Як катуюць умовамі ўтрымання «палітычных» на Акрэсціна


У сеціве з’явіліся шакавальныя кадры, на якіх паказаны умовы ўтрымання зняволеных у ЦІП на Акрэсціна.

Журналіст Андрэй Дынько, які выйшаў адтуль днямі, называе гэта сапраўднаю катавальняй. Тое ж кажа і вызвалены сёння наш калега Ігар Ільяш.

«На Акрэсціна для палітвязняў ствараюцца, мэтанакіравана ствараюцца невыносныя ўмовы. Яны пазбаўленыя матрацаў, іх проста не выдаюць. То бок людзі вымушаныя спаць на голых дошках, выкарыстоўваючы замест падушкі проста пластыкавыя бутэлькі з вадою», – кажа журналіст «Белсату» Ігар Ільяш.

Пазбаўляюць перадачаў, ня водзяць у душ, падымаюць некалькі разоў за ноч – аднолькавыя ўмовы для ўсіх палітзняволеных.

«У лістападзе мінулага года я адбыў 15 содняў, таксама там 3 дні, у гэтым жа ЦІПе на Акрэсціна, і потым 12 дзён у ізалятары ў Баранавічах. Дык вось тады ў ЦІПе тым, хто быў затрыманы, давалі матрацы, давалі бялізну, ставіліся, як да людзей. Цяпер ад таго застаўся хіба толькі пакорм», – дзеліцца ўражаннямі журналіст радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч.

Як і Ігар Ільяш, на Акрэсціна Алег правёў 10 содняў. Ягоная калега Іна Студзінская таксама. Алесь Дашчынскі выйшаў раней, у пятніцу. Усім пакінулі статусы «падазраваных». Тое, што затрыманых, нават у такім статусе, выпускаюць на волю, яшчэ ня сведчыць пра нейкую лібералізацыю, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч. Як і прашэнні пра памілаванне, што прапаноўваюць пісаць на імя Лукашэнкі. За адмову зрабіць гэта палітзняволеная Наталля Хершэ апынулася ў камеры з больш строгім рэжымам утрымання.

«Па ўяўленні ўладаў, калі чалавек піша прашэнне аб памілаванні, то ён ужо маральна зламаны і ён ужо не з‘яўляецца моцным апанентам. Ну і самому Лукашэнку падабаецца, калі яго просяць аб памілаванні. Ён ужо вырашае, каго памілаваць, каго не», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Сур’ёзны тэрмін пагражае палітолагу Валерыі Касцюговай. Нібыта за змову і заклікі да захопу ўлады яе могуць пасадзіць на 12 гадоў.

На сёння палітычна матываваных справаў больш за чатыры тысячы, выцякае са словаў генпракурора Андрэя Шведа. 803 – ужо ў судзе. У іх праходзяць амаль адна тысяча 120 асобаў. Гэты лік удвая перавышае колькасць прызнаных палітычнымі вязнямі.

«Тыя, хто сядзелі і выйшлі, апавядаюць, што шмат людзей там, за кратамі, сядзяць вось па гэтым артыкуле пра тэрарызм, пра тэрарыстычныя ячэйкі, пра нібыта выбух на ваенным абʼекце пад Вялейкай», – кажа Валер Карбалевіч.

Гэткая статыстыка забяспечыла Беларусі першае месца ў еўрапейскім антырэйтынгу паводле колькасці палітзняволеных: 345 асобаў на 100 тысячаў.

Надзея Бельская, «Белсат»