Калі сілавікоў пакараюць за катаванні?


Сёння Арганізацыя Аб’яднаных нацыяў адзначае дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў. У Беларусі гэтая тэма асабліва актуальная – за мінулыя дзесяць месяц праз катаванні прайшлі тысячы, калі не дзясяткі тысячаў грамадзянаў. Злачынствы не спыняюцца і дагэтуль.

«Сталінізм» – слова, якое ўсё часцей выкарыстоўваюць на Захадзе для апісання падзеяў у нашай краіне.

«Цяжка пераацаніць усю нашую ступень падзення ў прорву, ігнаравання правоў і свабодаў, у тым ліку права не падвяргацца жорсткаму абыходжанню і іншым забароненым відам абыходжання і катаванняў», – кажа Павел Сапелка з Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Сёння праваабаронцы прызналі 515 вязняў палітычнымі. Насамрэч справаў з палітычнай матывацыяй яшчэ больш – у спіс не заўсёды трапляюць тыя, хто не абараняўся ад міліцэйскага гвалту.

Шмат каго з палітвязняў арыштавалі яшчэ да жніўня, як, да прыкладу, кансультанту радыё «Свабода» і стваральніка тэлеграм-каналу «Беларусь галоўнага мозгу» Ігара Лосіка. У жодзінскім ізалятары яго размясцілі ў камеры карцарнага тыпу ў падвале.

«Да яго ў камеру падсадзілі сукамерніка, які 6 разоў быў пад судом, з педыкулёзам, таксама на спатканні мой муж сказаў, што неаднаразова ён сядзеў з людзьмі з псіхічнымі разладамі. Быў чалавек, які крычаў па начах. Вось такія метады псіхалагічнага ціску на яго выкарыстоўвалі», – распавяла жонка палітвязня Дар’я Лосік.

Цягам зняволення Ігар Лосік прынамсі двойчы быў на мяжы жыцця і смерці, трымаючы галадаванне пратэсту супраць абсурдных абвінавачванняў. Калі палітвязень у другі раз абвесціў галадоўку, ён спрабаваў парэзаць сабе руку, і за гэта яго ўкінулі ў карцар. Вось як Ігар тлумачыў гэта жонцы:

«Я за 40 дзён прывык не звяртаць увагі на гэтыя жахлівыя ўмовы ўтрымання. Але, калі мне выставілі два асабліва цяжкія артыкулы, я проста, напэўна, згубіў галаву, не знайшоў іншага выйсця, як парэзаць сабе вены, таму што мы ўсе разумеем, якія тэрміны свецяць паводле гэтых артыкулаў. Я столькі сядзець не змагу».

Агулам са жніўня праваабаронцы і незалежныя назіральнікі зафіксавалі каля 35 тысяч незаконных затрыманняў. Яны звяртаюць увагу, што толькі ў перыяд да лютага Следчы камітэт атрымаў больш за 4600 заяваў ад беларусаў пра катаванні з боку сілавікоў. Дагэтуль не распачалі ніводнай крымінальнай справы.

Вытрымка другога артыкулу Канвенцыі супраць катаванняў кажуць:

«Ніякія выключныя абставіны, якімі б яны не былі, стан вайны ці пагроза вайны, унутраная палітычная нестабільнасць ці любое іншае надзвычайнае становішча, не могуць служыць апраўданнем катаванняў. Загад вышэйшага начальніка ці дзяржаўных уладаў не можа служыць апраўданнем катаванняў».

Гэтыя палажэнні Арганізацыі абʼяднаных нацыяў афіцыйна ратыфікавала Беларусь. Максімальнае пакаранне за катаванні, якое прадугледжвае 128-ы артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі, – гэта расстрэл.

«Гэтае бяздзеянне, якое дэманструе СК і пракуратура, а гэтае бяздзеянне дэманстратыўнае. Зыходзячы з таго, што тая пастанова аб адмове, якую атрымоўваюць ахвяры катаванняў, напісаная часам як пад капірку, прычым мы іх такія атрымоўваем у розных канцах краіны, у розных абласцях, у розных гарадах», – звяртае ўвагу на сістэматычнасць у ігнараванні фактаў катаванняў праваабаронца Павел Сапелка.

Праваабаронцы працягваюць збіраць звесткі пра катаванні. У перыядзе са жніўня месяца праваабарончыя арганізацыі фіксавалі і забойствы, і асабліва жорсткае збіццё за беларускую мову, і сексуальны гвалт. Павел Сапелка падкрэслівае – грамадству трэба як мага хутчэй скончыць з сітуацыяй, калі катаванні – будзённасць жыцця ў Беларусі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»