Баласт або візітоўка Беларусі? «Беларусбанку» споўнілася 100 гадоў


«Беларусбанку» 100 гадоў! І гэта прычына размаўляць пра ягонае месца ў фінансавай сістэме краіны і свету. «Беларусбанк – візітоўка Беларусі» – чуем ад прэм’ер міністра Рамана Галоўчанка. «Несамастойная занядбаная арганізацыя» – гучыць незалежная ацэнка ад эксперта Белсату. 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тры мільёны кліентаў і 6 млн плацежных карт – хваліцца «Беларусбанк» у свой юбілейны дзень – у 100-годдзе існавання.

Гісторыя аднаго з найбуйнейшых банкаў краіны пачыналася з ашчаднай касы № 16 у цэнтры Менску. Цяпер гэта тысяча дзвесце пунктаў, раскіданых па краіне. «Беларусбанк» дзякуе «за давер» укладальнікам, якіх каля 900 тыс, і субʼектам гаспадарання, якіх 90 тыс.

«З удзелам банку ўвасобленыя ў жыццё найбольш значныя інвестыцыйныя праекты і мадэрнізаваныя шмат якія айчынныя прадпрыемствы. Сёння «Беларусбанк» – гэта не толькі найбуйнейшая фінансава-крэдытная ўстанова, праз якую рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы, але і сапраўдны брэнд Беларусі, чыя надзейная рэпутацыя высока цэніцца за мяжою», – напісана на старонцы belarusbank.by

Не ўсё так прыгожа, як у святочных тэкстах, кажа фінансіст Віталь Алейнік. У сваё 100-годдзе найбуйнейшы дзяржаўны «Беларусбанк» увайшоў неканкурэнтаздольным і несамастойным.

«Гэта неадʼемная надбудова над эканамічным блокам ураду, якая імітуе банкаўскую дзейнасць пад патранатам Нацыянальнага Банку. Маючы значны адміністрацыйны рэсурс, менеджмент гэтай інстытуцыі, які яшчэ да нядаўняга часу займаўся збольшага сенатарскімі справамі, не мае ніякай матывацыі, каб канкураваць за кліента», – кажа фінансіст Віталь Алейнік.

Адзін з прыкладаў здабывання кліентаў – прымусовы перавод заробкаў рабочых Менскага аўтамабільнага заводу з міжнародна «Priorbank» на рахункі айчыннага «Беларусбанку». Апошні дае МАЗу крэдыты і схацеў ушчыльнення супрацы. Агулам – насельніцтву «Беларусбанк» прапаноўвае найцікавейшыя ўмовы па дэпазітах. Найбольш істотныя ільготы – сілавікам, вайскоўцам і намерклатурнікам рэжыму.Сем з дзесяці крэдытаў на жытло ў 21-ым годзе былі аформленыя ў «Беларусбанку». Гэты фінансавы інстытут таксама лідаруе паводле ўзроўню ўласнага статутнага капіталу.

«Дзяржава, па-першае, за кошт унёскаў у статутны капітал і па-другое – за кошт таго, што дасылае буйныя прадпрыемствы і арганізацыі абслугоўвацца ў Беларусбанку і стварае для яго ўсе ўмовы. Адпаведную сітуацыю мы мелі ўсе апошнія 30 гадоў», – кажа старэйшы навуковы працаўнік BEROC Дзмітрый Крук.

Сярод апытаных «Белсатам» беларусаў 26 % задаволеныя абслугоўваннем у «Беларусбанку», 29 % не задаволеныя і 45 % – не кліенты банку (на момант публікацыі).

Дзве тысячы дваццаць другі год для «Беларусбанку», бадай, найцяжэйшы. Праз санкцыі захаду міжнародныя гульцы фінансавага рынку пазбягаюць угодаў з «Беларусбанкам»: закрываюць карэспандэнцкія рахункі, не падпісваюць дамоваў на гандлёвае фінансаванне і дамоваў з удзелам экспартных агенцтваў.

Агенцтва Standard & Poorʼs днямі пацвердзіла доўгатэрміновы рэйтынг эмітэнта «Беларусбанку» у замежнай валюце на ўзроўні ʼCCʼ з негатыўным прагнозам (нават да дэфолтавага стану).

«Без глыбокай рэвізіі падыходаў да стратэгічнага развіцця «Беларусбанку» гэтая арганізацыя, якая мае значны патэнцыял, будзе заставацца, я б нават сказаў – баластам для эканомікі. Беларусбанк цалкам мог бы стаць значным рэгіянальным гульцом у галіне так званага White lable bankig, усталёўваючы сувязі з дастаткова багатым светам еўрапейскага fintech-камʼюніці», – лічыць спадар Віталь.

Фінансіст рэзюмуе, што дзеля гэтага патрэбныя фундаментальныя змены ўнутры краіны. Адмена санкцыяў, адбудоўванне рэпутацыі і вяртанне на радзіму страчаных праз рэпрэсіўную палітыку Лукашэнкі ІТ-спецыялістаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»