Чаму растуць цэны на беларускую садавіну і гародніну


Рэкордны намалот – адзінаццаць мільёнаў тон зерневых. Неблагія паказнікі і ў гародніне, хаця яе збіраць яшчэ не скончылі. Вынікае, меркаванні пра Беларусь як краіну з развітою сельскаю гаспадаркаю маюць пад сабою глебу?

Былы старшыня калгасу Мікалай Лысянкоў упэўнены, што не. Хаця б таму, што бульба, напрыклад, у Беларусі даражэйшая, чымся ў Польшчы:

«У Польшчы фермер купляе паліва па 2 еўра, беларускі – па 1 еўра. Заробак работнікаў у польскага фермера нашмат большы. І ў той жа час яны здольныя рабіць цану нашмат меншай. Чаму? Бо ў Беларусі калгасы».

Пасля сезоннага зніжэння ўлетку, увосень у Беларусі цэны на гародніну і садавіну павысіліся. Паводле звестак Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, гародніна падаражэла амаль на 19,5%, садавіна – на 8,8. Хаця прэм’ер Галоўчанка яшчэ ў пачатку мінулага месяца запэўніваў, што павышэння не будзе. У кастрычніку спыніць рост цэнаў пастанавіў Аляксандр Лукашэнка.

Аналітыка
За кошты цяпер будуць адказваць чыноўнікі. Што гэта азначае для прадпрыемстваў і спажыўцоў
2022.10.22 11:30

«Усе чакаюць у што ж выльецца вось гэты мараторый» – лічыць эканаміст Аляксей Харкевіч. – Такая парадаксальная сітуацыя склалася таму, што ўсе знаходзяцца пад пагрозай крымінальнай справы. Могуць прыйсці проста з праверкай, у цябе была адна цана, а зараз іншая. І вось табе тэрмін».

Сабраць ураджай – першая задача.

Аналітыка
Ці прайграе Беларусь «бітву за ўраджай»? Аналізуем апакаліптычныя заявы Лукашэнкі
2022.07.29 14:00

Другая – захоўваць. На гэта звяртаюць увагу ў насенняводчай гаспадарцы ТАА «Клон»:

«Ураджай – гэта на паперы ўраджай. А калі вы яго збераце і пакладзяце ў сховішча, а ён пачынае псавацца, або трапляе пад маразы, ці няма сховішча добрага – усё».

У Беларусі далёка не ўсе сховішчы адпавядаюць сучасным стандартам, кажа Мікалай Лысянкоў. Значная частка ўраджаю штогод псуецца менавіта праз неналежныя ўмовы захоўвання. То бок узімку нас можа чакаць дэфіцыт айчыннай гародніны і садавіны (калі цэны дасюль будуць жорстка рэгулявацца), або рост коштаў адносна сённяшніх.

«Хто там ведае, што там будзе пасля новага года. Мы не ведаем што будзе заўтра-паслязаўтра з гэтымі коштамі і пастановамі», – кажуць у РУАП «Гарадзенская агароднінная фабрыка».

Ёсць і яшчэ адна праблема, што можа паўплываць на цэны. Пра яе гавораць менш, аднак з ёю добра знаёмыя ўсе датычныя да сельскагаспадарчай галіны. Гэта – маштабныя прыпіскі. На меркаванне Мікалая Лысянкова, сапраўдная колькасць сабранага ўраджаю наўрад ці вядомая нават Міністэрству сельскай гаспадаркі.

«Статыстыку даюць тую, якую жадаюць чуць зверху», – мяркуе эксперт «Белсату».

«Сённяшнія сельгаспрадпрыемствы засталіся калгасамі, толькі шыльду мянялі. Тыя ж калгасы, якія залежаць ад вышэй стаячага кіраўніцтва. Бывала, што даеш справаздачу па ўборцы збожжавых. Не прымаюць. Кажуць: падумай, давай іншую лічбу».

Завершаць збіраць рэшту сёлетняга ўраджаю ў лістападзе.

Разбор
Беларусы – «не бульбашы, а бурачнікі»? Глядзім на афіцыйную статыстыку
2022.10.02 22:39

Ян Федаровіч, «Белсат»