Меркаваны агент ГУБАЗіК: «BYPOL хлусіць»


Вячаслаў Быстроў – новая зорка лукашэнкаўскай агентуры ў замежжы – раскрыты і псіхалагічна дрыжыць у чаканні арышту… Пра гэта паведаміў «Белсату» прадстаўнік ініцыятывы «BYPOL», якая сёння апублікавала расследаванне пра меркаванага агента падраздзялення ГУБАЗіК. Байпол сцвярджае, што Быстроў пад маскаю палітычнай ахвяры пранік у польскі лагер для ўцекачоў у Дэнбаку. Нам удалося паразмаўляць з «агентам». Якую місію меў у Польшчы мужчына і якая будучыня яго чакае?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ініцыятыва «Байпол» аднаго за другім раскрывае агентаў, якія напружваюць беларускую апазіцыйную дыяспару перадусім у Польшчы.

Вячаслаў Быстроў, які чакае на атрыманне статусу палітычнага ўцекача, паводле афіцыйных дакументаў, уцёк ад рэжыму… «Байпол» паказвае іншы бок медаля:

«Быстроў 6 разоў судзімы за маёмасныя злачынствы – крадзеж і грабяжы. (…) Зноў і зноў вяртаўся ў месцы пазбаўлення волі, дзе пазней і заключыў кантракт аб супрацы на платнай аснове з аператыўнікамі СІЗА №1 гораду Менску».

На «Валадарцы» Вячаслаў працаваў падсадным, аказваў псіхалагічны і фізічны ціск на затрыманых. Супрацоўнічаў таксама з трэцім упраўленнем ГУБАЗіК па супрацьдзеянні экстрэмізму – вынікае з матэрыялаў Байполу. Пра тое як вярбуюць крымінальнікаў, кажа чалец праўлення «Прававой ініцыятывы» Сяргей Усцінаў.

«Такіх людзей вярбуюць супрацоўнікі сілавых структураў. Часцей за ўсё гэта супрацоўнікі КДБ, але цяпер бачым, што і ГУБАЗіК. Гэта людзі, які ў асноўным трапляюцца на злачынствах у ідэале паводле арт. 328. Ён “наркатычны” – нібыта нічога не скрадзена, нібыта ні за што чалавека “прынялі”. І яму прапаноўваецца супраца», – патлумачыў Усцінаў.

У апошні год дзейны палітычны рэжым запісвае ў экстрэмісты перадусім апазіцыю. «Дзеячы яе за мяжою – былі мэтамі агента

«”Быстрова” – чуем з даследавання»:

«Фізічная ліквідацыя лідараў “Байпол”, а таксама палітыка Паўла Латушка».

Пасля «перакідвання» у Варшаву, Быстроў – нік у Тэлеграме – Слава Волк – актыўна далучаўся да мясцовых чатаў, наведваў арганізаваныя дыяспарай сустрэчы. Фатаграфаваўся з удзельнікамі, вёў прыватную перапіску з выбранымі асобамі.

Гэтак літаральна ўчора Станіслаў пакінуў каментары ў сторыз на Інстаграме Юліі Юхно-Тарасевіч – той самай дзяўчыны, якая была аўтаркаю дызайну бранзалетак пераменаў пад час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. І была гераіняю сюжэтаў на «Белсаце» і ў іншых медыях. Юлія жыве ў Польшчы. Яна паведаміла нам, што са Станіславам не знаёмая. У прытулку ў Дэнбаку Вячаслаў пражывае некалькі месяцаў. У дзень публікацыі сюжэту «Байполу» – нашая крыніца бачыла там меркаванага агента.

«Выглядае ён дзіўна. У наколках. Не зусім такі, як у роліку. Яму нібыта сківіцу зламалі. Але нічога асуджальнага не магу сказаць. Я ў “BYPOL” напісаў. Адказалі, што ён пад наглядам», – сказала ананімная крыніца.

Добразычлівы для тамтэйшых жыхароў, спакойны… і, як аказалася, гатовы размаўляць пра сваю сітуацыю Вячаслаў Быстроў заявіў:

«Гэта паклёп. Я знаходжуся ў лагеры ўжо некалькі месяцаў. Вы разумееце, што такое лагер для ўцекачоў? У мяне вельмі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Я ім цяпер заняты і тым, дзе на кусок хлеба зарабіць. Аляксандр Азараў жа, па сутнасці, спрабаваў мяне вербаваць, калі я яшчэ сядзеў. Спрабаваў мяне да адной справы “прышыць”, але не атрымалася. У мяне з імі даўно рознагалоссі».

Быстроў кажа, што не мае права казаць больш, пакуль чакае на атрыманне ўцякацкага пасведчання. Але абараняць сябе яму, магчыма, давядзецца ў польскім судзе.

Аляксандр Азараў сказаў «Белсату»:

«Спецслужбы ведаюць пра Быстрова, яны яго цалкам кантралююць і яны будуць прымаць рашэнне, што з ім будзе надалей. Ён не можа пакідаць тэрыторыю Польшчы. Ён находзіцца ў пастцы. Вы ўяўляеце, што ён цяпер адчувае? Ён рыхтуецца да арышту кожную хвіліну і думае, што зараз па яго прыйдуць. У яго цяжкі псіхалагічны стан. Ён звяртаецца да сваіх куратараў ГУБАЗіК, цяпер піша ім паведамленні “ЗАБЯРЫЦЕ МЯНЕ”».

Напярэдадні «Байпол» распавядаў, як у Варшаве «адпрацавалі» два кадравыя супрацоўнікі ГРУ. Тыя паспелі пакінуць Польшчу, але пры вяртанні трапіліся беларускім памежнікам з круглаю сумай ашчаджаных камандзіровачных, за што паляцелі ўніз карʼернай лесвіцы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»