«Што ў Лукашэнкі ў галаве ведае толькі адзін Лукашэнка». Украіна ўмацоўвае мяжу з Беларуссю


Прааналізаваць выклікі, выпрацаваць захады супрацьдзеяння і зрабіць стаўку на развіццё сілаў спецаперацыяў. Аляксандр Лукашэнка наведаў Міністэрства абароны, дзе некалькі гадзінаў разважаў пра задачы для айчыннага ведамства і ролю Беларусі ў ваенным канфлікце Расеі і Украіны.

«Па задуме Амерыкі, Еўропа і NATO уступілі ў глабальнае супрацьстаянне з Расеяй. У гэтай барацьбе трэба сутыкнуцца з беспрэцэдэнтным эканамічным і нават ваенным ціскам. Наша бяда ў тым, што Бог нас размясціў фактычна ў цэнтры Еўразіі. І каб тут не адбывалася, тут сутыкаюцца інтарэсы буйных гульцоў», – заявіў Лукашэнка.

Тым часам ва Украіне, якая ад першага дня вайны зазнала нападзенне расейскіх войскаў і з тэрыторыі нашае краіны, у выключна рыхтаванне Беларусі да магчымых пагрозаў не вераць. Гэтак, у Жытомірскай вобласці будуюць некалькі лініяў абароны і ўмацоўваюць мяжу з Беларуссю.

«Што ў Лукашэнкі ў галаве ведае толькі адзін Лукашэнка. І тое ён мяняе свой пункт гледжання кожны тыдзень. Таму разлічваць на яго разважлівасць дакладна не даводзіцца. Межы з Беларуссю ўмацавана войскамі Украіны», – кажа мэр Жытоміру Сухамлін.

Вучэнні для фарсіравання ракі Мухавец на Берасцейшчыне адбыліся сёння за 60 км ад украінскае мяжы.

Паводле «BrestCITY», тактычныя заняткі прайшлі, цытата, «ціха і хутка» і нават без абяцанай авіяцыі. Па заканчэнні вучэнняў іх удзельнікі адправіліся на Берасцейскі палігон.

Вайсковыя вучэнні будуць праходзіць ува ўсіх вобласцях Беларусі, апроч Гомельскай, да канца траўня. У рамках вучэнняў прадугледжаная раскансервацыя ўзбраення і тэхнікі.

«Цяпер крытычны момант. Калі Расеі атрымаецца праламаць украінскую абарону на Данбасе, то тады верагоднасць таго, што беларускія войскі пачнуць аперацыю на Валыні, на Заходняй Украіне вельмі высокая. Зараз жа адбываецца падрыхтоўка да гэтай аперацыі», – лічыць украінскі ваенны эксперт Міхась Самусь.

Правядзенне новых вайсковых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі – дадатковы фактар пагрозы, адзначыла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр. Чыноўніца разам з намеснікам Генштабу Збройных сілаў Украіны Аляксеем Громавым дала брыфінг у Кіеве.

«Што да вучэнняў. Мы з Вамі бачылі, як Расея выкарыстоўвае нагоду вучэнняў, каб здзяйсняць эскалацыю і ўварванне на тэрыторыю іншай дзяржавы. Безумоўна, вучэнне – гэта адзін са спосабаў боегатоўнасці войскаў, але пагроза выкарыстання тэрыторыі Беларусі і магчымасць удараў з гэтай тэрыторыі застаецца».

Гэтак, пускавыя сістэмы крылатых ракетаў «Іскандэр» перамясцілі ў ваколіцы Лунінцу, цвердзяць ва ўкраінскіх вайсковых ведамствах. Раней Лукашэнка распавядаў пра пакупку дастатковай для Беларусі колькасці «Іскандэраў» і С-400 у Расеі ды планы наладзіць да канца года ўласную вытворчасць ракетнай зброі.

«Іскандэр – гэта выключна наступальнае ўзбраенне. Яно прызначана для нанясення высокадакладных удараў на далёкасці да 500 км. Таму Лукашэнка робіць вельмі няправільны крок, калі ён хацеў прадэманстраваць нейкае імкненне да «нейтралітэту», – кажа вайсковы эксперт Міхась Самусь.

Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі працягнуцца да 28 траўня.

Наста Печанькова, «Белсат»