Дзень без інтэрнэту: выклік ці шанец пражыць дзень карысна?


Зайшоў у «Інстаграм» – ды праваліўся ў чорную дзіру. Знаёма? Тады варта далучыцца да Дня без інтэрнэту, які пройдзе ўжо заўтра. Ініцыяваны Брытанскім інстытутам сацыяльных вынаходстваў, ён адзначаецца ўжо цягам 24-ох гадоў. У гэты дзень людзі адмаўляюцца ад гэджэтаў і праводзяць час у рэальнай прасторы. Падрабязней – Наста Печанькова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лямпа-кола і тэлефон для стрыму – усё, што трэба для працы блогерцы Аляксандры Лагуноўскай, або Сандры. Яна вядоўца сацыяльных сетак некалькіх беларускіх медыяў, а таксама стваральніца YouTube-шоу «За келіхам». Дзяўчына прызнаецца: інтэрнэт дае ёй шмат магчымасцяў – ад прафесійнага развіцця да адпачынку.

«Інтэрнэт вельмі спрасціў жыццё. Напрыклад, для пошуку інфармацыі табе не трэба ісці ў бібліятэкі… Плюс нашмат прасцей стала цяпер камунікацыя. У мяне ёсць сябры ў розных краінах, у розных гарадах», – кажа блогерка Сандра.

Больш скептычна да ролі сеціва ставяцца дактары. Паводле розных звестак, на сёння ад інтэрнэт-залежнасці пакутуюць каля 6-ці адсоткаў карыстальнікаў у веку ад 15-ці да 35-ці гадоў. У шэрагу краінаў, сярод якіх – Кітай, Паўднёвая Карэя і ЗША, больш за 15 гадоў функцыянуюць спецыяльныя больніцы для інтэрнэт-залежных, дзе лекуюць ад псіхалагічных і фізічных наступстваў разладу.

«Калі доўга сядзім за смартфонам ці камп’ютарам, гэта можа выклікаць хваробы хрыбетніка, таксама псуецца зрок, калі інтэрнэтам карыстаемся ў вечаровыя гадзіны – пагаршаецца якасць сну», – адзначае доктар Антон Юран.

Паводле эксперта, ад празмернага карыстання інтэрнэтам цярпіць не толькі арганізм, але і псіхіка чалавека. Усё больш людзей схільныя да думскролінгу – некантраляванага гартання стужак сацыяльных сетак, прагляду забаўляльнага кантэнту і кароткіх відэа. Псіхолаг Наталля Скібская адзначае, што гэтак мы спрабуем атрымаць лёгкі танны дафамін – нейрамедыятар, які яшчэ называюць гармонам задавальнення.

«Хуценька ты паглядзеў – і ў цябе галачка: зрабіў. А ў такі бессэнсоўны час, калі шмат бяссілля адчуваем, нам вельмі важнае адчуванне поспеху, што ў мяне штосьці атрымліваецца. Таму людзі і бавяць час за праглядам нейкіх навінаў і відэа», – мяркуе псіхолаг Наталля Скібская.

Негатыўна ўплывае на чалавека і празмернае спажыванне навінаў. Ён губляе матывацыю, робіцца больш раздражняльным і адчувае непакой. І тут, кажа экспертка, на дапамогу прыходзяць правілы інфармацыйнай гігіены.

«Прааналізаваць, якія каналы вы гледзіце. І пазбавіцца тых, дзе чытаеце тыя сама навіны. Ці, напрыклад, абмяжоўваць сябе ў чытанні падрабязнасцяў», – раіць псіхолаг.

Паводле дактароў, прафілактыкай інтэрнэт-залежнасці можа стаць і гэтак званы лічбавы дэтокс. Адмовіцца ад тэлефона, кампʼютара і кантэнту ў іх прапануюць падчас Усясветнага дня без інтэрнэту, які сёлета пройдзе 28-га студзеня. Але чым запоўніць вызвалены час?

«Выходзіць да іншага чалавека. Нейкія спатканні сяброўскія, супольны час, спорт таксама добрая рэч, каб адарвацца ад інтэрнэту, нейкае хобі. Вельмі шмат можна прыдумаць, толькі было б жаданне», – кажа Антон Юран.

Ліставанне з сябрамі, пошук аўтобусных маршрутаў, прагноз надвор’я і пакупкі онлайн. Уявіць жыццё сучаснага чалавека без смартфона фактычна нерэальна – дый няма такой патрэбы. Галоўнае – адчуваць меру пры ўжыванні гэджэтаў, а пра неабходнасці рабіць перапынкі – хаця б на адзін дзень.

Наста Печанькова, «Белсат»