У Беларусі святкуецца Дзень моладзі і студэнцтва, але нагодаў для свята няшмат


Каля Палаца Спорту ў Менску 26 чэрвеня вялікае шоў з удзелам зорак беларускай і расейскай эстрады. І пакуль адныя весяляцца, за кратамі застаюцца шэраг несправядліва асуджаных маладых беларусаў, сярод іх – 11 чалавек па так званай «Справе студэнтаў».

Сталічная моладзь на Алімпійскім стадыёне «Дынама» праводзіць «Народную руханку». Гэта – адзін з пунктаў праграмы цэлага тыдня святкаванняў, арганізаваных БРСМ і прымеркаваных да афіцыйнага Дня моладзі і студэнцтва.

«Я ведаю, што моладзь Беларусі – найлепшая на зямлі. Разумныя і таленавітыя, поўныя яркіх ідэяў і грандыёзных планаў, вы ў самым пачатку вялікага жыццёвага шляху. У гэты святочны дзень жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, яркіх перамог і высокіх дасягненняў», – павіншаваў палітычна правільную моладзь Аляксандр Лукашэнка.

І ні слова пра два гады рэпрэсіяў студэнцкай супольнасці, вербавання спецслужбамі, арыштаў і адлічэнняў з універсітэтаў моладзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. А што вы скажаце, Аляксандр Рыгоравіч, Касі Будзько, Ксеніі Сырамалот, Глебу Фіцнеру і яшчэ дзевяці маладым беларусам, якія ўжо амаль два гады застаюцца за кратамі ў «справе студэнтаў», і тым, хто быў вымушаны бегчы са сваёй краіны, бо выступіў супраць фальсіфікацыі выбараў?

«Лукашэнку ўжо нічога не застаецца. Ён з аднаго боку павінен выступаць як аўтарытарны аратар, які хоча накіроўваць моладзь, каб яна патрымлівала яго і далей. Таму, канешне, ён будзе звяртацца да моладзі і выкарыстоўваць такія рытарычныя фігуры. А з іншага боку ёсць рэальнасць шматлікіх маладых людзей, якія павінны былі пакінуць краіну, каб уратаваць свае жыццё», – мяркуе прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі Таццяна Шчытцова.

Паводле падлікаў Задзіночання беларускіх студэнтаў, з 20-га года да сёлетняга студзеня адбылося мінімум 492 выпадкі затрымання студэнтаў паводле адміністратыўных артыкулаў, 52 чалавекі сталі фігурантамі крымінальных справаў, больш за дзвесце шэсцьдзесят чалавек былі адлічаныя з ВНУ з палітычных матываў. Сярод адлічаных – Антон Туркоў, якога затрымалі падчас акцыяў пратэстаў у Магілёве.

«Мяне затрымалі напрыканцы кастрычніку, таму што я працаваў на мітынгах. Мне было ўсяго толькі 19 гадоў. І нас было трое журналістаў, якія працавалі на мітынгах. Гэта Анжаліка Васілеўская з TUT.BY, журналісты з Белсату і мы – vmogileve.by. Я не думаў, што гэта штосьці такое, за што трэба затрымліваць», – распавядае студэнт ЕГУ Антон Туркоў.

Цяпер Антон – студэнт трэцяга курсу факультэту медыяў і камунікацыі ЕГУ, куды маладзён перавёўся з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Кулешова. Пасля некалькіх выклікаў у Следчы камітэт Антон вырашыў з’ехаць з краіны, нягледзячы на тое, што да заканчэння ўніверсітэту заставалася менш за паўгода.

«Я зразумеў, што альбо я зараз зʼязджаю і далей займаюся любімай справай, спрабую падымаць культуру Беларусі, фатаграфую, камунікую з новымі людзьмі, альбо проста трапляю за краты і не магу рабіць нічога», – кажа Антон.

Уладкавацца ў замежжы рэпрэсаванай моладзі дапамагае шэраг арганізацыяў. Сярод іх – ініцыятыва «Чэсны ўніверсітэт», Моладзевая рада, офіс Святланы Ціханоўскай, а таксама прадстаўнікі Згуртавання беларускіх студэнтаў.

«Гэта дапамога ў далейшай адукацыі ва ўніверсітэтах. Таксама тыя студэнты, якія зараз знаходзяцца ў турмах, мы спрабуем дапамагаць ім матэрыяльна», – распавядае прадстаўніцы ЗБС Ліза Даўгулевіч.

Сапраўднае стаўленне беларускага рэжыму да моладзі яскрава паказала сітуацыя, калі экс-кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын стрэліў у падлетка, бо той не захацеў сыходзіць з двара сілавіка. Па выніку супраць 16-гадовага хлопца завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Хуліганства». На думку нашага эксперта, сёння беларуская моладзь застаецца ў небяспечных умовах для развіцця і жыцця.

«Гаворка ідзе аб тым, ці змогуць яны рэалізаваць сябе як свабодныя людзі. Ці змогуць яны абʼядноўвацца ў нейкія крэатыўныя супольныя праекты. То бок, пад рызыкай знаходзіцца рэалізацыя самой свабоды гэтых людзей», – лічыць Таццяна Шчытцова.

Тое, што Лукашэнка спрабуе выгадаваць новую ўласную армію «ідэалагічна правільных» грамадзянаў, відавочна. А вось які шлях, свабоды ці прыгнёту, абярэ беларуская моладзь у гэтых умовах – выбар кожнага.

Наста Печанькова, Белсат