і «дармаед».

«Утрыманец, паводле вызначэння нашай дзяржавы, – гэта любы чалавек, які не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржвыдаткаў, не ўдзельнічае актыўна ў рынку працы і не плаціць падаткаў. Беспрацоўны чалавек – гэта чалавек, які хацеў бы ўдзельнічаць у рынку працы, але не можа гэтай працу знайсці»,- тлумачыць Кацярына Барнукова з цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на канец лютага гэтага года беспрацоўнымі ў Беларусі прызналі 8,6 тысячаў асобаў, а ўзровень беспрацоўя склаў 0,2 %. Згодна з разлікамі паводле методыкі Міжнароднай арганізацыі працы, у Беларусі амаль 208 тысячаў чалавек, якія фактычна аднеслі сябе да беспрацоўных. Адносны ўзровень беспрацоўя склаў 4,2 %.

«Большасць людзей не бачыць сэнсу станавіцца на ўлік у цэнтры занятасці. Чаму?! Таму што ў нас вельмі нізкая дапамога ў беспрацоўі. Каб яе атрымліваць, трэба выканаць шмат умоваў. Цэнтр занятасці можа прыцягваць чалавека да грамадскіх прац. Я думаю, што асноўная прычына нават не ў дапамозе, а ў тым, што цэнтры занятасці не асабліва дапамагаюць людзям знайсці новую працу», – адзначае Кацярына Барнукова.

У базе не занятых у эканоміцы не раз усплываюць памылкі. Трапляюць туды і ўладкаваныя на працу, і пенсіянеры, і эмігранты.

Каця Малей, «Белсат»