Аляксей Шота: «ліквідацыя фірмы не азначае ліквідацыі сайта»


Знішчэнне грамадзянскай супольнасці не спыняецца. Эканамічны суд Гарадзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць таварыства «Гродна Лайф Медыя», якому належаў партал HrodnaLife. Не перашкодзіла рашэнню суда і тое што прадстаўнікоў «Гродна Лайф Медыя» на паседжанні не было, бо яны ўдзельнічалі ў медыяфоруме за межамі краіны.

Фармальная прычына ліквідацыі – неаднаразовае парушэнне заканадаўства.

«Двойчы нас злавілі з лагатыпамі тэлеграмканалу, які нельга называць, на сайце – значыць неаднаразова. Яны лічаць, што гэта мэтанакіраванае нахабнае неаднаразовае парушэнне, хаця папярэднія суды не абверглі нашай версіі, што гэта былі тэхнічныя памылкі», – тлумачыць галоўны рэдактар HrodnaLife Аляксей Шота.

Прадстаўнікі «Гродналайф медыя» з рашэннем суда не згодныя, плануюць яго абскарджваць і працягваць працу.

«Фірмы не будзе але мы працягнем працаваць. Будзе складаней юрыдычна, небяспека будзе, але сайт будзе існаваць, ліквідацыя фірмы не азначае ліквідацыі сайта. Будзем шукаць формы, каб застацца са сваімі чытачамі», – кажа Аляксей Шота.

Што ліквідацыя не можа спыніць дзейнасці лічаць і прадстаўнікі іншай ініцыятывы – краязнаўчай арганізацыі «Талака», якая больш за чвэрць стагоддзя дзее ў Гомлі. «Талака» займаецца адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збіраннем фальклору і даследаваннем гісторыі Гомельшчыны.

«Са звычайных русіфікаваных маладзёнаў мы рабілі шчырых беларусаў, сапраўдных беларусаў, якія потым надалей неслі гэтую беларушчыну як паходню па жыцці. І нават калі яны з’язджалі ў іншыя краіны, яны ўсё роўна заставаліся беларусамі», – так характарызуе шматгадовую дзейнасць «Талакі» намесніца старшыні арганізацыі Ларыса Шчыракова.

Суд па ліквідацыі «Талакі» адбудзецца ў Гомлі 15-га верасня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»