Тэракт у «Crocus City Hall»: Лукашэнка падставіў Крэмль?


Чаму расейскія ўлады праігнаравалі папярэджанне ЗША пра рыхтаванне тэракту, чаму ў «Crocus City Hall» ці паблізу яго не было ўзброеных сілавікоў, паліцыі, чаму баявой зброі не мелі ахоўнікі? Ёсць пытанні да працы відэакамераў і прапускных рамак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«І самыя дзеянні гэтых так званых тэрарыстаў, якіх нібыта нанялі за нейкія грошы… Яны быццам бы і прафесійна працавалі, але прыехаць такім аўтам і гэтым самым аўтам у незразумелым кірунку на 350 кіламетраў з’ехаць. Гэта ўсё вельмі смешна было», – звяртае ўвагу генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Версіяў і канспіралагічных тэорыяў вакол тэракту ўсё больш. Гэтак, украінскі інфармацыйны рэсурс «Фэйк оф» звярнуў увагу на прысутнасць у будынку падазроных людзей у сінім, якія маглі б выконваць ролю куратараў ФСБ. Але Віктар Ягун сумняецца ў праўдзівасці гэтай інфармацыі:

«Нашыя людзі, якія маюць магчымасць, правяралі твары на супадзенне, нешта такое. Не супадаюць твары. Гэта іншыя людзі».

Тэракт у падмаскоўным «Crocus City Hall» адбыўся ў мінулую пятніцу. На канцэрт гурта «Пикник» прыйшлі больш за 6000 асобаў. Некалькі нападнікаў уварваліся ў канцэртную залу, учынілі страляніну і падпалілі будынак. Раніцай наступнага дня расейскія спецслужбы паведамілі пра затрыманне 4 выканаўцаў.

«Расстрэльвалі іншыя групы. Калі вы заўважылі, іхныя твары былі прыкрытыя, заблюраныя. Калі вядома, што гэтыя няшчасныя рабацягі расстрэльвалі, то чаму ў тым відэа, што нам паказваюць, твары прыкрытыя дагэтуль?» – зазначае палітолаг Руслан Айсін.

Адказнасць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава». Аднак Крэмль імкнецца звязаць напад з заходнімі спецслужбамі і Украінаю. Гэта вынікае з заяваў афіцыйных расейскіх асобаў, напрыклад Уладзіміра Пуціна або дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава:

«Гэтая група адыходзіла ва Украіну. Гэта факт, які мы атрымалі ў выніку працы з затрыманымі».

Галоўны ж відавочны вынік працы з затрыманымі – сляды жорсткіх катаванняў. Пры гэтым іх дэманстравалі на тэлебачанні.

«Людзі кажуць: зразумела, праўду мы наўрад ці даведаемся. Калі так вось следства праводзіць, тут падпішаш усё, што заўгодна», – мяркуе заснавальнік Камітэту супраць катаванняў Ігар Каляпін.

Але крамлёўскую версію паставіў пад сумнеў галоўны саюзнік – Лукашэнка. Маўляў, тэрарысты збіраліся ўцякаць не ва Украіну, а ў Беларусь:

«Памежныя падраздзяленні на мяжы змабілізаваныя былі. Ну, і часткі вайскоўцаў. Імгненна! Таму яны ў Беларусь не маглі ніяк зайсці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінскае мяжы, украінска-расейскай».

Аляксандр Лукашэнка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка. Менск, Беларусь. 22 лістапада 2023 года.
Фота: president.gov.by

Атрымліваецца, Лукашэнка падставіў Пуціна?

«Крэмль хоча паказаць, што ў гэтым тэракце ёсць украінскі след. У Лукашэнкі трохі іншая задача. Яму трэба паказаць сваю велізарную ролю ў гэтых падзеях. Гэта ягоны палітычны стыль», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Сапраўды, Лукашэнка актыўна падкрэслівае сваю асабістую ролю ў затрыманні меркаваных нападнікаў.

«Лукашэнка хоча неяк удзельнічаць у расейскай палітыцы. Гэта было асабліва заўважна падчас мяцяжу прыватнай кампаніі Вагнэра на чале з Прыгожыным. Ну, і цяпер таксама», – гаворыць Валер Карбалевіч.

Пры гэтым Менск спрабуе дэманстраваць Пуціну сваю лаяльнасць: вядома пра некалькі затрыманняў беларусаў, якія напісалі свае каментары пра тэракт у Расеі.

Алесь Яшчанка, «Белсат»