Як прасоўваюць беларускую мову ў «Google» і «YouTube»?


YouTube – частка карпарацыі «Google». Уласна, сэрвіс «Google Ads», які рэгулюе плынь рэкламы ў кампаніі, не падтрымоўвае беларускай мовы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пра тое, як гэта перашкаджае, распавёў кіраўнік YouTube-рэдакцыі «Белсату» Глеб Хамутоў:

«Сэнс у тым, што як толькі ты падаешся на мадэрацыю з беларускамоўным відэа на “Google Ads”, то мадэратары не даюць магчымасці табе рэкламавацца, бо відэа на непадтрыманай мове. Уласна кажучы, з беларускай мовай шанцу таго, што твая рэкламная кампанія пройдзе, амаль што няма».

Рэклама мусіць прайсці праверку на гвалт, парнаграфію – з нашаю моваю механізмы такой мадэрацыі не дзеяць. Для працы з краінамі СНД «Google» лягчэй было абраць расейскую.

«Каб вырашаць такія праблемы, ім трэба ствараць абмежаваныя аддзелы людзей, якія будуць займацца гэтым. “Google” у гэтым не зацікаўлены, таму што для “Google” першапачаткова – гэта заробак. Тое, што ён дадасць беларускую мову, заробку не прынясе» , – тлумачыць медыяспецыяліст, тэхнічны спецыяліст Аляксей Пальцаў.

Усё роўна эксперт раіць пісаць лісты ў «Google». І аўтарам, і карыстальнікам. Націск рабіць на тым, што аўдыторыі не зразумелы кантэнт на расейскай. А пакуль жа спецыяліст прапаноўвае хітрык: назву відэа лепш пісаць беларускаю лацінкаю – так лягчэй трапіць у рэкамендацыі.

Тая ж праблема датычыць і пашукавіка. Часта «Google» блытае беларускую мову менавіта з украінскай, а таксама з расейскай. Але такой праблемы няма ў пашукавіку «Microsoft».

«”Chat GPT” дадалі ў пашукавік “Bing”. Калі мы карысталіся рэальным тэставаннем, мы заўважылі, што “Chat GPT” рэзка стаў разумець беларускую мову. І на дадзены момант “Bing” – гэта адзіны пашукавік, які добра разумее беларускую мову, добра выдае вынікі на беларускай мове толькі з-за таго, што яны дадалі новую нейронку», – паведаміў Аляксей Пальцаў.

«Google» жа ў адказ на гэты крок «Microsoft» дадасць нейронную мадэль «LaMDA». Эксперт лічыць, што гэта дапаможа пашукавіку лепш разумець беларускую мову.

Пра ўзаемадзеянне з беларускаю мовай ездзілі дамаўляцца і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету. У размове з прадстаўнікамі кампаніі «Google» прасілі дазволіць рэкламу кантэнту на нашай роднай мове. Дзяніс Кучынскі, дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай, распавёў пра вынікі сустрэчы:

«Частку сустрэчы мы папросту спрабавалі зразумець тэхнічна, у чым праблема. Для таго, каб яе развязаць, трэба задзейнічаць некалькі дэпартаментаў. Мне падаецца, што паразуменне праблемы і з нашага боку, і з боку кіраўніцтва “Google”, “YouTube” адбылося. Мы дамовіліся далей распрацаваць дэталі».

Праблема падтрымання беларускай мовы «Google» вядзе да таго, што аўтары ахвотней абіраць расейскую мову для свайго кантэнту, непакоіцца кіраўнік YouTube-рэдакцыі «Белсату» Глеб Хамутоў:

«Яны сутыкаюцца з праблемай не падтрыманай мовы, і яны нічога не могуць зрабіць. Асабліва гэта важна, калі зараз шмат экстрэмісцкіх матэрыялаў на беларускай мове, каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі, – і многія людзі адпісваюцца».

Але не без добрых навінаў. Каманія «NVIDIA» натрэнавала мадэль распазнання беларускай мовы, якая можа перавесці голас у тэкст і наадварот.

Праграму можна спампаваць і ўбудаваць у прыладу. А спраўдзіць, як гэта працуе, – на donar.by.

Яна Шэк, «Белсат»