Што пакінуў пасля сябе Макей


«Нічога не прадвяшчала», адзначыў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы смерць міністра замежных справаў Уладзіміра Макея дзяржаўнаму інфармагенцтву.

Яшчэ на гэтым тыдні Уладзімір Макей наведваў саміт АДКБ у Ерэване ў складзе беларускай дэлегацыі. І ўжо на наступным тыдні – нечакана – прадстаўнік рэжыму Лукашэнкі нібыта трапіў у спіс запрошаных на саміт міністраў замежных справаў краінаў-удзельнікаў АБСЕ ў Польшчы.

Кіраўніку менскай дыпламатыі было 64 гады. Макей – адзін з доўгажыхароў беларускага ўладнага алімпу. Перш чым стаць міністрам замежных справаў, ён кіраваў адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Доўгі час фактычна быў другім чалавекам у дзяржаве – кажа былы дыпламат Павел Латушка.

«Гэта чалавек, які ведаў, з кім Лукашэнка сустракаецца, якія да яго прыязджаюць жанчыны, з кім ён п’е гарэлку. Ён лётаў з персанальнымі даручэннямі Лукашэнкі. Гэта той чалавек, які ведаў болей за ўсіх у дзяржаўнай сістэме ўлады Беларусі», – распавёў «Белсату» Павел Латушка.

Каментар
Які ўплыў меў Макей у сістэме Лукашэнкі і хто яго заменіць? Разважае Павел Латушка
2022.11.26 19:48

Сярод дасягненняў Макея называюць пацяпленне дачыненняў Беларусі з Захадам пасля 2010 года. Аднак ёсць меркаванне, што тут болей дапамагла агульная палітычная канʼюнктура.

«Вядома, кожны адзначыць нармалізацыю дачыненняў з Еўразвязам у 2015 годзе. Але рэч у тым, што так склаліся карты, і гэта не заслуга беларускага МЗС. Думаю, галоўнае дасягненне спадара Макея ў тым, што ён 20 гадоў заставаўся адным з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў, эксперт Фінскага інстытуту міжнародных дачыненняў.

Многія ўспрымалі Макея як перадавога і праеўрапейскага дзеяча. Нават прадказвалі, што ён зойме месца Лукашэнкі. Аднак 2020 год паказаў, што Макей застаўся верным самаабвешчанаму кіраўніку дзяржавы. Пасля пратэстаў ён прыгразіў Захаду знішчэннем у Беларусі грамадзянскай супольнасці, што і, уласна, і адбылося. Таксама Макей падтрымаў пераслед дыпламатаў, што выказаліся супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. А напярэдадні ўварвання Расеі ва Украіну запэўніваў, што расейскія войскі пакінуць Беларусь пасля вучэнняў.

Каментар
«Ён запомніцца шчырай працай на дыктатара». Валер Кавалеўскі назваў Макея часткай рэпрэсіўнага рэжыму
2022.11.26 19:08

Павел Латушка адзначае, што смерць Макея здарылася напярэдадні ягонага меркаванага візіту ў Польшчу на саміт міністраў замежных справаў краінаў АБСЕ. Гэта не першы падобны выпадак, калі кантакты паміж Беларуссю і Польшчай на вышэйшым узроўні раптам абрываюцца.

«Перад візітам тагачаснага прэмʼера Сідорскага ў Варшаву – гэты візіт меўся быць прарыўным – быў затрыманы вайсковы аташэ Польшчы ў Менску. Перад прыездам у Польшчу віцэ-прэмʼера Кабякова затрымалі на мяжы актывістку Саюзу палякаў Анжэліку Борыс, у якой нібыта знайшлі наркотыкі. Перад візітам старшыні Савету Рэспублікі Навіцкага здарыўся падобны інцыдэнт з польскай этнічнай меншасцю. І такіх прыкладаў было шмат. Тагачасны міністр замежных справаў Мартынаў папрасіў мяне скласці сакрэтны дакумент, які паказаў бы ўсю тую карціну. І мы прыйшлі да высновы, што большасць гэтых інцыдэнтаў, што прывялі да пагаршэння дачыненняў з Польшчай, былі справакаваныя расейскім бокам. Не хачу займацца канспіралогіяй, але Макей меў прыехаць у Польшчу, а Лаўрова да ўдзелу ў саміце АБСЕ не дапусцілі», – распавядае Павел Латушка.

Ёсць таксама інфармацыя, што апошнім часам на фоне нервовай палітычнай сітуацыі Уладзімір Макей, імаверна, часта звяртаўся да алкаголю.

«Ён псіхалагічна цяжка перажываў тое, што перастаў мець уплыў на Лукашэнку. Бо Макей быў яго першым памочнікам. Мог зайсці да Лукашэнкі і выйсці ў любы момант. Прыехаць у рэзідэнцыю з дакладам. Выконваць персанальныя даручэнні і даваць справаздачу асабіста Лукашэнку. Макей стаў уплывовым міністрам, спрабаваў нармалізаваць стасункі з ЕЗ. Нешта ў яго атрымалася. А потым – падзенне. Падзенне проста на зямлю. Ён не змог гэтага вынесці і стаў шукаць псіхалагічнага выйсця ў рэчах, якія шкодзяць здароўю», – распавядае Павел Латушка.

Hавiны
«Адзін з архітэктараў сістэмы». Павел Усаў – пра Уладзіміра Макея
2022.11.26 19:55

У канцы кіравання Макея ў міністэрстве замежных справаў адбыліся істотныя скарачэнні штату. А рэжым Лукашэнкі канчаткова трапіў у міжнародную ізаляцыю.

«Беларуская вонкавая палітыка скончылася пасля 20-га года. А з пачаткам вайны яе зусім няма. Беларусь стала функцыяй расейскай вонкавай палітыкі. Рашэнне пра гэта прымаў Лукашэнка, але Макей іх старанна выконваў», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Хто стане наступнікам Макея – пакуль дакладна невядома. Але, паводле інфармацыі Паўла Латушкі, гэта будзе чалавек, гэтаксама верны Лукашэнку.

Валянцін Васіленка, «Белсат»