Еўропа не замерзне. Ад газавага шантажу Пуціна пацярпяць Крэмль і Дразды


На паседжанні Усходняга эканамічнага форуму Уладзімір Пуцін сказаў: «Нам застаецца толькі адно, як у вядомай расейскай казцы прыгаворваць: «Мерзні, мерзні, воўчы хвост». Можна прыгаворваць, тым часам Еўразвяз дзеіць.

Сховішчы газу запоўненыя на больш як 90 адсоткаў. Каля 20-ці газавозаў чакаюць разладавання на ўзбярэжжы Іспаніі. Амаль запрацавалі два тэрміналы ў Нямеччыне. Ідзе ашчаджэнне энергіі ды пераход на аднаўляльную. Закуп газу перакіроўваецца. Дый гэтая восень у Еўропе выдалася цёплая.

Дырэктар энергетычных праграмаў Цэнтру Разумкова Уладзімір Амельчанка ўпэўнены: рынак Еўразвязу стаў на ногі. Дадае, што залежнасць ад расейскага газу знізілася з сарака да сямі адсоткаў і працягвае падаць:

«Цэны знізіліся за апошнія два месяцы амаль у два разы на споце. Зараз і далей працягваецца тэндэнцыя зніжэння. Гэта поўны правал газавай вайны Расейскай Федэрацыі. Яна гэтую вайну прайграла».

Хоць і перамога даецца Еўразвязу не без цяжкасцяў. Спажыўцы больш плацяць за камуналку, дзяржавы больш выдаткоўваюць, каб скампенсаваць страты энергетычным кампаніям, рынак трэба моцна перабудоўваць.

«Усё адно цэны дастаткова высокія, таму вельмі цяжка будзе канкураваць еўрапейскай прадукцыі з іншымі краінамі: з Кітаем, з Індыяй, з Карэяй і так далей. Таму трэба будзе неяк пераглядаць канцэпцыю рынкавай палітыкі Еўразвязу ў бок энергазберажэння, энергаэфектыўнасці, змены структуры эканомікі», – лічыць Уладзімір Амельчанка.

Hавiны
Пасол Еўразвязу: ЕЗ скараціў спажыванне расейскага газу з 40 % да 9 %
2022.10.03 12:57

«Не дамо, Пятровіч, Еўропе замерзнуць», «Назло Путину отморожу уши», «В Польше предлагают с Россией бороться хворостом», – нагнятаюць з экранаў БТ, а праблемы Беларусі замоўчваюць.

Напрыклад, праз газавы шантаж Расеі трубаправод Ямал – Еўропа ў Беларусі прастойвае.

Публіцыст і адмыслоўца ў міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц тлумачыць:

«Газавая труба належыць ужо расейцам, але ўсё адно Беларусь яе абслугоўвае, Беларусь атрымлівае падаткі з гэтага. Беларусь з гэтага мае, безумоўна, выгаду. Калі гэтых паставак няма – няма і выгадаў».

Эксперт ацэньвае страты на сотні мільёнаў долараў. Расея шкодзіць і сабе самой, лічыць Уладзімір Амельчанка:

«Асноўны рынак прыроднага газу, самы ліквідны рынак, самы прыбытковы рынак – гэта рынак Еўразвязу. Ён складаў каля 60 % ад усіх імпартных рынкаў, якія меў «Газпром». Яго страта вельмі ўразліва адаб’ецца не толькі на «Газпроме», але і на расейскім бюджэце».

Раней Еўразвяз разлічваў паменшыць залежнасць ад Расеі за 7 гадоў, але ўжо за 8 месяцаў вайны Еўразвяз знізіў яе на дзве траціны.

Каментар
Ці змерзне Польшча? Як Еўразвяз рыхтуецца да зімы, што можа прайсці без расейскага газу
2022.07.22 12:17

Яна Шэк, «Белсат»