«Рэактар, які ўжо цяпер спрабуе працаваць на першым блоку, – з самых ганебных, кепскіх рэактараў»


Першы энергаблок атамнае электрастанцыі ў Астраўцы летась прастойваў палову часу, аднак, чыноўнікі ў Беларусі занятыя павелічэннем магутнасці на другім энергаблоку і пошукам месца для пабудовы другой АЭС. Літва выявіла чарговую спробу рэжыму Лукашэнкі схаваць няспраўнасці на Астравецкай станцыі. Ці нясе БелАЭС пагрозы і якія?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Па першае, у энергасістэме пабудаваныя электрычныя катлы і нават майнінгавыя фермы – на Берасцейшчыне, ёсць таксама ў Рэспубліцы Беларусь», – куды дзяваць лішкі электраэнергіі, чыноўнікі абмяркоўвалі ў эфіры СТВ. У рэальнасць вяртае справаздача МАГАТЭ, паводле якой летась першы энергаблок БелАЭС выпрацоўваў электраэнергію напаўсілы. І гэта – найгоршы паказнік у свеце.

«Рэактар, які ўжо цяпер спрабуе працаваць на першым блоку, – з самых ганебных, кепскіх рэактараў, што наогул “Росатом”за ўсю сваю гісторыю пабудаваў. Ну, можа быць, за выключэннем чарнобыльскіх блокаў, бо гэта адная і тая ж арганізацыя, што ў Савецкім Саюзе, што ў Расеі, атамныя ведамствы. Шыльдачку яны толькі памянялі», – тлумачыць інжынер-фізік, эксперт праграмы «Бяспека радыеактыўных адкідаў».

У сакавіку літоўская выведка апублікавала інфармацыю пра дэфекты, выяўленыя на БелАЭС:

«У траўні 2022 года сістэмы кіравання першым энергаблокам БелАЭС зафіксавалі расколіны ў зварных швах верхніх шпонак корпусу рэактару… Беларусь і “Росатом” схавалі інфармацыю пра інцыдэнты на БелАЭС, а таксама пра дэфекты, выяўленыя ў сістэмах рэактараў».

Улады не першым разам замоўчваюць праблемы з БелАЭС. Сем гадоў таму корпус рэактару ўпаў з вышыні чатырох метраў. Новую канструкцыю ўдарылі аб чыгуначны слуп, але мяняць ужо не сталі.

«Калі інфармацыя пра інцыдэнты, што адбываюцца на АЭС, замоўчваецца, гэта прыводзіць якраз да таго, што здарылася ў 1986 годзе ў Чарнобылі. І гэта можа прывесці да таго, што пацярпіць вялікая колькасць людзей», – лічыць сябра рады ГА «Экадом» Ірына Сухій.

На думку інжынера-фізіка Андрэя Ажароўскага, БелАЭС нясе тры пагрозы, сярод іх адна – рэальная, яна датычыць выкідаў радыенуклідаў у наваколле. Ёд-131, цэзій-137 і 134, кобальт-60 стронцый-90 – усе сумна вядомыя пасля Чарнобылю радыенукліды пакрысе выходзяць праз коміны на атамнай станцыі. У эфіры СТВ пра небяспеку не паведамілі:

«Там усё добра, і мы гэтаму вельмі радыя, бо вы вымяраем вельмі шмат параметраў, і сумарную альфа-актыўнасць, і бэта-актыўнасць, цэзій, стронцый – у вадзічцы, паветры, глебе», – распавядала прадстаўніца рэспубліканскага цэнтру кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу наваколля Зоя Трафімчык.

Другая праблема, паводле Андрэя Ажароўскага, – патэнцыйная: калі нешта пойдзе не так, то можа здарыцца аварыя. І трэцяя праблема – адтэрмінаваная праблема захоўвання радыеактыўных адкідаў.

«Быў раней прапагандысцкі лозунг, што Расея забярэ адкіды – Расея нічога не забярэ! Гэта забаронена расейскім заканадаўствам. Расея можа ўзяць на перапрацоўванне, то бок для здабывання плутонію, толькі адпрацаванае ядравае паліва Беларускай атамнай станцыі. Але адкіды перапрацоўвання мусяць вярнуцца ў краіну паходжання, то бок у гэтым выпадку – у Беларусь», – кажа інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі.

Паводле эксперта, найлепшае з найгоршых рашэнняў – шукаць пляцоўку для захоўвання адкідаў вакол самой станцыі і думаць, як захаваць бяспеку на доўгатэрміновы перыяд.

«Вельмі шмат нечаканасцяў, што ўсё гэта не прапрацаванае да канца і не прадказальнае да канца, то бок гэта такая міна запаволенага дзеяння, што закладаецца пад будучыню нашай краіны, ну, канешне, і пад будучыню суседзяў, магчыма», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

БелАЭС – расейскі праект, кажа Яўген Красулін, а Лукашэнка пагадзіўся на яго з дзвюма мэтамі: дзеля самасцверджання і шантажу.

«Калі мы прыгадаем гісторыю сейсмічную Беларусі, падаецца, усе ведаюць, адзінае месца, дзе быў землятрус сілаю 7 – гэта там, у гэтым рэгіёне. Логіка выбару менавіта гэтай пляцоўкі можа тлумачыцца толькі: давайце, я падгаджу суседзям», – мяркуе кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Менавіта Літва, ад якой БелАЭС месціцца ўсяго за дваццаць пяць кіламетраў, выказвае найбольшую занепакоенасць. У сакавіку МЗС Літвы запатрабаваў тэрмінова спыніць праект БелАЭС да скасавання ўсіх недапрацовак. Беларускі ж бок нарошчвае магутнасці нягледзячы ні на што: ужо распачалі энергетычны пуск другога энергаблоку, да канца года яго маюць увесці ў прамысловую эксплуатацыю.

Аліна Скрабунова, «Белсат»