Расея стала субсідаваць беларускія НПЗ, як свае


Расейскае прадпрыемства «Промсырьеимпорт» прадае праз біржу СПбМТСБ набытае па высокіх коштах беларускае дызельнае паліва. Прадае танней – па ўнутрырынкавай цане. А страты яму будзе вяртаць расейскі бюджэт.

Пра такую формулу распавёў прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. Навошта Расея вырашыла выкупаць прадукцыю беларускіх НПЗ?

Ужо 15 дзён, як у Расеі на агульных падставах прадаюць дызельнае паліва беларускай вытворчасці. Страты беларускіх НПЗ праз падатковы манеўр Масквы такім чынам будуць канвертаваныя ў прыбыткі – цешацца фінансавыя ўлады.

«Мы ў межах гарманізацыі падатковага заканадаўства будзем атрымліваць, як і прадпрыемствы ў Расеі, зваротны акцыз на нафту. Гэта дасць нам дадатковыя падатковыя крыніцы для бюджэту ўжо з 1 студзеня. Зваротны акцыз будзе прыходзіць на суму каля Br 1,7 млрд», – цытуе «БелТА» Селіверстава.

Замест чаканых раней стратаў у аб’ёме $ 5,8 млрд (да канца 2025-га года) – прыбытак, памер якога ведаем толькі паводле плану на 2023-ці, – $ 0,68 млрд у эквіваленце.

За два першыя тыдні імпарт з Беларусі міжсезоннага дызельнага паліва склаў усяго восем з паловаю тысяч тонаў. «Белнафтахім» у перспектыве хоча павялічыць абʼёмы да мільёна тонаў, якія да вайны экспартавалі ва Украіну.

Hавiны
Расея падтрымае беларускія НПЗ, купляючы дарагое дызпаліва
2022.10.26 10:34

Формула дапамогі Расеі такая: «Нафтан» і Мазырскі НПЗ прадаюць нафтапрадукты расейскаму дзяржпрадпрыемству «Промсырьёимпорт». Тое зніжае высокую беларускую цану да канкурэнтнай і прадае сабе ў мінус. Страты яму кампенсуе расейскі бюджэт.

Такое субсідаванне Расеяй беларускіх прадпрыемстваў як сваіх – прэцэдэнт для беларускай эканомікі.

«Ёсць некалькі вельмі прынадных актываў унутры Беларусі, якія расейскаму алігархату імаверна хацелася б пад сябе паступова падмінаць, – тлумачыць эканаміст Аляксей Харкевіч. – Яўна бачныя інтарэсы расейскіх бізнес элітаў менавіта ў такой схеме. Бо і для расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў гэтая схема такая: вы губляеце ад продажаў, а мы вам за кошт бюджэту кампенсуем. То бок простымі словамі – гэта схема пад алігархаў, якая распаўсюджваецца на два беларускія НПЗ, адзін з якіх – Мазырскі – часткова належыць расейскай «Славнефти», другі – захраслы ў даўгах і даўно цікавы Расеі «Нафтан».

«Мы бачым пераход з плоскасці дамоўленасцяў паміж Лукашэнкам і Пуціным ды бюджэтамі краінаў – у плоскасць субʼектаў гаспадарання», – звяртае ўвагу Харкевіч.

Настаў момант, калі Расея пры жаданні можа выкупіць прынамсі «Нафтан» – напярэдадні казаў «Белсату» і былы працаўнік гіганту Ігар Валяеў. Чаму яшчэ нашыя НПЗ атрымалі ільготы ад Крамля?

«Сучасная вайна патрабуе шмат тэхнікі, якая ў сваю чаргу зʼядае вельмі шмат паліва і гаруча-змазачных матэрыялаў. Таму я думаю пытання ў тым, каб даць расейскія фанцікі Лукашэнку (а я нагадаю, што аплата ідзе ў рублях, а не ў доларах) для Пуціна нічога не каштуе», – лічыць Ігар Валяеў.

Нацыянальны банк разлічвае, што Расея і Кітай маюць дапамагчы і з выплатамі па вонкавым доўгу. Часткова рэфінансуем яго на расейскім рынку ўжо сёлета – заявіў кіраўнік Мінфіну.

Аналітыка
Расея зможа заліць Беларусь нафтай. Што Крэмль будзе рабіць са сваёй сыравінай пасля санкцыяў?
2022.10.12 17:23

Юлія Цяльпук, «Белсат»