Ці стане Беларусь ахвярай вайны Украіны і Расеі?


ЗША прыгразілі Беларусі адказам, калі Лукашэнка дапаможа Расеі з уварваннем ва Украіну. Саюзнікі з NATO вельмі занепакоеныя тым, што ўздоўж паўночнай мяжы з Украінаю Расея правядзе вучэнні ды сцягвае войскі ў Беларусь, якая мяжуе з некалькімі чальцамі NATO. Польшча, Латвія, Літва і Эстонія занепакоеныя патэнцыйным уварваннем Расеі на іх тэрыторыю. Але Лукашэнка лічыць неабходным прысутнасць расейскіх вайскоўцаў на паўднёвых межах краіны, бо цвердзіць, што ёсць пагроза нападу з боку Украіны. І не бачыць нічога дрэннага ў супольных вучэннях.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Так, ён заявіў: «Я вымушаны гэта рабіць, таму што на мяжы з Украінай у нас не лепш, чым з палякамі. І адтуль у асноўным ідуць сотні выпадкаў, мы затрымалі зброю. Адзін выпадак праз Расею быў пастаўкі, але мы затрымалі».

Сёння Расея працягнула пераводзіць з Усходняй вайсковай акругі ў Беларусь знішчальнікі Су-35, задзеяныя ў сілах рэагавання Саюзнай дзяржавы. Як паведамляюць у Мінабароны РФ, наступным этапам будзе перадыслакацыя 9-га лютага войскаў для аховы і абароны важных дзяржаўных аб’ектаў і паветранай прасторы Беларусі. Украінскае Міністэрства замежных справаў называе такія дзеянні псіхалагічнай атакаю.

Паводле Дмытра Кулэбы тое, што мы цяпер бачым, – гэта сцэнар дэстабілізацыі Украіны. І гэты сцэнар, несумненна, непазбежны. Гэта ўжо адбываецца праз распаўсюд панікі, ціск на ўкраінскую фінансавую сістэму, правядзення кібератак супраць Украіны. Гэта частка плану Расеі. Кулэба амаль упэўнены, што прэзідэнт Пуцін быў бы шчаслівы, калі б гэты план увянчаўся поспехам, так што яму нават не прыйшлося б звяртацца да вайсковай сілы, каб паставіць Украіну ў вельмі слабае становішча.

Ці гатовая Беларусь да ваенных дзеянняў з Украінаю цяпер, калі краіна пад эканамічнымі санкцыямі Еўразвязу за дзеянні рэжыму? Вайсковыя эксперты адмаўляюць магчымасць наступу і прагназуюць паразу.

Паводле падпалкоўніка запасу ўкраінскіх ВСУ ні ў Расеі, ні ў Беларусі цяпер няма дастаткова сілаў, каб стварыць наступальныя групоўкі для ўварванне з двух або трох кірункаў. Уварвацца на тэрыторыю Украіны, на глыбіню 10–15–20 кіламетраў і ўгразнуць у баях з тымі сіламі, якія будуць кінутыя на перахоп, – гэтым усё і скончыцца.

Акрамя таго, эксперты нагадваюць, што калі з тэрыторыі Беларусі пачнуцца абстрэлы Украіны, то тыя маюць права адказаць. А значыць, не пазбегчы чалавечых ахвяр. Паблізу ўкраінскай мяжы размешчаныя два буйныя абласныя цэнтры – Берасце і Гомель.

Паводле эканамістаў, эканоміка Беларусі дакладна не вытрымае ваенных канфліктаў, пацярпіць прамысловы сектар краіны, які і так перажывае не найлепшыя часы. І змена рыторыкі Лукашэнкі дзеля падтрымання Пуціна – гэта спроба дамовіцца аб фінансавых выгадах і адтэрмінаванні пазык.

Яраслаў Раманчук кажа:

«Нафтахімія, угнаенні, металы, харчавання, дрэваапрацоўка апошні год спыніліся. Светлагорскі ЦКК, прадпрыемствы, якія былі мадэрнізаваны з дапамогай кітайскіх крэдытаў, кладуцца цяжкім цяжарам на бюджэт на банкі».

На фоне сцягвання расейскіх войскаў на Данбасе і на поўдні Беларусі да межаў Украіны NATO паабяцала ўзмацніць сваю прысутнасць ва Усходняй Еўропе.

На сёння Паўночнаатлантычны альянс налічвае каля чатырох тысяч вайскоўцаў у складзе шматнацыянальных батальёнаў у Эстоніі, Літве, Латвіі ды Польшчы. Жаўнераў падтрымліваюць танкі, сродкі супрацьпаветранай абароны і падраздзяленні выведкі ды назірання.

У Крамлі ўжо паспелі заявіць, што якія-небудзь новыя дзеянні Паўночнаатлантычнага альянсу будуць расцэньвацца адпаведна.

ЗША, у сваю чаргу, паабяцалі ў выпадку расейскай агрэсіі ва Украіне перакінуць 8000 вайскоўцаў у Польшчу, Балгарыю і Румынію.

Валерыя Кірычава, Уладзімір Старыковч «Белсат»