Енс Стольтэнберг: «Напружанне расце. Расея працягвае свае мілітарысцкія прыгатаванні»


Міністэрства абароны агучыла сцэнар беларуска-расейскіх вайсковых вучэнняў, што маюць адбыцца з 10 да 20 лютага на тэрыторыі Беларусі. Паводле легенды, Рэспубліка Палессе і Паўночная Федэрацыя будуць супрацьстаяць краінам Нярыс, Памор’е, Клопія ды падкантрольным ім тэрарыстычным арганізацыям.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Галоўнай прычынай нападу задуманае імкненне дэстабілізаваць мірную «Рэспубліку Палессе», змяніць у ёй уладу, ліквідаваць Саюзную дзяржаву і ўрэшце аслабіць «Паўночную Федэрацыю» – патлумачыў начальнік Генеральнага штабу беларускіх узброеных сілаў генерал-маёр Віктар Гулевіч. Паводле ягоных словаў, вынікам мерапрыемстваў стане ацэнка таго, ці здольныя вайсковае кіраўніцтва і самі войскі выканаць задачы для гарантавання ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Першыя расейскія вайскоўцы разам з тэхнікаю былі заўважаныя ў Беларусі 19 студзеня – амаль за месяц да пачатку манеўраў. Ішла гаворка пра ўдзел, паводле розных крыніцаў, ад сямі да сямнаццаці з паловай тысячаў чалавек і вялікай колькасці разнастайнай тэхнікі. І гэта – акурат у той час, калі Расея працягвае канцэнтраваць каля ста тысячаў сваіх вайскоўцаў непадалёк ад мяжы з Украінай. На гэта не могуць не звяртаць увагі лідары заходніх краінаў і кіраўніцтва NАТО. Генеральны сакратар Альянсу Енс Стольтэнберг адзначыў:

«Напружанне расце. Расея працягвае свае мілітарысцкія прыгатаванні. І цяпер мы бачым больш расейскіх войскаў не толькі вакол Украіны, але ўжо і ў Беларусі».

А Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен запэўніў:

«Мы адкрытыя да дыялогу, аддаем перавагу дыпламатыі і гатовыя рухацца наперад – там, дзе ёсць магчымасць добрых дачыненняў і супрацы, калі Расея знізіць эскалацыю сваёй агрэсіі супраць Украіны і пагодзіцца на ўзаемнае абмеркаванне бяспечнай будучыні Еўропы».

Масква абвяргае ўсе абвінавачванні і сцвярджае, што Расея сама адчувае небяспеку – таму, маўляў, і ўмацоўвае паўднёвыя межы, а таксама «на ўсялякі выпадак» правярае боегатоўнасць сваіх войскаў і баявую вернасць саюзнікаў. Тым часам амбасадар ЗША ў Расеі Джон Саліван учора ўвечары прывёз у расейскае Міністэрства замежных справаў пісьмовы адказ на колішняе патрабаванне Крамля не пашыраць Альянс на ўсход і не прымаць у яго новых чальцоў. Змест гэтага адказу наўмысна не раскрываецца, але, відаць, адрасат не задаволены. У прыватнасці, міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў патлумачыў: наконт галоўнага пытання ў гэтым дакуменце рэакцыі пазітыўнай няма. А галоўным пытаннем расейскага боку застаецца пазіцыя аб недапушчальнасці далейшага пашырэння NАТО на ўсход і размяшчэнне ўдарнай зброі, што можа пагражаць Расейскай Федэрацыі.

Украінцы, між тым, менш слухаюць дыпламатычна-палітычныя рэплікі, а ўсё болей сурʼёзна ставяцца да магчымай вайны. Грамадзяне спасцігаюць вайсковую навуку. І, відавочна, разлічваюць толькі на ўласныя сілы. Афіцэр украінскай арміі Алэксій (прозвішча не назваў) не хавае свайго раздражнення:

«Вельмі ўсе непакояцца пра падзеі ва Украіне, усе свае амбасады эвакуююць, кантынгент… То бок, замежныя краіны. Гэта, пэўна ж, трохі цікава выглядае: спачатку ўсе крычаць: “Мы вас падтрымаем”, а потым эвакуююць сваіх дыпламатаў. Гэта вельмі дзіўна, вам не здаецца?»

Тым часам шматлюдныя і маштабныя вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022» рэкламуюцца як цалкам мірныя і бяспечныя. Прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі палічыў неабходным паўтарыць падчас брыфінгу:

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што вучэнні ў межах праверкі маюць выключна абарончы характар і не нясуць аніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці цалкам, ані для суседніх краінаў – у прыватнасці».

І яшчэ сёння ж генерал-маёр Гулевіч асобна падкрэсліў, што пасля гэтых манеўраў усе расейскія вайскоўцы разам з іхнаю тэхнікай абавязкова паедуць з Беларусі дадому. І дадаў: «Як заўсёды».

Марына Яновіч, Белсат.