Што вядома пра Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту?


Бельгійцу Шымону Граноўскаму было адзінаццаць гадоў, калі яму ўдалося ўцячы з цягніка смерці. «Спачатку я не скочыў, бо цягнік ішоў захутка. Але раптам цягнік запаволіўся – і тады я скочыў», – так ён узгадвае свае ўцёкі падчас экскурсіі ў лагеры Аўшвіц-Біркенаў. Менавіта сюды трапілі тыя, каго везлі разам з ім.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту Генеральная Асамблея ААН абвясціла ў 2005 годзе, дата прыпадае на гадавіну вызвалення савецкімі войскамі вязняў нацысцкага канцэнтрацыйнага лагеру Аўшвіцу. Толькі ў гэтым лагеры гітлераўцы ды іхныя памагатыя падчас Другой сусветнай вайны знішчылі больш за мільён асобаў.

«Дзіцячае адзенне, гэта вельмі ўсхвалявала мяне. Выстава з адзеннем рэальнай малой дзяўчынкі, гэта мяне кранула».

«Сумна бачыць, як людзі пакутавалі ў мінулым, і што гэта ўсё яшчэ адбываецца проста цяпер у Расеі і Украіне. Цяжка гэта бачыць», – кажуць наведнікі лагеру Аўшвіц-Біркенаў пасля экскурсіі.

Ахвярамі Галакосту сталі каля шасці мільёнаў габрэяў. У памяць пра іх у штаб-кватэры ААН адкрылася інсталяцыя «Кніга імёнаў “Яд Вашэм”» – спіс з амаль пяці мільёнаў задакументаваных імёнаў загінулых. У канцы васьміметровага пераліку – пустыя старонкі, што сімвалізуюць безыменных ахвяраў.

«Гэтая выстава – заклік да дзеяння: каля мільёна ахвяраў Галакосту застаюцца неапазнанымі – і мы спаборнічаем з часам. Гэта заклік да памяці: паколькі застаецца ўсё менш людзей, якія былі непасрэднымі сведкамі, мы мусім знайсці новыя спосабы захаваць успаміны пра загінулых. Гэта заклік да роздумаў: убачыць у кожнай ахвяры чалавека, з ягонымі надзеямі і марамі, а не безасабовую безыменную істоту», – казаў на адкрыцці выставы генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш.

Спрыяюць захоўванню памяці пра Галакост і сучасныя тэхналогіі. Фільм віртуальнай рэальнасці «Triumph of the Spirit: 360 degrees» («Трыумф духу: 360 градусаў») дае гледачам магчымасць наведаць былы лагер смерці Аўшвіц без візіту ў Польшчу.

«Мне стала вельмі кепска. Так, я адчуў… адчуў, што ўсе гэтыя падзеі вярнуліся ў маю галаву», – кажа пасля прагляду фільму Мэнахэм Габэрман, які выжыў у лагеры смерці Аўшвіц.

«Вы бачыце абутак людзей, вы бачыце… іхныя рэчы збоку, і яны ідуць і… гэта цяжка патлумачыць, але абавязкова трэба паглядзець гэта. І калі вы глядзіце, гэта падобна да кашмару, у якім вы не хочаце быць», – дзеліцца ўражаннямі ад фільму 17-гадовы Давід Бітан.

Штучны інтэлект выкарыстоўваюць і для фіксацыі ўспамінаў тых, хто перажыў Галакост.

Дзевятнаццаць грамадзянаў Ізраілю ўжо ўзялі ўдзел у праекце генерацыі выяваў, што дапамогуць захаваць памяць пра падзеі васьмідзесяцігадовай даўніны. Адмысловая праграма дазваляе пераводзіць тэкст у шэраг выяваў, а апавядальнік выбірае варыянты, што найбольш пасуюць.

«Некаторыя людзі не хочуць пра гэта ўзгадваць. А я лічу вельмі важным нагадаць ім і паказаць, што ў нашым жыцці можа паўтарыцца ўсялякае. І мы не мусім пра гэта забываць, разумееце?», – кажа Эгудыт Браха Сэрхук, якая перажыла Галакост.

Ваенныя злачынствы не маюць тэрміну даўніны, таму да сённяшняга дня вінаватых прыцягваюць да адказнасці. У канцы снежня ў Нямеччыне адбыўся суд над 97-гадовай Ірмгард Фурхнэр. Жанчыну, якая працавала сакратаркай у канцэнтрацыйным лагеры, прызналі вінаватай у суўдзеле ў Галакосце.

«Пацярпелых цікавіла толькі тое, каб яе прызналі вінаватай, а не тое, які тэрмін яна атрымае. Яны хацелі, каб дзяржава прызнала яе вінаватай у хаўрусніцтве і падбухторванні да забойства – за гэтую жахлівую колькасць загінулых», – кажа адвакат з боку пазоўнікаў Ганс-Юрген Фёрстэр.

Днямі кіраўнік Цэнтральнай управы дзяржаўных судовых органаў Нямеччыны ў расследаванні нацыянал-сацыялістычных злачынстваў Томас Віль перадаў у пракуратуру яшчэ пяць справаў, паводле якіх могуць пачацца суды.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»