Ці маюць патрэбу беларусы ў ядравай зброі?


«Зразумела, навошта гэта Пуціну, але навошта беларусам?» – так пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім пракаментаваў намер Уладзіміра Пуціна завезці расейскую тактычную ядравую зброю ў Беларусь. Такая навіна выклікала сапраўдны выбух эмоцыяў у свеце. На яе рэзка адрэагавалі ў Еўропе, у Азіі і за акіянам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Размяшчэннем атамнай зброі ў Беларусі Уладзімір Пуцін намагаецца пагражаць не так Украіне, як NATO, Польшчы, Літве і Латвіі. Зрэшты, Паўночнаатлантычны альянс не дужа спалохаўся і пакуль не мае намеру карэктаваць сваю ядравую стратэгію. Пра гэта заявіла прэс-сакратар NATO Оана Лунгеску і пацвердзіў прадстаўнік ЗША Джон Кербі.

«Мы не бачылі ніякіх сведчанняў таго, што Пуцін рыхтуецца любым спосабам выкарыстаць тактычную ядравую зброю ва Украіне, – адзначыў Кербі. – І мы не бачылі нічога такога, што прымусіла б нас змяніць нашую пазіцыю стратэгічнага ядравага стрымлівання».

Але зусім іншую рэакцыю такая абвестка выклікала ў бліжэйшых суседзяў Беларусі. Міністэрства замежных справаў Літвы назвала размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі «крокам адчаю» Пуціна і Лукашэнкі, якія імкнуцца да напружанасці і дэстабілізацыі ў Еўропе. Свой зварот выпусцілі і ўкраінскія дыпламаты:

«Украіна звяртаецца да беларускага грамадства з заклікам не дапусціць рэалізацыі злачынных намераў размясціць на тэрыторыі Беларусі ядравую зброю насуперак яе абавязацельствам паводле Дамовы аб нераспаўсюджанні ядравай зброі, што яшчэ больш ператворыць гэтую краіну ў закладніка Крамля і будзе мець катастрафічныя наступствы для яе будучыні».

Кітай нагадаў пра недапушчэнне ядравай вайны і прапанаваў дыпламатычнае развязанне праблемы. Да наладжвання перамоваў паміж Масквой і Кіевам, каб пазбегнуць размяшчэння небяспечных рэчываў у цэнтры Еўропы, прапанавала звярнуцца Балгарыя. З асуджэннем планаў Пуціна выступіла Францыя. Кіраўнік знешнепалітычнай службы Еўразвязу Жузэп Бурэль прыгразіў новымі санкцыямі, калі такія планы здзейсняцца. На ягоную думку, Менск яшчэ можа спыніць эскалацыю напружанасці. Але Уладзімір Пуцін сваёй заяваю 25 сакавіка фактычна перакрэсліў гэткія спадзяванкі. Ён прызнаў:

«Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даўно ставіць пытанне аб тым, каб размясціць на тэрыторыі Беларусі расейскую тактычную ядравую зброю».

І сапраўды, Лукашэнка неаднаразова разважаў на тэму ядравай зброі ў нашай краіне. Але, як звычайна, на свой супярэчлівы манер. Напрыклад, у лістападзе 2021 года ён у інтэрв’ю расейскаму прапагандысту Кісялёву сказаў, што прапануе Пуціну вярнуць такую зброю ў Беларусь. А ў размове з японскім журналістам у сакавіку 2022-га сцвярджаў, што не плануе ні размяшчаць у нашай краіне ядравага арсеналу, ані ствараць што-кольвек падобнае. Падчас выступу ў ліпені таго ж года Лукашэнка запэўніў, што нікога не збіраецца шантажаваць разам з Пуціным ядравай зброяй. А літаральна днямі заявіў, што «Расея паставіць нам боепрыпасы з уранам». І вось цяпер атрымаў, здавалася б, адзін з самых доўгачаканых падарункаў. Праўда, вялікай радасці з гэтай нагоды не выказаў. Затое верны рупар лукашэнкаўскай прапаганды журналіст Сталічнага тэлебачання Грыгорый Азаронак у эфіры не стрымліваў гонару:

«Дзяржава, якая валодае магчымасцю ў выпадку нападу на яе тэрыторыю адказаць тактычнай ядравай зброяй. Будзе плавіцца Варшава і патоне Вільня. Мы паглядзім на матавы закат і як будзе расці чумны грыб на польскім балоце. Не суйцеся, панове, бо апраменім!»

Насамрэч нікога Азаронак апраменіць не дасць рады, нават пры самым вялікім жаданні. Справа ў тым, што Беларусь не мае і не атрымае ніякага кантролю над усёй гэтай зброяй, патлумачыў старшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў.

«Усе рашэнні будуць прымацца менавіта Масквой. А Беларусь становіцца цалком закладніцаю Масквы. Кроку назад ужо не будзе!»

Расейская ядравая зброя, апроч непасрэднай фізічнай пагрозы, – гэта яшчэ і чарговы крок у справе здачы суверэнітэту Беларусі. Пра гэта нагадаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. На ягоную думку, размяшчэнне ядравай зброі прывядзе да значнага павелічэння расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі і дае магчымасць Расеі ў любы момант увесці свае войскі на беларускую зямлю на падставе нібыта абароны ядравай зброі.

А вось палітолаг Рыгор Ніжнікаў не схільны разглядаць гэтую праблему як ваенную. Хутчэй – як частку гульні Пуціна супраць Захаду:

«Ён хоча запалохаць Захад. Ён хоча, каб Захад паверыў у пагрозу. Яны цяпер ужо болей не вераць у ваенную перамогу Масквы. Яле яны асцерагаюцца таго, што Расея – ядравая дзяржава».

У Еўразвязе пакуль чакаюць, што скажа асабіста Лукашэнка наконт размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі. Тым часам прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ніякія мажлівыя санкцыі не перашкодзяць гэткім планам.

Марына Яновіч, «Белсат»