«NEXTA» застаецца ў Польшчы. Суд Варшавы адмовіў у выдачы Сцяпана Пуцілы беларускім уладам


Беларускі рэжым захацеў вярнуць на радзіму галоўнага «экстрэміста» краіны – Сцяпана Пуцілу. Следчы камітэт скіраваў у Польшчу запыт на экстрадыцыю тэлеграм-блогера. Сёння акруговы суд Варшавы разгледзеў гэтую справу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пад дзвярыма залы паседжання сабраліся блізкія Сцяпана ды прадстаўнікі беларускай дыяспары. Пра позву аб экстрадыцыі блогер даведаўся яшчэ ў снежні. Але моцнага хвалявання сітуацыя ў яго не выклікала.

«Я разумеў з самага пачатку, што гэта ўсё фікцыя, фарс. Таму што ўсе разумеюць, што Польшча не выдасць ніколі чалавека туды, дзе можа пагражаць нават смяротнае пакаранне, бо па гэтых артыкулах яно таксама прадугледжанае. І, вядома, я разумею, што ў Польшчы, у адрозненні ад Беларусі, дзейнічае закон», – зазначае Сцяпан Пуціла, заснавальнік тэлеграм-каналу «NEXTA».

Улады Беларусі даўно дабіваюцца выдачы Пуцілы, тэлеграм-канал якога яны прызналі экстрэмісцкім.

«Ліст, які выслалі па Сцяпана, – гэта палітычная помста за яго грамадскую дзейнасць, за яго журналісцкую дзейнасць і за тое, што ён з’яўляецца чалавекам, які натхняе мільёны беларусаў і які спрабаваў у 2020 годзе зрабіць Беларусь дэмакратычнай і свабоднай», – мяркуе Алесь Зарэмбюк, каіраўнік Беларускага дому ў Варшаве.

Паседжанне заняло не болей за 40 хвілінаў, большую частку часу суддзя пералічваў артыкулы, паводле якіх Сцяпана вінавацяць у Беларусі. А гэта ажно дзесяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «Заклік да дзеянняў на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы», «Паклёп», «Абраза прэзідэнта» і «Здрада дзяржаве». Позву і абвінавачванні польская пракуратура палічыла няслушнымі.

«Сцяпан Пуціла карыстаецца з права прытулку на тэрыторыі Рэспублікі Польшчы, што цалкам выключае яго выдачу беларускім уладам. Таму пацвярджаю, Сцяпан Пуціла не будзе экстрадаваны на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», – заявіў на паседжанні пракурор.

Адваротную сітуацыю з экстрадыцыяй можна назіраць у Расеі. Нягледзячы на тое, што краіна-суседка ратыфікавала адпаведную Канвенцыю і Дамову аб правах чалавека, але актыўна выдае ў Беларусь асобаў, пераследаваных з палітычных матываў. Найбольш вядомы выпадак, бадай, са спартоўцам Аляксеем Кудзіным.

«Нават калі СПЧ прыме рашэнне, каб не выдаваць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ў Беларусь, то ўсё роўна выдача можа адбыцца, так як фактычна не ўстаноўленая адказнасць за невыкананне гэтых рашэнняў СПЧ», – распавядае Антон Гашынскі, адвакат Маскоўскай калегіі ФСБ.

Суддзя акруговага суда Варшавы адмовіў беларускаму рэжыму ў выдачы заснавальніка аднаго з найпапулярнейшых тэлеграм-каналаў. Падставамі для гэтага сталі не толькі агульнаеўрапейскія падыходы да абароны правоў чалавека, але палітычная сітуацыя ўнутры і вакол Беларусі. Гэткае рашэнне задаволіла Сцяпана і ягонага абаронцу. Тым больш што распаўсюджвацца яно на ўсе краіны Еўрапейскага Звязу.

«Гэта справа закончыцца ўжо сёння, паколькі няма суб‘екту, які можа аспрэчыць рашэнне суда. Беларускі бок не ёсць непасрэдным удзельнікам працэсу, а польская пракуратура пастанавіла адмовіць у дэпартацыі майго кліента», – зазначыў Стэфан Цесьля, абаронца Сцяпана Пуцілы.

«Мяне ўразіла прамова суддзі, які назваў рэчы сваімі імёнамі і сказаў, што ў Беларусі злачынны рэжым, які не мае нічога супольнага з міжнародным правам», – дадаў Сцяпан.

Суддзя пастанавіў, цытата: «Нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча псіхапатычны дыктатар» – і гэтыя словы закончылі справу аб выдачы ў Беларусь Сцяпана Пуцілы.

Марыля Дакуцька, «Белсат»