Сёння адзначаюць Дзень памяці ахвяраў Галакосту


27-га студзеня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Галакосту. 77 гадоў таму савецкія войскі вызвалілі палонных аднаго з самых жахлівых лагераў смерці Аўшвіц-Біркенаў, больш вядомага пад польскай назвай «Асвенцім». З нагоды гістарычнай даты прайшоў шэраг мерапрыемстваў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Польскі горад Тыкоцін. 25 жніўня 1941 года – праз два месяцы пасля акупацыі гэтай тэрыторыі, тут адбылася жахлівая трагедыя. Немцы сабралі габрэйскае насельніцтва гораду і бліжэйшых мястэчак і за два дні расстралялі ўсіх у лесе паблізу Тыкоціну.

«Уяўляеце, больш за 400 прозвішчаў. З кожным прозвішчам звязана некалькі 20-30 чалавек: дзеці, бабулі, дзядулі. Яны ўсе на працягу аднаго дня сталі забітымі», – распавядае навуковы супрацоўнік музею ў Тыкоціне Дар’юш Шада-Бажышкоўскі.

Пасля падзелу Польшчы 1939 года Тыкоцін уваходзіў у вызначаную немцамі тэрыторыю Беластоцкай акругі. Таксама на той час туды ўваходзілі сучасныя тэрыторыі Гарадзенскага, Пружанскага, Ваўкавыскага раёнаў. Гэтыя землі былі захопленыя нацыстамі аднымі з першых, і ў кожным з акружных цэнтраў былі створаныя габрэйскія гета.

«У акругу Беластоку ўключалася больш за 200 тысяч габрэяў. І трэба адназначна сказаць, што большасць з іх загінула ў страшных абставінах – што ў Лідзе, што ў Горадні, што ў Беластоку, што ў Тыкоціне», – дадае навуковы супрацоўнік.

Цяпер на месцы падзеяў у Тыкоціне ёсць мемарыяльная дошка з імёнамі ахвяраў Галакосту.

Агулам падчас Галакосту на тагачаснай тэрыторыі Беларусі было знішчана каля васьмісот тысяч габрэяў – гэта 82 адсоткі габрэйскага насельніцтва Беларусі. Але, нягледзячы на гэтыя лічбы, паводле гісторыка Леаніда Смілавіцкага, захаванню памяці аб ахвярах Галакосту ў Беларусі надаецца невялікая ўвага.

«Калі Вы запытаеце мяне пра тое, наколькі вывучаная тэма Галакосту ў Беларусі, я Вам скажу, што да гэтага часу словы не падмацоўваюцца справамі. Няма габрэйскага музею, няма музею гісторыі менскага гета, няма музею гісторыі Галакосту. Ва ўсіх краінах ёсць, а ў Беларусі няма», – кажа старэйшы навуковы супрацоўнік цэнтру дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце Леанід Смілавіцкі.

У пасляваенны час тэма Галакосту замоўчвалася з ідэалагічных прычынаў. Гэта працягваецца і ў сучаснай Беларусі. Летась у снежні быў прыняты закон аб «генацыдзе беларускага народу», аднак яго мэта – зусім не захаванне гістарычнай памяці – кажа наш эксперт:

«Гэта закон, які кідае папрок у бок Еўразвязу. Па прынцыпе: вы скарыліся – у вас не было генацыду. Вы не пацярпелі. Гэта папрок у бок Нямеччыны. Вы нас забівалі, а зараз жыцця вучыце. Як вы разумееце, закон, які не мінуў навуковую экспертызу. Закон, які не нараджаецца ў спрэчцы – гэта не закон. Гэта чарговая каманда для карнікаў».

Дзень памяці ахвяраў Галакосту шырока адзначаецца ва ўсім свеце. Так, у Аўшвіцы адбылася ўрачыстая цырымонія, прысвечаная 77-й гадавіне вызвалення нямецка-фашысцкага канцэнтрацыйнага лагеру смерці Асвенцім. А ў Вільні прайшла экскурсія па экспазіцыі Галакосту ў габрэйскім музеі. Наведнікам выставы распавялі, як жылі людзі ў віленскім гета, дзе быў свой аркестр, хор і нават тэатр.

«Калі ты жывеш у такіх невыносных умовах, трэба знайсці спосаб застацца чалавекам. Зварот да духоўнага жыцця, да культуры стаў псіхалагічнай тэрапіяй, якая дапамагла справіцца з тымі жахамі, які адбываліся навокал«, – кажа гід і гісторык музею Шарунэ Седзярвічуце.

«Галакост распачаўся менавіта ў Літве. Калі нацысты напалі на Савецкі саюз у 41 годзе, яны ўвялі радыкальныя захады супраць габрэяў, а Літва была першай краінай на мяжы, таму за першыя 4 месяцы нямецкай акупацыі 80 адсоткаў габрэяў былі знішчаныя», – дадае валанцёр з Аўстрыі Флорыян Эдлінгер.

Літоўскія габрэйскія суполкі заклікалі ў гэты дзень наведаць месцы расправы над габрэямі і аддаць даніну памяці забітым.

Наста Печанькова «Белсат»