Маму – за краты, дзіця – у прытулак


Гэта цяпер маленькі Данііл бесклапотна бавіць час разам з маці. Летась сям’я перажывала пекла. Ягоную маці Ілону затрымалі 9-га жніўня падчас паслявыбарчых пратэстаў. Пазней жанчына збірала кампрамат на міліцыянтаў ды суддзяў, ладзіла пратэставыя акцыі. Пераслед сілавікоў жанчыну не напалохаў, тады ціснуць пачалі на дзяцей.

«Старэйшую дачку выклікалі на дыван да дырэктара, сказалі, што будзе вырашацца пытанне аб выключэнні яе са школы. Хоць навучальны год толькі пачаўся, а ёй ужо прыгразілі выключэннем, бо ў яе мама актыўная. Пасля нас паставілі на ўлік у так званы СОП – сацыяльна небяспечны стан», – дзеліцца Ілона Рудзеня.

Пагражалі і 6-гадоваму малодшаму сыну.

«Дзіця прыходзіла ў істэрыцы. Ён плакаў: «Мама, я не хачу ў інтэрнат, мама, ты не павінная сядзець у турме». І на мае пытанні ён адказваў, што прыходзіць сацыяльны педагог, псіхолаг, якія абавязаныя абараняць здароўе дзіцяці, і яны яму пагражаюць, што яго сёння забярэ апека, забяруць у інтэрнат, а маму тваю пасадзяць у турму», – кажа Ілона Рудзеня.

Такога ціску Ілона не вытрымала, сям’я мусіла з’ехаць у Літву. Але гэта не адзінкавы выпадак у Беларусі, што пацвердзіла адмысловае даследаванне, праведзенае экспертамі ў сферы правоў дзіцяці – беларускай праваабаронцай Дар’яй Чурко і эксперткай Кааліцыі правоў дзiцяцi ва Украіне Марыяй Ясяноўскай.

«Мы хацелі пабачыць саму карціну, наколькі нашыя ўяўленні абгрунтаваныя. І я лічу, што акурат 24 інтэрв’ю, сабраныя цягам месяца, паказваюць, што гэта з’ява масавая. Гэта не адзінкавы выпадак, як дзесяць гадоў таму ў дачыненні да Ірыны Халіп. Гэта масавая палітыка выкарыстоўвання дзяцей дзеля ціску на іхных бацькоў», – распавяла «Белсату» Марыя Ясяноўская, эксперткай Кааліцыі правоў дзiцяцi ва Украіне.

З апрацаваных 24-ох анкетаў вынікае, што ў адной сям’і забралі дзіця, яшчэ дзесяці сем’ям пагражаюць адабраць дзяцей, у дачыненні 13-ці прагучала пагроза пастаноўкі на ўлік, калі бацькі не спыняць апазіцыйнай дзейнасці. Наколькі правамоцна ў гэтых выпадках дзейнічаюць дзяржаўныя органы?

«Самі службы і самі суды – яны акурат і павінныя абараняць сям’ю, і акурат да іх паводле задумы мусіць звяртацца сям’я ў сітуацыі абароны сваіх правоў. Але парадокс сітуацыі ў тым, што службы і суды цяпер на супраціўным баку, яны прымаюць рашэнне забраць дзіця. І калі ўвогуле казаць пра беларускія рэаліі, то дзеці і бацькі застаюцца сам-насам з гэтай праблемай», – кажа экспертка Кааліцыі правоў дзiцяцi ва Украіне Марыя Ясяноўская.

Эксперткі прыйшлі да высновы, што сем’ям няма куды звяртацца па дапамогу. Пэўным ратункам можа быць агалоска такіх выпадкаў, каб пра гэта ведала і міжнародная супольнасць, і іншыя сем’і, каб супольна бараніцца ад самавольства дзяржаўных службаў.

Вольга Старасціна, «Белсат»