Кіеў зазнаў магутны ракетны ўдар, калі жыхары спалі ў сваіх кватэрах


Раніцай нядзелі 26 чэрвеня Кіеў зазнаў магутны ракетны ўдар з боку расейскі войскаў. У адным з дамоў бацька накрыў целам сямігадовую дачку. Мужчына загінуў, дзяўчынку прааперавалі і выратавалі. З-пад завалаў дасталі таксама маці.

Знішчаныя кватэры, выбітыя шыбы. Украінскія ваенныя сцвярджаюць, што расейцы ўдарылі высокадакладнымі ракетамі з акваторыі Каспійскага мора. Атака супала з пачаткам саміту «Вялікай сямёркі». Гэты сігнал Захад прачытаў дакладна.

Ірына не хавае слёз: расейская ракета раніцай пацэліла ў будынак у Кіеве, дзе яна жыла апошнім часам. Пад абстрэл жанчына трапляе не ўпершыню. З Севераданецку, які абстрэльвалі расейскія войскі, Ірына ратавалася разам з гадаванцамі – сабакам і трыма коткамі. Але вайна дагнала яе.

Раніцай жыхары некалькіх гарадоў заўважылі ракеты, што ляцелі ў бок Кіева. Неўзабаве ва ўкраінскай сталіцы прагрымелі выбухі. Відавочцы кажуць, што іх было не меней за чатыры. Гарадскія ўлады паведамілі: ракета пацэліла ў дзевяціпавярховік у адным з цэнтральных раёнаў Кіева – Шаўчэнкаўскім. Пад заваламі апынуліся людзі. Прычым за час вайны ракета ў гэты дом прыляцела ўжо другі раз.

З-пад абломкаў дасталі сямігадовую дзяўчынку. Выратавалі і ейную маці, якую прыціснула бетоннаю плітою. Жанчына аказалася грамадзянкай Расеі. Муж, імаверна, загінуў. Агулам пакуль вядома пра пяцярых пацярпелых. Паводле «Бі-Бі-Сі» падчас абстрэлу былі пашкоджаныя сама меней тры-чатыры будынкі. Адзін з выбухаў здарыўся на тэрыторыі дзіцячага садка. Там знайшлі аскепкі ракеты.

Паводле вайсковага ведамства, удары па ўкраінскай сталіцы нанеслі з акваторыі Каспійскага мора. Аднак атакаваны быў не толькі Кіеў, але і іншыя паселішчы. Абстрэльваць маглі і з тэрыторыі Беларусі – кажа Алег Жданаў.

«Запуск ракет маглі ажыццявіць з двух кірункаў: з паветранай прасторы Беларусі і з паветранай прасторы над Каспійскім морам. З Беларусі – самалётамі Ту-22М3 з ракетамі Х-22, а над акваторыяй Каспійскага мора – з самалётаў ТУ-95 ракетамі Х-101«, – мяркуе ўкраінскі ваенны эксперт.

Апошні раз такую інтэнсіўную ракетную атаку Кіеў зазнаў тры тыдні таму. Сённяшні магутны ўдар, на думку экспертаў, нанесены з тактычнымі мэтамі.

«Сённяшні ўдар па Кіеве – усё гэта элементы таго, каб мы былі вымушаныя трымаць досыць вялікія кантынгенты – у першую чаргу, на мяжы з Беларуссю – і не адпраўляць іх на ўсход, у Данецкую і Луганскую вобласць, і на поўдзень Украіны», – так пракаментаваў сённяшнія абстрэлы Вадзім Дэнысэнка, дарадца кіраўніка МУС Украіны.

Ранішні ўдар па ўкраінскай сталіцы – гэта недвухсэнсоўны сігнал ад Расеі Захаду. Так мяркуе шэраг еўрапейскіх палітыкаў. Сярод іх – былы прэм’ер-міністр Швецыі Карл Більт.

«Сённяшнюю ракетную атаку на жылыя кварталы Кіева цяжка расцэньваць інакш, як наўмысную эскалацыю і сігнал для сённяшняй сустрэчы «Вялікай сямёркі» у Эльмаў», – напісаў Карл Більт у сваім Twitter.

Адрэагавалі на ракетны ўдар па Кіеве і сусветныя лідары. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў падзею яшчэ адной праявай варварства расейцаў. Абстрэл высокадакладнымі ракетамі жылых кварталаў, як мяркуе экспертная супольнасць, прадыктаваны жаданнем помсты. Бо Крэмль раздражнёны замежнапалітычнымі ды ваеннымі поспехамі Украіны.

«І ў сувязі з наданнем нам статусу кандыдата ў Еўразвяз, і пасяджэнне «Вялікай сямёркі», якое рыхтуецца, і поспехі на фронце ў плане аперацыі на выспе Змяінай. Няўдачы Расейскай Федэрацыі і ўдачы Украіны выклікалі такую рэакцыю з боку Крамля«, – такую здагадку выказвае Алег Жданаў.

Пры гэтым у Расеі, на яго думку, ужо не дастаткова сілаў для сур’ёзнай эскалацыі на фронце. Таму яна наносіць удары па цывільных абʼектах – каб такім чынам змусіць Украіну сесці за стол перамоваў. Афіцыйны ж Кіеў кажа пра немагчымасць тэрытарыяльных саступак агрэсару. Вядома таксама, што на саміце NATO, які пачнецца паслязаўтра ў Іспаніі, плануецца ўзгадніць поўны пакет вайсковай дапамогі Украіне.

Валянцін Васіленка, «Белсат»