Слуцкі збройны чын у 1920 годзе не меў геапалітычнага шанцу, як і беларусы ў 2020-м – гісторык


Набліжаюцца ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну. На працягу больш як месяца беларусы Случчыны без знешняй падтрымкі змагаліся з Савецкай Расеяй.

Сёлета памяць пра гераічны супраціў войскаў БНР набірае яшчэ больш вагомага значэння. Як і 102 гады таму, і цяпер ёсць беларусы, якія са зброяй у руках ваююць супраць усходняга акупанта.

Слуцкі фронт Беларускай Народнай Рэспублікі, беларуская-савецкая вайна 1920 года, вядомая як Слуцкі збройны чын.

«Лічу, што менавіта ён ёсць адным з падмуркаў нашай дзяржаўнасці, паколькі тады беларусы паказалі, што ім гэта дзяржава трэба, і за яе будуць змагацца», – кажа прафесар гісторыі Алег Латышонак.

«Беларусы фенаменальна выраслі за пачатак ХХ стагоддзя. Першая партыя – 1905 год, першая газета – тады ж, а ўжо літаральна менш чым праз 20 гадоў абвяшчэнне сваёй незалежнасці і сваё войска», – звяртае ўвагу гісторык Цімафей Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» на «Белсаце».

У кастрычніку 1920 года Польшча і Савецкая Расея, што ваявалі на беларускай тэрыторыі, заключылі між сабою замірэнне ў Рызе, падзяліўшы Беларусь на зоны кантролю.

На кароткі час Случчына аказалася нейтральнаю тэрыторыяй. Менавіта там пачалі канцэнтравацца патрыёты з розных куткоў Беларусі, якія прагнулі незалежнага краю.

У лістападзе ў слуцкім доме Эдварда Вайніловіча – таго самага, які прафундаваў Чырвоны касцёл у Менску, – праходзіць з’езд Беларускай рады Случчыны.

«Слуцкая рада дэкларуе цвёрда стаяць за незалежнасць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў, і ў выпадку патрэбы нават сілаю аружжа, нягледзячы на колькасную перавагу ворага», – з дэкларацыі Слуцкай рады, 1920 год.

У войска БНР на Случчыне запісаліся 10 тысячаў чалавек, але толькі палова мела зброю. 27 лістапада 1-ы Слуцкі і 2-і Грозаўскі палкі, якія ўтварылі Слуцкую брыгаду, распачалі наступ на бальшавікоў. Чырвоная Армія была вымушаная адступаць на 100-кіламетровай лініі фронту. У снежні, каб супрацьстаяць беларусам, бальшавікі кінулі на Слуцкі фронт мабілізаваных, набраных ва ўсходніх вобласцях РСФСР.

Больш за месяц беларусы змагаліся. Але, разумеючы сітуацыю, паўтары тысячы ацалелых паўстанцаў вымушана адступілі на тэрыторыю, кантраляваную палякамі, дзе былі абяззброеныя ды інтэрнаваныя.

Даты праўды
1920. Слуцкі збройны чын
2018.04.08 23:00

Прафесар Алег Латышонак, які размаўляў з апошнім жывым паўстанцам, робіць выснову: тады Слуцкі збройны чын проста не мог перамагчы – не было геапалітычнай магчымасці адбіцца ад Расеі:

«Праз 100 гадоў тое самае было ў Беларусі, у 2020 годзе. Людзі ж не ведалі, што няма геапалітычнага шанцу на тое, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. Скажу шчыра, я таксама ў гэты момант не разумеў. Толькі нападзенне Расеі на Украіну зрабіла ясным, што тое самае было б з Беларуссю, што гэты рэжым утрымаецца з падтрымкай Расеі».

27-га лістапада – Дзень герояў, які мае стаць дзяржаўным святам у вольнай Беларусі, зазначае прафесар Алег Латышонак. А сучасныя падзеі нараджаюць новых герояў – ваяроў палка Каліноўскага ды іншых беларусаў, што змагаюцца з расейскім агрэсарам ва Украіне.

«Праўдзівая Беларусь – яна вырастала са Слуцкага збройнага чыну, і тыя, хто сёння ваююць за незалежнасць Беларусі, яны працягваюць гэтую традыцыю», – сцвярджае гісторык Цімафей Акудовіч.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла напярэдадні Дня герояў сцвердзіла, што сёння нашая дзяржава зноў акупаваная. І «чым даўжэй мы будзем ігнараваць ідэалы нашых вольных дзядоў, тым цяжэй будзе нашай дзяржаве вярнуць сваё пачэснае месца між іншымі волялюбнымі нацыямі нашага кантыненту».

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»