Пенсіі і заробкі змяншаюцца, інфляцыя – расце


Сярэдні памер пенсіі, адзначаны ў ліпені, – 483 рублі, яшчэ лічыцца не благім. Але ж на думку лідаркі спецыялізаванай грамадскай групы «Наше поколение» Таццяны Зялко, нават і палова пенсіянераў столькі не атрымоўвае.

Сама Таццяна, напрыклад, мае 366 рублёў. Кажа, каб не дзеці, было б нашмат складаней.

«У нас ёсць пенсіі і 120 рублёў, і 140 рублёў, і 200 з капейкамі атрымоўваюць людзі, якія адпрацавалі. Так, яны мала атрымоўвалі, так, яны мала зараблялі. Але ж не яны вінаватыя, што яны атрымоўвалі столькі. Тая ж самая санітарка, медсястра, нянечка ў дзіцячым садку – хіба вінаватая ў тым, што ёй столькі плацілі за ейную, скажам так, тытанічную працу», – кажа Таццяна Зялко.

Рэальныя ж пенсіі – іх вартасць падлічваюць з улікам інфляцыі – падае ўжо сёмы месяц запар. З першага верасня ўлады абяцаюць павысіць пенсійныя выплаты на 6 адсоткаў. Паводле Таццяны Зялко, гэта не ўратуе самую неабароненую групу насельніцтва, пенсійная сістэма даўно патрабуе рэфармавання.

«Салідарная сістэма, яна ў любым выпадку мусіць быць, бо ёсць людзі, якія, можа быць, не дацягваюць. Але з іншага боку, і назапашвальная сістэма мусіць быць слушнай. Калі я, напрыклад, працую і сама сабе адкладаю, то яны, гэтыя грошы мусяць працаваць, а адсоткі павінныя ісці чалавеку, які адкладае на гэта. Гэтыя грошы трэба кудысьці ўкласці. А куды ў нас сёння можна ўкласці, каб яны не зніклі?», – мяркуе Таццяна Зялко.

Пры існай сістэме памер пенсіяў залежыць ад памеру заробкаў, якія апошнім часам запаволілі рост. Сёлета сярэдні заробак у ліпені складаў 1472 рублі. У пераліку на долары, гэта ўвогуле менш, чым восем гадоў таму.

«З гледзішча дынамікі прадукцыйнасці працы, інвестыцыйных капіталаў, таксама якасці працы прадпрыемстваў, у фінансавай сістэме за апошнія дзесяць гадоў мы бачым дэградацыю, мы бачым паступова відавочнае пагаршэнне стану якасці фінансавай інфраструктуры. Няма інвестыцыяў, няма канкурэнцыі, альбо яна абмежаваная. Таму адкуль могуць расці заробкі?», – кажа даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Інфляцыя ў Беларусі дасягнула амаль 10 адсоткаў. Рост цэнаў Нацбанк тлумачыў нядаўнім павышэннем падатку на дададзеную вартасць, які раней стрымлівалі дзеля ўтаймавання інфляцыі.

Прагнозы на бліжэйшую будучыню несуцяшальныя: пустыя паліцы і дэфіцыт, як у СССР больш рэальныя, чым здаецца, мяркуе Яраслаў Раманчук. Зніжэння ж заробкаў, паводле эксперта, варта чакаць на 15-20 адсоткаў.

Надзея Бельская, «Белсат»