Больш за 80% беларусаў не падтрымліваюць ідэі ўводзіць беларускія войскі на тэрыторыю Украіны


Афіцыйны Менск – на баку Расеі, але самыя беларусы ўдзельнічаць у развязанай Крамлём вайне не хочуць. Пацвярджае гэта і найноўшае сацыялагічнае апытанне, праведзенае ў нашай краіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сярэдзіне сакавіка ў Беларусі апыталі тысячу рэспандэнтаў праз тэлефонныя званкі з мэтаю высветліць стаўленне да вайны ва Украіне. Большасць выказалася супраць увядзення войскаў, а дзве траціны – супраць выкарыстання тэрыторыі ды ваеннай інфраструктуры для ваенных дзеянняў. Такія лічбы агучыў прафесар, сацыёлаг Андрэй Вардамацкі:

«Тут дзве наймацнейшыя дыферэнцыйныя прыкметы – гэта адукацыя і нацыянальная ідэнтыфікацыя. Адукацыя проста лінейна ўплывае: чым большы адукацыйны ўзровень, тым менш станоўчых адзнак магчымага ўводу беларускіх войскаў робіцца. І беларусы, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы, у меншай ступені – у два разы – ухваляюць магчымы ўвод беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны для вядзення баявых дзеянняў».

Прэзентацыя прафесара Андрэя Вардамацкага. Польшча, Варшава. 26 красавіка 2022 года

Паводле Андрэя Вардамацкага, аўтара даследавання, гэта той рэдкі выпадак, калі нацыянальны фактар у сацыялагічным даследаванні адыгрывае важную ролю. Здзіўляе сацыёлагаў і факт, што сярод тых, хто ўхваляе ўварванне, – людзі старэйшага веку.

Аднак эксперты ў адзін голас гавораць, што масавая свядомасць функцыянуе не паводле тых законаў, што экспертнае меркаванне. Яна рэагуе на падзеі больш павольна. А значыць, рэакцыя беларусаў яшчэ наперадзе.

«Калі глядзець паводле спецыфікі вобласцяў, то відавочным чынам – я глядзеў звесткі “Chatham House” – зацікаўленасць у інфармацыі або інфармаванасць пра падзеі ва Украіне падае з поўдня на поўнач, бо Берасцейская і Гомельская вобласці значна шчыльней адсочваюць інфармацыйную плынь. Віцебшчына – у найменшай ступені», – тлумачыць старэйшы эксперт Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў.

Прэзентацыя прафесара Андрэя Вардамацкага. Польшча, Варшава. 26 красавіка 2022 года

Эксперты з асцярожнасцю прагназуюць вектары змены грамадскай думкі беларусаў. У сакавіку, паводле апытання, беларусы больш рэагавалі на эканамічныя наступствы вайны, чымся на саму вайну. Але называюць фактары, якія будуць уплываць на яго змену.

«Эканамічныя рэчы, эканамічныя санкцыі, эканамічныя наступствы і хто зойме ў масавай свядомасці месца вінаватага ў гэтым негатыве. Затым, а можа гэта будзе і важней, вынікі ваенных дзеянняў – як, груба кажучы, памыліцца Расея, як глыбока і хутка, ці не вельмі. З іншага боку, наколькі дзейснаю сілай пакажа сябе ЕЗ», – кажа старэйшы эксперт Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў.

Прэзентацыя прафесара Андрэя Вардамацкага. Польшча, Варшава. 26 красавіка 2022 года

Андрэй Вардамацкі падкрэслівае, што апытанне зробленае да таго, як стала вядома пра зверствы расейскіх акупантаў у Бучы. І калі да абнародавання ваенных злачынстваў для беларусаў падзеі ва Украіне былі абстрактнай спецаперацыяй, то пасля сталіся канкрэтнай вайною.

Ніка Несцярэнка, «Белсат»