27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту


Пудраніца з рэшткамі пудры, акуляры з цэлымі арыгінальнымі шкельцамі, непашкоджаны дзіцячы кубак – працаўніца Музею Варшаўскага гета, старэйшая адмыслоўца аддзелу калекцыяў Магдалена Крушэўска-Поляк, паказвае рэчы, знойдзеныя падчас раскопак у цэнтры польскай сталіцы, на тэрыторыі гета:

«Гэта прадметы, якія мы ведаем з паўсядзённага жыцця. Але яны выключныя, бо асобы, якія імі карысталіся штодня, загінулі. І загінулі ў Галакосце, то бок мы ведаем, што іхная дарога да смерці была вельмі цяжкая».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За гады Другой усясветнай вайны нацысты знішчылі ў акупаванай Еўропе не менш за шэсць мільёнаў габрэяў, кажа даследніца і журналістка, працаўніца Музею Варшаўскага гета Маша Макарава. Ацалеў толькі прыблізна адзін з трох прадстаўнікоў нацыі. Але гэта не канчатковая лічба, бо большасць ахвяраў дасюль ананімная.

«Гэта было забойства масавае, забойства ў тым, што мы называем лагерамі смерці, то бок адмыслова пабудаваных цэнтрах масавага знішчэння, якія пастаянна ўдасканальваліся, вынаходзіліся ўсё новыя, больш вытанчаныя спосабы забойства», – кажа Маша Макарава.

У Савецкім Саюзе тэму Галакосту і забойстваў габрэяў замоўчвалі, замест гэтага казалі пра знішчэнне савецкіх грамадзянаў на тэрыторыях, акупаваных нацыстамі. Пры гэтым кіраўніцтва краіны ведала, што прычыны забойства габрэяў асаблівыя, падкрэслівае гісторык з Ізраілю Леанід Гершовіч. А менавіта – вынішчэнне ўсёй нацыі:

«Гэта супярэчыла савецкаму наратыву пра Вялікую Айчынную вайну, што нібыта нацысцкая Германія (яны называлі гэта фашысцкай Германіяй) ваявала з Савецкім Саюзам па матывах барацьбы з камунізмам і гэтак далей».

Гісторыкі пагаджаюцца, што на тэрыторыі Беларусі нацысты знішчылі каля васьмісот тысяч габрэяў, кажа Леанід Гершовіч. Пры гэтым у лукашэнкаўскай Беларусі пра Галакост згадваюць нячаста. А два гады таму Лукашэнка падпісаў адмысловы Закон аб генацыдзе беларускага народу, які прадугледжвае юрыдычнае прызнанне факту генацыду, а пад беларускім народам разумеюцца ўсе, хто тады жыў на тэрыторыі рэспублікі. Але называць генацыдам тое, што адбывалася з беларусамі падчас вайны, нельга, тлумачыць гісторык.

«Гэта сотні вёсак, знішчаных і спаленых як у помсту за падтрыманне партызанаў, так і з іншых прычынаў, гэта тэрор супраць цывільнага насельніцтва, гэта ўсё вядома было, і гэтага ніхто не адмаўляе 340 Але ў нацыстаў не было такой ідэі, такой канцэпцыі глабальнага знішчэння беларускага этнічнага насельніцтва», – кажа Леанід Гершовіч.

Між тым лукашэнкаўская Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду беларускага народу, а генеральны пракурор Андрэй Швед патлумачыў:

«Не менш важна сёння арганізаваць, наколькі гэта магчыма, інфармацыйнае суправаджэнне на Захадзе, бо там фактычна праўду знішчылі, бо яны баяцца гэтай праўды, яны яе не хочуць».

Адмысловы навучальны курс прапаноўваюць увесці ў школьныя і ўніверсітэцкія праграмы, а прапаганда актыўна выкарыстоўвае і распаўсюджвае тэрмін «генацыд беларускага народу».

«Гэта звязана з мэтанакіраванай палітыкай выбудоўвання вобразу ворага, які ўпісваецца ў міфалогію Другой сусветнай вайны, ці Вялікай Айчыннай вайны, як яна называецца на постсавецкай прасторы, менавіта дзеля таго, каб паказаць, што галоўны вораг беларусаў – гэта Захад», – лічыць палітолаг Павел Усаў.

Між тым на знак памяці ахвяраў Галакосту на будынку Нацыянальнай бібліятэкі запусцілі бягучы радок па-беларуску і на іўрыце. Акцыі ўшанавання ладзяцца па ўсім свеце.

Падчас урачыстасці ў штаб-кватэры Асамблеі ААН генеральны сакратар арганізацыі Антонью Гутэрыш падкрэсліў, што антысемітызм, які прывёў да Галакосту, не пачаўся з нацыстаў і не) скончыўся з іхнаю паразаю. Нянавісць сёння распаўсюджваецца з небывалаю хуткасцю, і кожны абавязаны абараняць праўду і чалавечнасць.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»