Лукашэнку будуць ціснуць. «Ужо ёсць заяўка на шосты пакет санкцыяў»


Не прайшло і паўгода. У Бруселі наважыліся на новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Ёсць агульнае паразуменне наконт пятага пакету санкцыяў Еўразвязу адносна Беларусі. 28 асобаў і кампаніяў. У сераду 1 снежня будзе зялёнае святло ад амбасадараў Еўразвязу, пастанова будзе афіцыйна апублікаваная ў наступны дзень», – напісаў у сваім Twitter журналіст «Радыё Свабода» Рыкард Юзвяк.

Якія канкрэтна кампаніі трапяць пад абмежаванні Аб’яднанай Еўропы? Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка таямніцы не раскрывае – раіць дачакацца афіцыйнай публікацыі ды дадае: злівы ў прэсу толькі актывізоўваюць пралукашэнкаўскіх лабістаў:

«Ці будзе там «Горадня Азот», якая будзе доля «Беларуськалію», ці будзе там Уладзімір Макей? Давайце паглядзім, калі спіс будзе апублікаваны, і тады можна будзе ацаніць, які эфект гэта зробіць на рэжым Лукашэнкі. Незалежна ад таго, хто будзе ў пятым, мы ведаем, што ўжо ёсць заяўка на шосты пакет санкцыяў».

Калі ж убачым выключна блакаванне «Белавіі», турфірмаў і гатэляў, то санкцыі не дапамогуць пераадолець міграцыйны крызіс, упэўнены палітолаг Андрэй Ягораў:

«Калі даецца зялёнае святло на нелегальную міграцыю, то сюды ўключаецца значная колькасць скрытых паўкрымінальных структураў, якія пачынаюць арганізоўваць гэты трафік».

У Бруселю – свой санкцыйны спіс, у рэжыму – свой, супраць грамадзянаў Беларусі. Сяргей Будкін, кіраўнік Рады беларускай культуры паведаміў, што з Белдзяржфілармоніі збіраюцца звольніць 75 чалавек. Услед за дырэктарам працы пазбавілі актораў Коласаўскага тэатру ў Віцебску. Штодня праваабаронцы паведамляюць пра палітычна матываваныя ператрусы і затрыманні па ўсёй краіне. За мігранцкім крызісам рэжым спрабаваў схаваць рэпрэсіі. Але большая ўвага да Беларусі можа абярнуцца для Лукашэнкі горшым, зазначае Франак Вячорка:

«Праз тыдзень адбудзецца міністэрскі саміт АБСЕ, дзе будзе больш за 50 міністраў, дзе будзе Лаўроў, Блінкін, дзе будзе гучаць тэма Беларусі. Таму будзьце ўпэўненыя, тэма Беларусі гучыць, і нас у бядзе не пакінуць».

Аднак, як дадае Франак Вячорка, перамены ў Беларусі – гэта задача перадусім беларусаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»