Беларускія ўлады працягваюць знішчаць недзяржаўны сектар


Закрытыя больш за паўсотні грамадскіх арганізацыяў, цяпер на чарзе – аб’яднанні.

Менскі гарадскі суд прыняў пазовы аб пазбаўленні рэгістрацыі аб’яднання «Звяно» і фонду «Добра». Агулам у спісе на ліквідацыю не менш за 25 арганізацыяў. Як працягваюць зачышчаць трэці сектар, названы Лукашэнкам «шкодным для дзяржавы», і ці здолеюць НДА працягваць працу ў шэрай зоне?

Андрэю (імя змененае) пагражае дэпартацыя з Беларусі ў краіну ягонага грамадзянства. Праблемы распачаліся летась пад час восеньскіх пратэстаў. Маладзёна затрымалі на прыпынку, дзе чакаў грамадскага транспарту…

«На мяне ціснуць такім чынам, каб я выехаў сам, злавіўшы нейкую фрустрацыю і адчуўшы ўсю сілу гэтага ціску. Што збяру рэчы і добраахвотна пакіну Рэспубліку Беларусь. Але ёсць прававыя спосабы заставацца як мага даўжэй», – распавядае Андрэй.

Рэпрэсіі палітычнага рэжыму адчулі дзясяткі тысяч беларусаў. Профільным арганізацыям не хапала часу на дапамогу кожнаму. У новай сітуацыі замежнікаў, як Андрэй, у юрыдычных пытаннях кансультавала праваабарончая арганізацыя «Human Constanta».

«У нас у сямʼі ідэалагічны раскол. Маці не прыняла сітуацыю абсалютна. Бацька падтрымаў. І такое ўражанне, што вось тое, чым павінная была займацца мама, заняліся ў гэтай арганізацыі», – кажа Андрэй.

Дапамога праваабаронцаў прынамсі падоўжыла Андрэю побыт у Беларусі. Зʼявіўся, аднак, непакой, што «Human Constanta» не зможа працягваць працу з людзьмі. Дзяржава пазбавіла яе рэгістрацыі ў ліку 56-ці грамадскіх арганізацыяў і абʼяднанняў, за якія ўзялася. Для арганізацыі гэта не моцны ўдар, – ацаніла яе сузаснавальніца Наста Лойка:

«Папросту таму, што ў нас і без таго лічы няма ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі. Зразумела, што ніякае пытанне фінансавання нават і блізка не стаіць і мы з гэтым даўно змірыліся. Тое, што нас выводзяць у шэрую зону, стварае хіба патрэбу большых намаганняў з нашага боку, але мы збіраемся працягваць сваю працу і кансультаваць людзей у розных пытаннях і займацца асветніцкімі праектамі».

Не ўсе ліквідаваныя выканкамамі арганізацыі і заяўленыя на ліквідацыю праз суд абʼяднанні могуць працягваць працу, як дагэтуль.

Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «ТаймАкт» у афіцыйным статусе пратрымалася тры з паловаю гады. У апошні год дапамагала вязням перадусім у атрыманні медычнай дапамогі ў зняволенні. Яе заснавальнік і выканаўчы дырэктар Васіль Завадскі, распавёў:

«Недахопу інфармацыі не было пра тое, што адбываецца ў месцах пазбаўлення волі. Нашая ўстанова дзейнічала афіцыйна, таму маглі рабіць і рабілі запыты, шырока карысталіся інфармацыяй Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства аховы здароўя, Пракуратуры і гэтак далей».

Арганізацыя намагалася дапамагаць вязням, не выходзячы за межы дазволенага. Калі давялося займацца здароўем вязняў палітычных – распачаўся пераслед у тым ліку сябраў «ТаймАкту». Васіль Завадскі ў лютым выехаў з Беларусі ў Літву.

«Мы стварылі ўжо ўстанову і ў хуткім часе пачнем дзеяць, зарэгістраваўшыся ў Літве. Будзем выконваць тую ж ці падобную працу ўжо адсюль, з Літвы», – падзяліўся спадар Васіль.

Пацярпяць праз гэткую зачыстку перадусім грамадзяне Беларусі, да справаў якіх у дзяржавы не даходзілі і не мусілі даходзіць рукі. У спісе ліквідаваных – аналітычныя цэнтры, гуманітарныя арганізацыі, культурніцкія і асветніцкія праекты, гендарныя арганізацыі.

«Мы атрымалі пад дзве тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Азірнуліся… Ба!!! Гэта ж шкода для дзяржавы», – казаў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка.

Праваабаронца Наста Лойка сярод асобаў, якія лічаць гэтую зачыстку помстаю за санкцыі для беларускай дзяржавы і нагадвае пра небяспеку:

«Зараз ёсць адміністратыўная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. За гэта можна атрымаць дастаткова вялікі штраф. Некалькі гадоў таму за гэта прадугледжвалася крымінальная адказнасць да 2 гадоў пазбаўлення волі».

За дзейнасць, якая не парушае Канстытуцыі і іншых законаў, і якая пакідае ў сэрцах людзей глыбокі след, як у замежніка Андрэя, які пацвердзіў: «Гэта нешта, што застаецца з табою на ўсе жыццё. Дзякуй вялікі».

Юлія Цяльпук, «Белсат»