Беларускі рэжым працягвае вайну з грамадствам


На сёння ў Беларусі афіцыйна прызнаныя палітычнымі вязнямі 833 асобы. Без афіцыйнага статусу, але праз палітычныя рэпрэсіі за кратамі застаюцца яшчэ тысячы нашых суайчыннікаў. І гэты лік расце штодня. Вайна з народам у Год народнага адзінства – у аглядзе Валеры Руселіка.

Другі дзень – масавы хапун у Гомлі. За гэты час працаўнікі ГУБАЗіКу ды АМАПу затрымалі агулам прынамсі 30 чалавек – за падпіску на каналы, прызнаныя лукашэнкаўцамі экстрэмісцкімі. Дакладнай лічбы затрыманых, аднак, праваабаронцы не ведаюць. Як не ведаюць і пра суды над ахвярамі «гомельскага палявання», якія калі і адбываюцца, то толькі ў закрытым рэжыме. Бадай, адзінае, што вядома, – гэта 15 содняў для дачкі светлагорскага прадпрымальніка Анатоля Змітровіча, Яніны. Невядомыя і дакладныя прычыны хапуна.

«Ва ўладаў ёсць свая нейкая логіка, і яе не заўсёды можна разгадаць. Пакуль што гэта выглядае як гэткая рэгіянальная акцыя застрашэння. І невядома, будзе яна распаўсюджвацца на астатнія рэгіёны ці гэта прыдумка мясцовага кіраўніцтва», – кажа мясцовы праваабаронца Васіль Палякоў.

У іншых рэгіёнах – сітуацыя не лепшая. Дзе не хапаюць, там здзекуюцца са схопленых раней. Гэтак, у Горадні ўжо сем з паловаю месяцаў у турме літаральна гнояць журналіста Дзяніса Івашына, ствараючы яму невыносныя ўмовы. Следчых дзеянняў з палітычным вязнем практычна не праводзяць, затое Івашына рэгулярна кідаюць у карцар.

«У карцар, фактычна, дазваляецца браць толькі элементарныя сродкі гігіены, і ўсё. Нават нейкія свае рэчы немагчыма. Сумуе, ёсць праблемы са здароўем. Як я ўжо пісала, перабоі сардэчнага рытму, каторыя ён адчувае», – дзеліцца болем жонка палітвязня Вольга Івашына.

Татальнае вынішчэнне іншадумства – менавіта гэтак ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі на самым высокім міжнародным узроўні.

Сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне абмеркавалі на паседжанні 3-га камітэту Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. У размове з «Белсатам» адмысловая спавяшчальніца ААН аб сітуацыі ў Беларусі Анаіс Марэн катэгарычная: рэжым Лукашэнкі літаральна выпальвае пад корань усю грамадзянскую супольнасць у краіне.

«Тут не толькі праваабаронцы, журналісты, адвакаты, але і наагул усё, дзе могуць адбыцца дэбаты. Нейкая прастора свабоды для свабоднага жыцця свабодных людзей знікла цалкам», – кажа Анаіс Марэн.

Між тым, не зважаючы на рэпрэсіі, як падкрэсліла ў часе паседжання ў ААН нашая суайчынніца, нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, беларускае грамадства, цытата, «не адмовілася ад мары жыць у свабоднай краіне».

Валера Руселік, Белсат