У Беларусі прайшоў чэмпіянат па фотабёрдынгу


Спаборніцтва па фатаграфаванню птушак, задача якога – зняць пярнатых у натуральных умовах, праводзіцца ў многіх краінах. Першы чэмпіянат Беларусі па фотабёрдынгу прайшоў у 2014 годзе. Згодна з правіламі, для таго каб атрымаць максімальную колькасць балаў, трэба не толькі зрабіць здымак, але і вызначыць выгляд птушкі.

Для Сяргея сённяшні чэмпіянат па фотабёрдынгу далёка не першы. Разам з жонкаю яны зацікавіліся птушкамі пяць гадоў таму.

«Ідзеш па горадзе – бачыш: верабей, але ён нейкі не такі верабей. Пачынаеш прыглядацца – аказваецца, вераб‘ёў два віды, а акрамя вераб’ёў можна пабачыць яшчэ іншых птушак. Кармушку павесіў – там яшчэ сабралася некалькі відаў», – кажа Сяргей.

Правілы чэмпіянату простыя: у камандзе з двух чалавек або індывідуальна трэба за пэўны час сфатаграфаваць як мага болей відаў. І правільна іх вызначыць. Шукаць пярнатых можна ў любым месцы, але важна рабіць сэлфі кожную гадзіну спаборніцтваў.

«Ходзім з 9-й раніцы, па лесе, па полі, па вадзе, нават хадзілі па сметніках ля Заслаўя, таму што іх было вельмі шмат, падабрацца было не магчыма, бо бруд быў да калена», – кажа іншая ўдзельніца чэмпіянату Анастасія.

«Я ўзнаўляю энергію такім чынам, назіраю, сыходжу ў сябе. Плюс калі ў дэкрэце сядзіш, хочацца чымсьці заняцца і адначасова спалучыць і прагулкі з дзіцём, і назіранне, і нейкае спазнанне», – кажа Марыя, удзельніца чэмпіянату.

Вядома, узімку можна пабачыць не так шмат відаў, як увесну. Але прынамсі два дзясяткі птушак могуць трапіць у аб’ектыў. Да прыкладу, толькі дзятлаў у Беларусі жыве 10 відаў. Агулам жа зімовымі спаборніцтвамі ўдзельнікі сфатаграфавалі больш за 60 відаў.

«У нас сёння ўзяло ўдзел каля 60 удзельнікаў з усіх вобласцяў Беларусі, і мы яшчэ будзем чакаць да панядзелка ўсіх здымкаў, а потым пэўны час, каб вызначыць, хто перамог», – кажа каардынатар чэмпіянату Сямён Левы.

«Вельмі шмат летніх відаў ужо прыляцелі ў Берасце: і жаўрука, і кнігавак, і кулікоў, і вялікага зуйка бачылі. Я думаю, што Берасце будзе лідараваць, у першай тройцы ўсе будуць адтуль, там вельмі шмат бэрдўотчараў», – кажа пераможца восеньскага чэмпіянату Генадзь Ардзюк.

Да таго ж асобна абяруць найлепшы фотаздымак. Вынікі апублікуюць наступным тыднем.

Наста Кахановіч, «Белсат»