Што Орбан хоча ад Лукашэнкі?


Вугоршчына прызнае Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі. Прынамсі, гэтак самаабвешчанага кіраўніка назваў вугорскі міністр замежных справаў Петэр Сіярта, які сёння прыехаў у Менск. Ці азначае гэта, што Лукашэнка знайшоў сабе лабістаў у Еўразвязе? І навошта Будапэшту падтрымліваць стасункі з нерукапаціскальным на Захадзе палітыкам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Называў Лукашэнку прэзідэнтам і казаў пра важнасць дыялогу – у Менск завітаў Петэр Сіярта, міністр замежных справаў Вугоршчыны. Адрозна ад іншых сябраў Еўразвязу, гэтая краіна не асудзіла Лукашэнкавы рэпрэсіі і суўдзел у вайне. Будапэшт мае свой погляд на вонкавую палітыку, кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

«З асаблівым ухілам на развіццё стасункаў з тымі краінамі, рэжымамі, праектамі, якія на еўрапейскім узроўні лічацца таксічнымі ці рызыкоўнымі», – тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан па-ранейшаму паціскае руку Пуціну. А вугорскі амбасадар уручае даверчыя лісты асабіста Лукашэнку, чаго не робяць іншыя дыпламаты Еўразвязу.

«У Вугоршчыны паслядоўная прарасейская пазіцыя ў Еўразвязе. І тое, што яны наведваюць і падтрымліваюць Лукашэнку, – гэта, хутчэй за ўсё, робіцца на просьбу Масквы. Вось, маўляў, у мяне ёсць малодшы брат Лукашэнка, дапамажыце яму вярнуць легітымнасць і падтрыманне, бо ён цярпіць з 2020 года», – кажа старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Але што атрымлівае Вугоршчына ад легітымізацыі Лукашэнкі насуперак агульнай вонкавапалітычнай лініі Еўразвязу? Лукашэнка ўжо раздае вугорскім уладам эканамічныя абяцанкі. Зрэшты, Вугоршчына сурʼёзна не лабіявала інтарэсаў рэжыму Лукашэнкі. Прынамсі, пакуль.

Петэр Сіярта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам
Міністр замежных справаў Вугоршчыны Петэр Сіярта на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2023 года.
Фота: Szijjártó Péter / Facebook

«Вугоршчына падтрымала ўсе пакеты санкцыяў, падпісвалася пад усімі заявамі Еўрапейскага Звязу. Так, публічна яны робяць нейкія жэсты ў падтрыманне Лукашэнкі, але дагэтуль яны трымаліся нейкай адзінай цэльнай пазіцыі», – кажа Франак Вячорка.

Будапэшт захоўвае кантакты з Масквою і Менскам, каб пры патрэбе стаць пасярэднікам у іх перамовах з Захадам, мяркуе палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

«Гэта тая кампетэнцыя, той досвед, які Орбану, чалавеку прагматычнаму, вельмі важны. Маўляў, хай будзе. Раптам будзе такі спрыяльны момант, што ўдасца гэта прадаць. Напрыклад, атрымаць за гэта нейкія прэферэнцыі ад еўрапейцаў», – мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Пакуль паміж Будапэштам і Бруселем абвастраюцца супярэчнасці. Партнёры крытыкуюць Вугоршчыну за аўтарытарызм. Орбан параўноўвае сяброўства краіны ў Еўразвязе з савецкай акупацыяй і блакуе вылучэнне Украіне еўрапейскай фінансавай дапамогі. Сіярта, выступаючы сёння ў Менску на канферэнцыі, заклікае да перамоваў з Расеяй.

«Я перакананы, што вайна ў суседстве ад нас не мае развязання на полі бою. Тое, што мы бачым на полі бою, – гэта не развязанне праблемы. Гэта проста смерці людзей і разбурэнні. А развязанне грунтуецца на працэсе перамоваў», – заявіў Петэр Сіярта.

У Орбана застаюцца вагары ўплыву на еўрапейскую палітыку. Чакаецца, што ў другой палове 2024-га Вугоршчына будзе старшыняваць у Радзе Еўразвязу. І, як піша выданне «The Guardian», у Бруселі сурʼёзна занепакоеныя тым, як Будапэшт можа скарыстаць гэтую сваю ролю.

Валянцін Васіленка, «Белсат»